Вы тут

Ёсць куды імкнуцца


Індыя — велізарны рынак і эканамічны гігант — хацела б бачыць хуткае і значнае ўмацаванне сувязяў з нашай краінай.

Беларусь з'яўляецца важным міжнародным партнёрам Індыі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы ў інтэрв'ю БЕЛТА напярэдадні свайго афіцыйнага візіту ў нашу краіну.

Безимени-16

«Індыя была адной з першых краін, якія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны з Беларуссю пасля набыцця ёю незалежнасці ў 1991 годзе. Былы прэм'ер-міністр Індыі Раджыў Гандзі наведаў Мінск у 1985 годзе — гэта было ў ходзе яго візіту ў Савецкі Саюз. Для мяне вялікі гонар быць першым прэзідэнтам Індыі, які наведвае Беларусь. Мой візіт закліканы вывесці адносіны Індыі з Беларуссю на больш высокі ўзровень», — падкрэсліў Пранаб Мукерджы.

Паводле яго слоў, Індыя — велізарны рынак і эканамічны гігант — хацела б бачыць хуткае і значнае ўмацаванне сувязяў з Беларуссю. «Беларусь з'яўляецца цэнтрам Еўразіі, гэта мост паміж Еўропай і Азіяй. І развіццё ўзаемнага супрацоўніцтва, безумоўна, пойдзе на карысць двух нашых народаў. Я спадзяюся, што першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Індыі ў Беларусь актывізуе нашы двухбаковыя адносіны і мы пашырым узаемадзеянне ў многіх галінах», — дадаў Пранаб Мукерджы.

Ён таксама адзначыў, што Індыя зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з Еўразійскім эканамічным саюзам. «Нашы перамовы па ўсёабдымным эканамічным партнёрстве з ЕАЭС ідуць добра. Мы агаварылі сферу кампетэнцыі сумеснай групы, якая падрыхтуе папярэдняе абгрунтаванне мэтазгоднасці ўдзелу ў праекце. Дарэчы, мы паставілі перад сабой амбіцыйныя тэрміны, каб завяршыць увесь працэс», — сказаў Прэзідэнт Індыі.

«Мы прымем дарожную карту па развіцці адносін нашых краін, якая акрэсліць асноўныя напрамкі і далейшыя крокі да дасягнення жаданых вынікаў. У нас ёсць вялікі патэнцыял у такіх сектарах, як традыцыйная і малая энергетыка, новыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі, металургія і горназдабыўная прамысловасць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць. Мы таксама можам пашырыць наша ўзаемадзеянне ў сферы паслуг — гэта ІT, ахова здароўя, фінансы, транспарт і лагістыка», — падкрэсліў Пранаб Мукерджы.

Паводле яго слоў, цяперашні ўзровень узаемнага гандлю паміж дзвюма краінамі, які складае каля $400 млн, значна ніжэйшы за існуючы патэнцыял. «Мы павінны шчыльна заняцца гэтым пытаннем і дамагчыся значна больш высокіх паказчыкаў у гандлі і інвестыцыях. Умацаванне нашых гандлёвых і інвестыцыйных сувязяў будзе адным з галоўных пытанняў парадку дня маючых адбыцца перамоў з Прэзідэнтам Беларусі, — адзначыў Пранаб Мукерджы. — Мы імпартуем значную колькасць калійных угнаенняў з Беларусі, што неабходна для нашай праграмы харчовай бяспекі. Індыйскія кампаніі зацікаўлены ў доўгатэрміновых дамоўленасцях па пастаўках калійных угнаенняў з Беларусі. Такім чынам Беларусь атрымае гарантаваны рынак, а Індыя — надзейнага пастаўшчыка. Нашы кампаніі таксама адкрыты для інвестыцый у беларускія калійныя руднікі, калі прапанаваныя ўмовы акажуцца камерцыйна выгаднымі». «Варта адзначыць, што метады вядзення сельскай гаспадаркі ў Індыі мяняюцца, і нам спатрэбіцца тэхніка, якая вырабляецца беларусамі. Было б добра, калі б беларускія кампаніі стваралі даччыныя або сумесныя прадпрыемствы ў Індыі для задавальнення патрэб вялізнага індыйскага рынку», — лічыць Пранаб Мукерджы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.