Чароўная костачка


Мая будучая жонка ў школу хадзіла пешшу за пяць кіламетраў. Даўгаватая дарога: аб чым толькі ні падумаеш, пра што ні памарыш...

Чаго-чаго, а мар ды розных летуценняў у гэтай дзяўчынкі было з галавою.

І ўсе яны, што вельмі важна, маглі спраўдзіцца, прычым лёгка і хутка! Для гэтага (як бабка Хадора сказала) трэба зусім мала: дачакацца, калі бацькі будуць забіваць ды смаліць парсюка, неўпрыкмет падабраць яго маленькі капыток і пакласці бліжэй да сэрца.

Рая з нецярпеннем стала чакаць «забойства» і напярэдадні яго ўрокаў ужо не вучыла. Навошта, думала, калі ў станічку (пад сэрцам, можна сказаць!) будзе ляжаць чароўная костачка? Яна ж дапаможа! Апроч іншага — атрымаць выдатныя адзнакі.

Як на крылах дзяўчынка ляцела ў школу.

Аднак там пачалося нешта незразумелае, нечаканае. Быццам нехта данёс настаўнікам, што яна не падрыхтавалася: на кожным уроку дзяўчынку сталі выклікаць да дошкі. І замест спадзяваных «пяцёрак» ставіць «двойкі». Пяць штук за дзень!

...А таму па дарозе дадому ў неспадзяванай двоечніцы быў час і для таго, каб наплакацца, і для таго, каб усё абдумаць, а галоўнае — своечасова зразумець, што не ва ўсе бабуліны казкі варта верыць.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ

г. Мінск

Не заўсягды як на Дзяды

...Ці гэта час такі настаў, ці людзі змяніліся. Але раней, калі я працавала паштальёнкай, усе лаўкі ў вёсцы былі занятыя. Здаецца, і працы меней не было, але ж неяк жанкі ўпраўляліся — і парабіць, і адпачыць. Цяпер жа — усю вёску прайдзі — нікога не ўбачыш, хіба сабаку, ды і той не забрэша.

Дык вось. У тыя ўжо далёкія часы, калі жанкі сядзелі на лаўках, адна і расказала, як прыкупіла слоік самагонкі (каб была на ўсякі выпадак), як пад фартухом насіла яго па сялібе, маракуючы, куды ж бы гэта схаваць, каб муж не знайшоў?!

Думала яна, думала — і такі ж прыдумала. У варыўні вялікі цэбар стаяў — з буракамі. Яна яго спаражніла, на дно акуратна паставіла запаветны трохлітровік, а зверху — камар носа не падточыць — насыпала буракоў. Палюбавалася яшчэ, сама сябе пахваліла і са спакойнай душой занялася іншымі справамі.

Што цікава, у гаспадыні іх, як заўжды, гіблота была, — муж не памагаў. А тут ледзь не назаўтра кажа:

— Парасачка, ты ж цэлы дзень не прысела. Давай я хоць бульбы свінням прынясу.

Рада жонка — шкадуе, значыць, яе гаспадар! Можа, нават любіць?

Ад гэткага адкрыцця аж на душы пацяплела: як-ніяк жыццё з чалавекам пражытае — калі горш, калі трохі лепш...

Апошнія тыдні са тры дык і наогул — людзям на зайздрасць, бо муж як шаўковы быў — хоць ты да раны яго прыкладзі! Ва ўсім дапамагаў ёй, а найбольш — у цяжкой рабоце: штодня ў варыўню па бульбу хадзіў.

Ёй бы насцярожыцца, але ж не...

Аднойчы, праўда, пайшла сама, кашалі панасыпала. Дай, думае, і схованку заадно праверу. Адабрала, адгрэбла буракі, пацікавала. Усё ў парадку, бачыць: пасудзіна стаіць. «Гэта я добра прыдумала», — сама сябе пахваліла кабета, але ж зняла з трохлітровіка накрыўку, зазірнула ўнутр і... рукі апусціліся! Толькі донца ў слоіку блішчыць, а на ім — хоць бы кропелька!

Параска з варыўні — куляй. Крычыць гаспадару:

— Пута! Каб з цябе вантробы!.. Каб цябе віхор панёс!.. Праўду людзі кажуць: ад свайго злодзея нічога не схаваеш!

— Чаму гэта нічога? — абураецца муж. — Ты ўсё хавай... Апроч гарэлкі. Бо гэты прадукт я ўсюды знайду: нос такі — за вярсту пачуе, хоць пад буракамі, хоць нават пад зямлёй.

І смяецца, гад... А Парасцы ж не смеху было. Прынамсі, тады.

Але ж неяк яны, што называецца, ролямі памяняліся. Муж пасля моцнай п'янкі ў кухонную шафку палез, хацеў душу пасаладзіць — нейкага варэння знайсці, каб вады напіцца. Аж бачыць — на ніжняй паліцы слоічак мёду стаіць. Ён лыжку чарпануў і давай запіваць. А з рота... бурбалкі са слоік памерам.

Піток спалохаўся (думаў, гэта ўчарашняя бражка бушуе), вочы вылупіў, рот рукою закрыў — яшчэ горай стала... Ён тады да Параскі. Паказвае, бедны, на лыжку, на слоік, моліць: «Ратуй...». А ў паветры замест слоў — бурбалкі.

Толькі тут гаспадыня скеміла, што муж замест мёду мыйнай пасты глынуў: з Мінска сястра перадала.

Як высветлілася, нядрэнны быў сродак: страўнік чалавеку грунтоўна прамыў. А каб яшчэ і мазгі...

Аднак такога сродку тады не было. Ды і цяпер, на жаль, няма...

Галіна Нічыпаровіч,

в. Магільна,

Уздзенскі раён

Рэвізора мы ведалі

Дзень той быў шэрым — і знізу, і зверху. Зверху — бо хмурна, а знізу — бо там, на аэрадроме, — шэрая ўзлётная паласа, на ёй некалькі самалётаў і цішыня. Каб хоць рух які, каб хоць гук...

Тэлефоны ў дыспетчарскай таксама маўчалі. Дзяжурны ад няма чаго рабіць раз-пораз выходзіў з-за стала, ішоў да дзвярэй, потым назад — сумаваў...

Але ж вось ажыў, зазвінеў адзін з апаратаў: званок быў доўгі, патрабавальны... Так і ёсць — міжгорад, Ленінград.

— Да вас, спецрэйсам, — строга паведамлялі адтуль, — вылятае гінеколаг. Забяспечце пасадку. Забяспечце прыём.

— Ёсць! — кажа сяржант.

Бо яно ж не ўпершыню тут некага прымаць: у час вучэнняў не адзін высокі начальнік прылятаў. І прозвішчы кожнага салдаты (не кажучы пра афіцэраў) на зубочак ведалі. А тут вось нейкае незнаёмае — гінеколаг. Ды яшчэ спецыяльным рэйсам... «Ну напэўна ж, нейкі туз?» — падумаў сяржант.

Іх, такіх вось важных, сустракалі, як правіла, камандзір дывізіі генерал-маёр Ж. (дарэчы, Герой Савецкага Саюза), начальнік штаба палкоўнік Я. (таксама з залатою зоркай на кіцелі), само сабой, начальнік палітаддзела палкоўнік К...

Аднак на гэты раз на аэрадроме ніякага ажыўлення. Не
з'язджаецца чамусь высокае армейскае начальства, прычым ні загадзя, ні тады, калі самалёт ужо прызямліўся, калі па трапе сталі спускацца пасажыры — двое... Адзін, трэба разумець, той Гінеколаг?

— Што за ліха? — занерваваўся сяржант. — Чаму ніхто не ідзе сустракаць, не аддае распараджэнняў?

...Адказ на гэтыя шчырыя пытанні даў дзяжурны афіцэр, які праз паўгадзінкі зайшоў у дыспетчарскую:

— А вы ведаеце, хто такі гінеколаг? — пацікавіўся ён у сяржанта.

— Не, таварыш маёр, — зніякавеў той.

— А вы, радавы Кавальчук?

Я таксама не ведаў.

Маёр усміхнуўся, трошкі памаўчаў і патлумачыў — новым словам папоўніў лексікон. Хоць нам, калі па праўдзе, і няёмка было. Мы хлопцы вясковыя, але ж не хамуты. Я, напрыклад, да арміі тэхнікум скончыў, безліч кніг прачытаў, а такіх простых рэчаў, выходзіць, не ведаў. Значыць, і сапраўды — век жыві, век вучыся.

І яно ж добра, калі зразумееш гэта ў маладым узросце.

Леанід Кавальчук,

г. Жодзіна

Незвычайная сустрэча

Быў надвячорак пятніцы. Дзень — як і працоўны тыдзень — дзякаваць Богу, завяршаўся, рабочыя дружна ішлі па дамах, але ж не ўсе: адзін чалавек на аб'екце заставаўся. Гэта быў муляр, які любую справу прывык даводзіць да канца. Кшталту — калі пачаў узводзіць перагародку, значыць, трэба яе закончыць. Ну сапраўды: не пакідаць жа нейкую крыху на заўтра, а тым больш — на панядзелак.

Майстар стаяў на высокіх рыштаваннях, клаў цагліны ў апошнія рады, пад саменькай столлю, і няспешна думаў, як раптам...

Ён не згледзеў, адкуль (магчыма, са шчыліны ў незапененым акне?) да яго прыляцела невялічкая шэрая птушачка.

Як і належыць госці, яна спачатку пакружыла па пакоі, села, агледзелася. І толькі тады, падобна, зразумела, што апынулася ў пастцы, у турме.

Выйсцем ёй бачылася акно, таму птушка стала біцца ў шыбы.

Муляр адклаў кельму. Са шкадобай, паглядзеў на гаротніцу і сам сабе падумаў: «Дзівачка — не разумееш, што не прабіцца табе праз шкло!.. І шчыліну сваю, мусіць, не знайсці... Выходзіць, застанешся тут на ўсе выхадныя? І прападзеш жа, далібог прападзеш — і сама, і, можа, дзеткі твае...»

Птушачка, нібы пачуўшы гэтыя думкі, прыціхла, яшчэ раз прысела.

А муляр не змаўкаў, ён працягваў свой маналог. Казаў: «Шкада мне цябе. І ведаеш, я магу табе памагчы: злавіць, а потым выпусціць... Калі ты паверыш мне. Але ж, мусіць, не? Напэўна, спужаешся, калі зараз падыду? Напэўна, кінешся ў шыбу і яшчэ, крый Бог, разаб'ешся?.. А калі б паверыла, нічога дрэннага я табе не зрабіў бы: жыла б як жыла, шчабятала б у небе, гадавала б сваіх дзяцей...»

Думаючы так, майстар глядзеў на птушачку. А яна ў гэты час дапытліва ўзіралася ў яго, быццам вырашала: паверыць ягоным думкам ці не?

І раптам...

Майстар апамятацца не паспеў, як госця ўжо сядзела побач — на цагліне. «Ты мне паверыла?! Праўда?» — спытаў ён у птушачкі, і яго рука («Толькі б не перадумала, толькі б не зляцела!») асцярожна пацягнулася да малечы, пальцы мякка, нясмела крануліся пёркаў...

Імгненне, яшчэ адно — і госця ўжо ў руках!

Што здзівіла — яна не дрыжэла, не спрабавала вырвацца... Яна ні разу не піскнула, адзінае — ва ўсе вочкі глядзела...

Муляр, асцярожна несучы яе, злез з рыштаванняў, выйшаў на вуліцу, раскрыў далонь. Яго палонніца, пашчабятаўшы, весела пырхнула ў неба.

...У панядзелак на будоўлі зноў было мнагалюдна, зноў кіпела работа: пераважна — у будынку, а на дварэ, за вокнамі бушавала вясна, звонка заліваліся птушкі. У хоры тым, напэўна, быў знаёмы галасок. Муляр з усіх сіл прыслухоўваўся, хацеў пазнаць яго. Але, на жаль, не мог.

Сяргей Грышчанкоў,

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».