Вы тут

Зброя ратуе ад бяспамяцтва


Пра вайну — без шаблонаў і стэрэатыпаў.

Сёння ўсе пішуць пра вайну. Сапраўды, нагода ёсць — 70 гадоў, як яна скончылася. Быццам, ва ўсіх быў час, каб раскласці ўсё па палічках, прааналізаваць, занатаваць успаміны ветэранаў... Але ж, калі бачыш, як носьбіты каштоўнай інфармацыі імкліва адыходзяць у вечнасць, здаецца, што не ўсё мы, у прыватнасці журналісты, зрабілі. Не ўсё занатавалі, магчыма, не так запісалі...

[caption id="attachment_85879" align="alignnone" width="600"]Вар­ва­ра Фі­лі­мо­наў­на Ця­луш­кі­на ў якас­ці кі­роў­цы на «ЗІ­Се»  пе­ра­во­зі­ла ме­ды­ка­мен­ты і ра­не­ных. Вар­ва­ра Фі­лі­мо­наў­на Ця­луш­кі­на ў якас­ці кі­роў­цы на «ЗІ­Се»
пе­ра­во­зі­ла ме­ды­ка­мен­ты і ра­не­ных.[/caption]

Кожнае пасляваеннае дзесяцігоддзе гісторыя Вялікай Айчыннай пераасэнсоўвалася — у залежнасці ад установак «зверху» і існуючых стэрэатыпаў, як трэба расказваць пра вайну, а як — нельга. Ветэраны, якія выступалі ў калектывах, добра ведалі, пра што ім лепш прамаўчаць. Можа, таму ў мяне і многіх школьнікаў у 70-80 гады мінулага стагоддзя заставалася адчуванне недагаворанасці, няшчырасці ў дачыненні да балючай тэмы, якая закранула лёс кожнай савецкай сям'і.

Святкавалі Вялікую Перамогу традыцыйна. Мітынг, кветкі, аднолькавыя правільныя словы. Вершыкі накшталт: «ніхто не забыты». Сама такія чытала на шматлікіх лінейках. Ветэраны сумленна і доўга пераказвалі напрамкі руху і назвы вайсковых падраздзяленняў, дзе служылі. І зусім іншая справа — застольныя размовы. Пад чарку гарэлкі ў воінаў часам прарываліся ўспаміны і пра страх, і пра здраду, і пра каханне, і пра разгубленасць... Пісаць афіцыйна пра гэта было нельга.

Хаця ж у той час з'яўляліся сапраўдныя мастацкія творы. Той жа Канстацін Сіманаў менавіта для мяне адкрыў вочы на такую розную вайну. Уладзімір Высоцкі, Васіль Быкаў, Аляксей Дудараў, Святлана Алексіевіч... Але ж тое — мастацкае асэнсаванне. За што яны атрымлівалі часам не толькі ўзнагароды. Не ўсім падабалася неадназначнасць твораў, супрацьлегласць учынкаў герояў, занадта шырокі погляд на свет... Журналісты ж звычайна пісалі згодна з тым узорам, які адпавядаў моманту. Можа, таму часам здавалася, што Вялікая Айчынная вайна нашымі ж намаганнямі ператвараецца ў казку. Няўжо такой яе будуць успрымаць яшчэ праз 70 гадоў?

[caption id="attachment_85880" align="alignnone" width="600"]Іван Гаў­ры­ла­віч За­ха­раў ва­я­ваў з піс­та­ле­там-ку­ля­мё­там Шпа­гі­на. Іван Гаў­ры­ла­віч За­ха­раў ва­я­ваў з піс­та­ле­там-ку­ля­мё­там Шпа­гі­на.[/caption]

На шчасце, юныя мае калегі, чые галовы не засмечаны шаблонамі і стэрэатыпамі, сёння расказваюць пра вайну зусім інакш. Так, як мы, магчыма, хацелі б гадоў трыццаць таму. Тады ж нарадзілася галоўны рэдактар газеты «Гомельские ведомости» Тамара Суботка. І ваенныя праекты, якія робяцца пад яе кіраўніцтвам, вартыя ўвагі. Дарэчы, адразу дзве «Залатыя літары» і адзін дыплом лаўрэата прывезлі супрацоўнікі рэдакцыі з апошняга, XІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Летась газетай быў увасоблены фотапраект «70 гадоў — 70 твараў Вялікай вайны». Тады да прафесіяналаў, каб фатаграфаваць ветэранаў і пісаць невялічкія гісторыі пра іх баявую маладосць, падключыліся творчыя людзі з усяго Гомеля. Сёлета новы праект — «Зброя Перамогі». Малады журналіст Дзмітрый Чарняўскі дамовіўся з Гомельскім абласным музеем ваеннай славы, каб апошнія франтавікі, якія цяпер жывуць у абласным цэнтры, мелі магчымасць дакрануцца да той зброі, якую калісь трымалі ў руках. Аказалася, што такі падыход дазваляе ажывіць успаміны і сапраўды «вывернуць» душу. У такім выпадку, сведчаць псіхолагі, уключаецца не толькі лагічная памяць, але, на падсвядомым узроўні, рухавая, вобразная і эмацыйная.

Дзмітрый Чарняўскі кажа, што рабіць праект было няпроста. Нават тым, хто пачаў ваенную службу ў 17 гадоў і не з пачатку вайны, цяпер пад 90. Часта яны не памятаюць, што было ўчора. Аднак дакранаюцца
да халоднага металу зброі — і тут іх успаміны нельга прыпыніць. На свае вочы бачыла, як кідаюць мыліцы і кійкі, выпростваюць плечы і крочаць да СВАЁЙ гаўбіцы, СВАЙГО кулямёта, імкнуцца перазарадзіць СВОЙ аўтамат. Яны і сёння такія ж загартаваныя, як сталь. Іх воля і мужнасць не саступаюць ІХ зброі. Пераканайцеся самі. Вось асобныя ўрыўкі з гісторый гэтых людзей. Гэта не банальна. Гэта не тое, што вы пачуеце на мітынгу.

Танкіст Міхась Шэхтман ваяваў на «Т-60». Яго ў Гомельскім абласным музеі няма. Большасць з іх згарэлі ў агні вайны. Таму здымалі ветэрана ў музеі ля падобнай хадавой часткі іншага танка.

— «Т-60» быў хуткаходным, але з тонкай бранёй. Снарад трапіў паміж гусеніцай і крылом. Механік-кіроўца адчыніў свой люк і выскачыў. А я стаўлю на сядзенне нагу, каб адапхнуцца, а яна ў мяне літаральна адвальваецца. Толькі тады адчуў востры боль. Асколкам перабіла левую пятку і галёначную костку на правай назе. Танк пачаў гарэць. Тут мой напарнік Міхаіл Звягінцаў зноў ускочыў у танк і схапіў мяне за камбінезон. Выцягнуў! І ледзь адцягнуў мяне метраў на 50, як машына выбухнула.

[caption id="attachment_85881" align="alignnone" width="600"]Ула­дзі­мір Мі­ка­ла­е­віч Шляй­цаў — на­вод­чык зе­ніт­най уста­ноў­кі. Ула­дзі­мір Мі­ка­ла­е­віч Шляй­цаў — на­вод­чык зе­ніт­най уста­ноў­кі.[/caption]

— Гэта праўда, што ваш танк салдаты жартам звалі «БМ-2» — брацкая магіла для дваіх?

— Фактычна так яно і было. А немцы звалі яго «невынішчальнай саранчой». Танк быў разлічаны на хуткую атаку і таму быў досыць жвавым — да 60 кіламетраў разганяўся, але вось прабіўная здольнасць яго снарадаў пакідала жадаць лепшага. Пад Сталінградам у 1942 годзе атрымалі іх цэлы батальён — каля 30 штук. Амаль усе потым згарэлі ў баях. Страшнавата было, але мы ж не на танцы прыйшлі. Інакш бы страцілі краіну.

Хамзя Ахмурзаевіч Ігбаеў, камандзір узвода пяхоты, ваяваў з кулямётам Дзегцярова.

— Я не памятаю, што ўчора еў, а як біў ворага — на ўсё жыццё засталося. Добры кулямёт, безадмоўны. Пяску не баяўся. Гэта цяпер я слабы, а на вайне дужы быў. Самым цяжкім для мяне было губляць баявых таварышаў. Іншага цяжару не ведаў. Спаў проста на зямлі. Кухня перакуліцца пад бамбёжкай, еў тады толькі сухары. Ды ніхто з нас і не думаў пра выгоды. Мне на фронце Алах дапамагаў. Вы хрысціцеся, а ў нас свае абрады. Я на фронце ў Алаха верыў і цяпер веру. Маліўся, малюся і буду маліцца. Нягледзячы на адрозненні народаў Савецкага Саюза, мы ваявалі ўсе разам. Такое сяброўства паміж намі моцнае было. Рускія, украінцы, грузіны, беларусы, армяне, татары — усе былі, як браты.

Камандзір пяхотнага ўзвода Міхаіл Дзмітрыевіч Рычкоў з пісталетам «ТТ» падымаў салдат у атаку. Калі ўжо працаваў на пасадзе прарэктара ГДУ імя Ф. Скарыны, паставіў помнік 164 загінулым землякам у роднай вёсцы Давыдзіха.

— Адзін салдат перад боем за Глухаў мне сказаў: «Таварыш лейтэнант, калі гэтую атаку мы вытрымаем, то я застануся жывы». А потым гляджу, у яго куля ў лбе. У пяхоце забілі, паранілі таварыша, а ты бяжыш наперад. Побач са мной загінуў кулямётны разлік з трох чалавек ад прамога пападання снарада. Адзін з яго асколкаў, як нажом, зрэзаў борт на маім шынялі і прабіў камсамольскі білет у кішэні. Гэты білет мне, напэўна, жыццё і выратаваў. А калі мой шынель пасля баёў ад усіх гэтых асколкаў стаў зусім дзіравым, я яго кінуў. Зрабіў скатку з плашч-палаткі і ўжо з ёй ваяваў.

Нават калі ў рэзерве пад Курскам знаходзіліся, посуду для ежы не было. На абед ідзём, хто з конаўкай, хто з тазікам лазневым. Нам муку з вадой размяшаюць і нальюць у гэты тазік, з якога потым дзесяць чалавек лыжкамі гэтыя «клёцкі» сёрбаюць.

Варвара Філімонаўна Цялушкіна ў якасці кіроўцы на ЗІСе перавозіла медыкаменты і параненых.

— Машыну ведаю як свае пяць пальцаў. Яшчэ правы захаваліся. Тады кола напампоўваць трэба было рукамі. Каб пераліць бензін, трэба было спачатку ўцягнуць яго ротам праз шланг.

— Не хацелася на фронце часам сукенку надзець?

— Ага, каб заблытацца ды зваліцца? Мне ж трэба было на машыну залазіць у кузаў, сем торбаў пяцікілаграмовых з медыкаментамі на пазіцыі цягаць. Пакуль дойдзеш, пад чаравікамі абмоткі ўмакрэюць, а потым у іх жа і спіш усю ноч, сушыш на нагах.

Павел Ільіч Сцепчанка быў камандзірам мінамётнай роты. Ваяваў пад Сталінградам.

— Хоць мінамёт параўнальна невялікі — 61 кілаграм важыў, страляў усяго толькі трохкілаграмовымі мінамі на адлегласць тры кіламетры — а даваў немцам жару. На шэсцьдзясят метраў асколкі пасля выбуху разляталіся. Пад Сталінградам нашы самалёты ў небе з'яўляліся рэдка, а нямецкія «месершміты» ўвесь час віселі ў паветры. Сядзіш у акопе, бомба за тры метры ад яго валіцца, і цябе аж выкідвае з умацавання. Вось калі страшна. Сёння не загінуў — добра, а заўтра заб'юць — ну што зрабіць? Я ж не быў святым ці зачараваным. Памятаю, падчас Яска-Кішынёўскай аперацыі па вызваленні Малдавіі нашы артылерысты гадзіну з лішнім білі па ўмацаваннях ворага. Заходзім пасля ў нямецкія бліндажы. А там фашысты сядзяць, і ў іх кроў з вушэй, носа ідзе. Ні асколкам, ні куляй не паранены, а мёртвыя. Не вытрымлівалі грукату кананады, гінулі ад выбуховай хвалі снарадаў, выпушчаных з дзясяткаў гармат.

Наводчыка зенітнай устаноўкі Уладзіміра Мікалаевіча Шляйцава з-за беларускай гаворкі на фронце звалі «Бяроза». Яго задачай падчас вайны было ахоўваць аэрадромы.

— Я мог за адну секунду ў любое становішча ствол зеніткі выкруціць. Самалёты падчас налёту ўсё ішлі і ішлі. Мне даводзілася ва ўпор на іх глядзець і страляць. Пад Оршай адзін з «месераў» падышоў да аэрадрома зусім блізка. А я апынуўся побач з буйнакаліберным кулямётам «ДШК». І давай з яго біць. Бачу па трасе сваіх куль, як яны ідуць за самалётам. І тут побач са мной разарвалася бомба. Яшчэ адзін выбух адкінуў мяне на бруствер. Падбег старшына, крыкнуў: «Бяроза, ты жывы?» А я яму: «Збіты самалёт?» — «Так, збіты, — уздыхнуў старшына, — паглядзі». І я ўбачыў, што адна бомба трапіла прама ў наш зенітны разлік. Усе загінулі. Нічога ў мяне не выйшла...

Памятаю, пад Смаленскам узімку паслалі мяне з яшчэ адным салдатам па бульбу ў мястэчка Чырвонае. Іду і вачам веры не даю. Поле і купіны, купіны, купіны. Усё імі ўсеяна. Гляджу, сабакі ўдалечыні ходзяць. А потым прыгледзеўся — ды гэта ж ваўкі, а пад снегам — людзі! Ляжаць нашы салдаты — безліч. Голыя, счарнелыя трупы. Мабыць, пасля бою няма каму было іх пахаваць.

Пры наступленні ва Усходняй Прусіі мы вырваліся на 30 кіламетраў наперад. І ўяўляеце, начавалі разам з немцамі. Толькі мы на галоўнай дарозе, а фрыцы ўзбоч праз лясок. Бачылі адзін аднаго, але ніхто не страляў. Разумееце, такі стан быў. Усе стомленыя, так хацелі спаць, ніякіх сіл ужо не было ваяваць. А досвіткам немцы сышлі.

Было б добра, каб праект «Зброя Перамогі» быў працягнуты і пасля таго, як мы адсвяткуем гучныя юбілейныя даты. Да таго часу, пакуль ветэраны той вайны яшчэ з намі. Дзеля таго, каб потым не шкадаваць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота з архіва газеты «Гомельские ведомости».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.