Блізняты


Блізняты (двойня). У народных уяўленнях да нараджэння адразу дваіх дзяцей ставіліся насцярожана. Разам з тым на Палессі лічылі, што нараджэнне блізнят (таксама як і нараджэнне блізнят-жывёл) прыносіць поспех і прыбытак у гаспадарку.

* Можа быць, неадназначнае стаўленне да нараджэння блізнят нашы продкі суадносілі з адмоўнай семантыкай слова «два». Блізнят параўноўвалі з такімі «падвоенымі» катэгорыямі як дзень-ноч, дабро-зло, неба-зямля, святло-цемра: адзін з паказчыкаў абавязкова павінен быў саступіць, а другі — перамагчы.

* Нашы продкі верылі ў тое, што ў блізнят адзін лёс на дваіх, адна душа і адзін анёл-ахоўнік, а гэта значыць, што ім няпроста будзе крочыць па жыцці.

* Перакананасць у агульным лёсе і ў адной душы блізнят знайшла адбітак у забароне хрысціць і вянчаць такіх дзетак у адзін дзень. Па некаторых звестках, хрысціць першым трэба было таго, хто нарадзіўся другім, каб гэтым «выправіць» яго долю. Па іншых звестках, першым хрысцілі таго, хто нарадзіўся першым, каб «не пярэчыць» найвышэйшым сілам, якія і абумовілі нараджэнне двойні.

* Звычайна блізнятам давалі сугучныя (падобныя) імёны.

* Лічылася, што смерць аднаго з блізнят абавязкова пацягне за сабой другога. Таму выконвалі абрад так званага «раздваення»: на парозе хаты сякерай «раздвойвалі» манету, адну палову якой кідалі ў магілу памерламу, а другую пакідалі ў хаце — хавалі за абразам у чырвоным куце.

* У некаторых выпадках людзі былі рады таму, што сярод аднавяскоўцаў ёсць блізняты. Так, для захавання вёскі ад эпідэміі ў паўночна-заходняй частцы Беларусі і на Палессі праводзілі абрад «абворвання вёскі», які выконвалі браты-блізняты з дапамогай валоў-блізнят.

* Лічылася, што жанчыны, якія меркавалі зацяжараць і нарадзіць дзіця, а таксама ў час цяжарнасці, народзяць блізнят, калі будуць ужываць падвоеныя слівы, яйкі і г.д., так званыя «спарышы».

* Каб у сям'і не нарадзіліся блізняты, у паўсядзённым жыцці выконваліся пэўныя правілы. Напрыклад, калі жанчына ставіла булкі хлеба ў печ, трэба было пакласці іх так, каб яны ў час выпечкі не дакраналіся адна да другой і не «аб'ядналіся» паміж сабой, не «ўтварылі» той самы спарыш.

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».