Вы тут

Малочныя рэкі цякуць і праз акіян?


Пашыраецца геаграфія экспарту сельгаспрадукцыі.

Сёння стартуе «Белагра-2015». На 25-ю міжнародную спецыялізаваную выставу ў нашу краіну прыедуць прадстаўнікі больш як 500 кампаній з 23 краін. Як відаць, цікавасць да беларускага боку ў сельскагаспадарчай прамысловасці больш чым вялікая. Тым не менш першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч адзначае падзенне экспарту арганізацый Мінсельгасхарча за год на 26,7%.

Канкурэнты дэмпінгуюць

Адной з асноўных прычын падзення экспарту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі сёлета з'яўляецца зніжэнне коштаў.

Па папярэдніх звестках, якія агучыў Леанід Марыніч, экспарт арганізацый Мінсельгасхарча за студзень—май сёлета склаў каля 890 млн долараў, або ўсяго 73,3% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2014 года. Значна асеў асноўны для Беларусі рынак — расійскі. І адной з галоўных прычын першы намеснік міністра назваў зніжэнне экспартных цэн у параўнанні з мінулым годам. Гэта, адзначыў ён, звязана і са зніжэннем пакупніцкай здольнасці суседняй краіны.

«Акрамя таго, нашы канкурэнты пастаўляюць тавар па цэнах, значна ніжэйшых за нашы, і расійскія кампаніі маюць права выбіраць іх. У цэлым на ўсё, што нам давала асноўны прыбытак па выніках экспарту прадукцыі, сёння цэны ўпалі», — канстатаваў Леанід Марыніч.

Назіраецца і скарачэнне аб'ёмаў пастаўкі асобных відаў прадукцыі. Напрыклад, ялавічыны ў студзені—красавіку сёлета экспартавана на 28,6% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, каўбасных вырабаў — на 50,2%, сухога суцэльнага малака — на 12,7%.

З улікам гэтага ўсё больш актуальнай становіцца задача па дыверсіфікацыі экспарту. Так, сёлета ўжо адбыліся візіты прадстаўнікоў Мінсельгасхарча ў Ізраіль, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, ЗША, Шры-Ланку, Алжыр, Германію, Інданезію, Грузію, Кітай, Пакістан. «Мяса-малочная кампанія» прапрацоўвае пытанні пастаўкі прадукцыі ў Бангладэш, Алжыр, Ліван, краіны Персідскага заліва, ЗША.

«У красавіку гэтага года «Мяса-малочная кампанія» паставіла пробную партыю сухога абястлушчанага малака агульным аб'ёмам у 100 т на тэрыторыю Нігерыі. Падпісаны кантракт з найбуйнейшай ізраільскай кампаніяй «Магнезіт Груп» аб пастаўках сухога абястлушчанага малака і іншай малочнай прадукцыі. Яшчэ падпісалі доўгатэрміновы кантракт з турэцкай кампаніяй «Рейпер Груп», згодна з якім запланавана адгрузка 28 т масла і 25 т сухога абястлушчанага малака. Па выніках візіту ў Пакістан маецца рамачны кантракт на пастаўку малочнай прадукцыі на 10 млн долараў. Праца вядзецца і па пытаннях пастаўкі ў Кітай», — расказаў першы намеснік міністра.

Удзельнічаюць нават ЗША і Кітай

«Белагра-2015» будзе праходзіць у сталіцы з 2 па 6 чэрвеня.

«Беларусь прадстаўляюць 386 кампаній, Расію — 26, Германію — 17, Польшчу — 16, Кітай — 14. Акрамя таго, будуць удзельнікі з Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Літвы, Латвіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі», — адзначыў Леанід Марыніч.

Сярод тых, хто першы раз будзе ўдзельнічаць у выставе, — Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Венгрыя, Польшча, Германія. Паводле слоў першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі, нягледзячы на тое, што сёлета арганізатарам прыйшлося адмовіцца ад адной з пляцовак выставы — «Гастэлаўскае», ніякіх абмежаванняў па плошчы ўдзельнікам прад'яўлена не будзе.

У дні «Белагра» пройдуць дзве міжнародныя спецыялізаваныя выставы — «Белферма-2015» і «Белпрадукт-2015». Традыцыйна пройдуць конкурсы «Найлепшая племянная карова малочнай пароды», конкурс аратых, у якім упершыню прыме ўдзел каманда з Расіі, «Чэмпіён смаку», а таксама выстава пародзістай птушкі і іншыя мерапрыемствы.

Экспазіцыі размесцяцца ў Мінску ў Футбольным манежы (пр. Пераможцаў, 20/2). Выстава будзе працаваць з 10.00 да 18.00 за выключэннем апошняга дня, калі яе праца будзе доўжыцца да 14.00.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.