Вы тут

Шлях, які адолеем разам


Будслаўскую пілігрымку — у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Усё пачыналася з некалькіх дзясяткаў людзей, якія ішлі на фэст у Будславе. Цяпер колькасць вернікаў, што збіраюцца да аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх касцёлаў, вымяраецца дзясяткамі тысяч. І шлях да святыні ў кожнага свой...

2-41

З Чырвонага касцёла, што ў беларускай сталіцы, звычайна выпраўляецца 50-60 вандроўнікаў. Іх называюць «галодная пілігрымка» — бо гэту дарогу ў Мядзельскі раён яны пераадольваюць, сілкуючыся толькі хлебам і вадой. Да таго ж нясуць з сабою вялізны крыж. Каб нагадаць усім, хто будзе бачыць іх, пра сэнс укрыжавання і ўваскрэсення Хрыста. Каб самім глыбей усвядоміць гэтую ахвяру за грахі свету і кожнага з нас асабіста. Свае пілігрымкі выходзяць і з іншых куткоў краіны. Людзі ідуць з Брэста, Ліды, Полацка... Ад усёй колькасці вернікаў, што збіраюцца на фэст у Будславе, 10% ідзе пешкі, адзначае архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.

Прыйшоўшы да прызначанага месца, многія ставяць намёты — збіраецца цэлы лагер пілігрымаў. А ўначы сярод намётаў ладзіцца імправізаваны канцэрт духоўнай музыкі — атрымліваецца вельмі кранальна і шчыра, з'яўляецца адчуванне, што слухае само неба...

Ёсць ідэі разнастаіць праграму Будслаўскага фэсту. Бо на галоўныя набажэнствы ў касцёл усе ахвотныя адначасова трапіць не могуць. Прапануецца ладзіць духоўныя чытанні паэтаў, пісьменнікаў — пашыраць спосабы, якімі ісціна можа трапіць да тых, хто шукае і гатовы пачуць.

«Не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры»

Чаму ж для такой дзеі выбраны менавіта Будслаў? Той, хто калі-небудзь бачыў гэты касцёл, наўрад ці зможа застацца абыякавым, не адчуць яго велічнасць. Адразу зразумела, што будавалі людзі калісьці не для сябе, а каб магутнасцю гмаху ўславіць веліч Бога. Будынак складаецца з дзвюх частак: старога касцёла (сёння гэта капліца), пабудаванага ў 1633—1643 гадах, і новага, узведзенага ў 1767—1783 гадах. Такім ён дайшоў і да нашага часу.

У старым касцёле знаходзіцца арыгінальны разьбяны драўляны алтар эпохі ранняга барока. Кампазіцыя алтара, як сведчаць даследчыкі, не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры Літвы і Польшчы. На сценах касцёла да нашых дзён захаваліся ўнікальныя роспісы — восем сюжэтаў, якія з'яўляюцца выдатнымі помнікамі ранняга класіцызму.

Сам комплекс былога кляштара бернардзінцаў, а таксама дэкаратыўнае аздабленне касцёла: галоўны і бакавыя алтары, роспісы — унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны як помнік першай катэгорыі. У 1994 годзе Будслаўскаму касцёлу нададзены тытул Базылікі меншай. Такім званнем храмы звычайна ўзвялічваюцца з-за свайго ўзросту, памеру ці гістарычнага значэння. Вернікі мараць, што калі-небудзь касцёлу будзе нададзена званне Базылікі. Але такі статус надае толькі асабіста Папа Рымскі, прызнаючы тым самым значнасць храма.

Пад гукі аргана ажываюць мары

Каб спрычыніцца да велічнай святыні і падтрымаць яе, Беларускі фонд культуры і Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) аб'явілі аб пачатку рэспубліканскай акцыі па зборы пазабюджэтных сродкаў на рэстаўрацыю Будслаўскага касцёла бернардзінцаў.

Рэстаўрацыі патрабуе найперш драўляны алтар базылікі. У нас спецыялістаў, здольных выканаць такую працу, няма, таму, калі грошы будуць сабраныя, плануецца запрасіць майстроў з Польшчы. Таксама рэстаўратарскае абнаўленне патрэбна інтэр'еру храма. Маецца і старажытны арган, які пакуль не працуе, але «ажывіць» яго цалкам мажліва. Пачуць калі-небудзь канцэрт арганнай музыкі ў славутым касцёле — гэта, думаецца, будзе падобна на адну са спраўджаных мараў...

Каштарыс неабходных работ ужо пачынаюць выконваць на дабрачынных пачатках. Навуковым кіраўніком праекта прызначаны галоўны архітэктар «Белрэстаўрацыі» Андрэй Карпук. Ён, дарэчы, адзначыў, што ў касцёле ёсць старажытны вежавы гадзіннік, які пакуль не працуе. Але пры ўмелым падыходзе можна зрабіць так, каб стары гадзіннік зноў ішоў...

Ахвяравальнікаў ушануюць

Арганізатары збору сродкаў на рэстаўрацыю заклікаюць далучацца да гэтай справы прадстаўнікоў усіх канфесій. Як у пілігрымцы ўдзельнічаюць хрысціяне, што прытрымліваюцца самых розных традыцый — акрамя каталікоў, таксама праваслаўныя, пратэстанты, уніяты — так і да ахвяраванняў варта падключыцца ўсім. «Адновім Будслаўскі касцёл разам» — такі слоган акцыі прапануе намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч. І гэта вельмі сімвалічна: аб'яднаўшыся ў такой акцыі, вернікі розных канфесій змогуць аб'яднацца і для іншых мэтаў, для сумесных малітваў за Беларусь.

Усе ахвяравальнікі будуць пэўным чынам ушанаваныя — іх імёны з'явяцца на спецыяльнай памятнай дошцы ў Будслаўскім касцёле (ці напісаныя на цаглінках), а таксама будуць надрукаваныя ў «Краязнаўчай газеце».

«Звязда» з'яўляецца інфармацыйным партнёрам акцыі па збору сродкаў. На старонках нашага выдання вы зможаце сачыць за тым, як аднаўляецца будслаўская святыня.

Міністэрства культуры Беларусі выступіла з прапановай Будслаўскі фэст унесці ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што надасць яму яшчэ большую значнасць. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка будзе спрыяць таму, каб фэст быў узяты пад патранат гэтай арганізацыі.

Нагадаем, што сёлета Будслаўскі фэст адбудзецца з 4 па 5 ліпеня. Здаецца, самы час, каб падрыхтавацца і знайсці сваю дарогу да храма...

Каб паўдзельнічаць у акцыі па зборы сродкаў на рэстаўрацыю Будслаўскага касцёла, пералічвайце грошы на наступны рахунак:

3015741330015 у ЦБУ №539 г. Мінска ААТ «Белінвестбанк», код 739, Мінск, вул. Калектарная, 11, БІК 153100739, УНП 100081886, АКПА 37449864; з пазнакай «На рэстаўрацыю Будслаўскага касцёла». Тэлефон бухгалтара (+375 17) 283 28 24.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.