Вы тут

Да пабачэння, школа!


Выпускнікі ў Мінску развіталіся з гімназіяй па-беларуску.

У сталічнай гімназіі №23, навучанне ў якой вядзецца на беларускай мове, да свята апошняга школьнага званка рыхтуюцца, як і ва ўсіх іншых школах. Вачам балюча глядзець на падсвечаную сонцам белізну дзявочых бантоў, усё стракаціць ад каляровых букетаў і паветраных шароў. Гаворацца ўрачыстыя прамовы, уручаюцца граматы і падзячныя лісты, гучаць віншаванні... Асабліва ўрачыста выглядаюць чацвёртакласнікі, у якіх з-пад пінжачкоў і камізэлек школьнай формы выглядваюць вышываныя рукавы ды каўнерыкі. Сучасныя бацькі на адну з самых важных жыццёвых падзей апранулі дзяцей з нацыянальным каларытам — выпускнікоў чацвёртага класа чакае іх першы ў жыцці іспыт для пераходу з малодшай школы ў сярэднюю. Белымі стужкамі з беларускім арнаментам прыцягвалі ўвагу і вучні выпускнога 11 «А», які назаўсёды развітваўся са школьным жыццём.

Безимени-19

Безимени-19

 

Уладзімір і Святлана ДЗЯДОВЫ хвалююцца, як і іх сын, а мо і больш: для Станіслава вось-вось прагучыць апошні школьны званок. Яны, як і іх выпускнік, прыйшлі на лінейку ў вышыванках.

— Сёння свята, наш сын заканчвае школу, у якой меў магчымасць навучацца на беларускай мове, — тлумачыць спадарыня Святлана, — а ідэя апрануцца ў традыцыйны строй прыйшла яму ў галаву яшчэ на пачатку года.

Галоўнае, чаго цяпер жадаюць бацькі Станіславу, — гэта знайсці сваё месца ў жыцці, а ва ўсім астатнім, як і сёння, яны яго падтрымаюць. Зрэшты, малады чалавек ужо вызначыўся са сваёй будучыняй: збіраецца паступаць на механіка-матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Выбраная спецыяльнасць — тэхнічная — механік-канструктар, але Стась не сумняваецца: любоў да роднай мовы з ім застанецца і надалей, як і любоў да Радзімы.

— Я вельмі ўдзячна гімназіі за тое, што яна стала для мяне маленькім востравам чагосьці роднага, беларускага, удзячна настаўнікам. Школа сапраўды стала для мяне другім домам. Таму і пачуцці цяпер трохі змяшаныя — і добра, і крыху сумна, — прызнаецца другая выпускніца, Карына Дрозд, якая збіраецца вучыцца на архітэктара ў БНТУ.

Для класнай кіраўніцы 11 «А» Алены Міхайлаўны ПІСАРЧЫК гэта першы выпуск, і яна кажа, што вельмі шкада адпускаць вучняў.

— Але ім трэба ісці далей, дасягаць новых поспехаў, не спыняцца. Бо пакуль што была толькі падрыхтоўка, а самае галоўнае — наперадзе. Бывалі ўсялякія сітуацыі, у тым ліку і складаныя, але вельмі часта дзеці самі мяне падтрымлівалі, і мы разумелі адно аднаго. Усе яны розныя, з рознымі характарамі і мэтамі, але мы ўсе — адзін клас.

Сучасныя выпускнікі, па словах настаўніцы, вельмі самастойныя і мэтанакіраваныя, але — ціхія і недаверлівыя: не скажуць, чаго яны хочуць, іх трэба вывучаць.

— Самае галоўнае, чаго б хацелася пажадаць выпускнікам, — гэта чалавечага шчасця і здароўя. Ну і каб яны нас не падвялі: мы чакаем, што яны дакажуць — у гімназіі даюць добрыя і якасныя веды. Але тут, я думаю, нам сорамна не будзе. А яшчэ нашы дзеці — сапраўдныя патрыёты, якія будуць жыць і працаваць дзеля росквіту роднай краіны.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

 Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.