Вы тут

«У аўтакрамы адключыўся сігнал...»


З вёскі Долкінды Нясвіжскага раёна на «гарачую лінію» нашай газеты патэлефанаваў чытач Аляксандр Кандратавіч Гуліцкі. Паскардзіўся на тое, што ўжо двойчы за апошні час да яго не даехала аўтакрама. «Не зайшла на другую лінію», — распавёў заяўнік. Вынік — пажылы чалавек застаўся без хлеба. Па яго словах, дагэтуль ніякіх праблем не было, а цяпер быццам змяніўся работнік, які абслугоўвае аўтакраму...

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звязаліся са спецыялістамі Нясвіжскага раённага спажывецкага таварыства. Гандлёвы інспектар Аляксей Мартысюк па нашай просьбе вельмі аператыўна разабраўся ў абставінах здарэння, перагаварыўшы і з Аляксандрам Кандратавічам, і з работнікам аўтакрамы, і запэўніў, што ўсё вырашана.

Што ж здарылася? Калі гаварыць увогуле, праблема была ў так званым чалавечым фактары. Прадавец аўтакрамы пайшла ў водпуск, на яе месцы часова працуе іншы чалавек.

— У вёсцы толькі дзве вуліцы. Усе жыхары населенага пункта жывуць на адной, і толькі 78-гадовы Аляксандр Кандратавіч — на другой, прычым на самай яе ўскраіне. Па вуснай дамоўленасці, улічваючы ўзрост вашага заяўніка, аўтакрама пад'язджае да яго дома асобна. Мужчына сам папрасіў, каб гэта адбывалася не тры разы на тыдзень, а толькі два — у сераду і пятніцу. Сказаў, што ў панядзелак не трэба пад'язджаць, — паведаміў рэдакцыі Аляксей Яўгенавіч. — Па словах кіроўцы аўтакрамы, у мінулую сераду ў машыне не працаваў сігнал, і Аляксандр Кандратавіч не змог даведацца, што яна была ў вёсцы. Я пагаварыў і з ім, і з кіроўцам — больш такіх праблем не будзе. Да таго ж на наступным тыдні выходзіць з водпуску пастаянны прадавец аўтакрамы.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.