Вы тут

«Ідэальная формула» беларускай акарыны,


або Чым нашы майстры здзівілі італьянцаў.

Чамусьці прайшла незаўважанай адна з найярчэйшых сусветных культурных падзей, у якой прынялі ўдзел і беларусы — міжнародны фестываль акарын у Італіі. Пэўна, праз сціпласць нашых удзельнікаў, а можа, праз тое, што акарына — від так званай шарападобнай флейты — не самы папулярны сёння ў Беларусі музычны інструмент. Напэўна, дарэмна, бо не проста так у італьянскім горадзе Будрыа, што недалёка ад Балонні, ужо колькі гадоў яму прысвячаюць цэлы фэст!

2-45

А пачалося ўсё з таго, што Настасся ДУМАНСКАЯ, якая выкладае ігру на акарыне ў Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, ведаючы гістарычную радзіму гэтага інструмента — Будрыа, вырашыла абавязкова трапіць у гэтае гістарычнае месца. Знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра фестываль, падала заяўку на ўдзел і атрымала станоўчы адказ! Настассю не спалохалі ні адлегласць, ні адсутнасць вопыту ўдзелу ў такім мерапрыемстве, ні тое, што пра беларускую акарыну мала ведаюць за мяжой. У падарожжа наша дэлегацыя выправілася ў складзе музычнага трыа акарыністак — Настассі Думанскай, Інэсы Шчукі, Настассі Барысёнак, а таксама кераміста, майстра па вырабе акарын Івана Дашкова.

— Вельмі здзівіла тое, што нашы інструменты, выкананне, ды і музыка для акарын вельмі адрозніваюцца ад сусветных, хаця, здавалася б — адна і тая ж акарына, — дзеліцца ўражаннямі Настасся Думанская. — А яшчэ здалося дзіўным, што на гэтым інструменце больш іграюць кітайцы, японцы, карэйцы, чым еўрапейцы.

Цягам трох фестывальных дзён дзяўчаты знаёмілі міжнародную публіку з творамі беларускіх кампазітараў і інтэрпрэтацыямі беларускіх песень, выконваючы іх на акарынах. Па словах Настассі, людзі падыходзілі і прызнаваліся, што ім вельмі падабаецца, хвалілі прафесіяналізм нашых выканаўцаў.

— Аднак быў і такі момант: я запытала ў арганізатара, аднаго з лепшых акарыністаў Італіі, што ён думае пра нас. Ён адказаў: «Вы мне нагадалі нашы 80-я». Вось на колькі мы адсталі ад сусветнага ўзроўню! Але ён не супраць прыехаць у Беларусь і даць майстар-клас.

— Такая ацэнка не засмуціла?

— Наадварот, асабіста мне гэта дало штуршок наперад. Цяпер стала зразумела, як развіваць свой гурт. Мае дзяўчаты-студэнткі яшчэ толькі вучацца, але, зарадзіўшыся энергіяй фестывалю, ужо значна прасунуліся наперад, у іх нават змянілася мысленне. Увогуле ўдзел у фестывалі быў для нас вельмі карысным, мы пазнаёміліся з кампазітарам, які піша аранжыроўкі для ансамбля акарын, ён абяцаў падзяліцца з намі некаторымі сваімі творамі.

Пасля ўдзелу ў фестывалі Настасся вывела для сябе «ідэальную формулу»: нам трэба везці за мяжу нашы творы, паказваць свой адметны стыль выканання, але іграць на еўрапейскіх інструментах. А нашых выканаўцаў, наадварот, трэба знаёміць з сусветнымі творамі, каб натхняць іх, пашыраць далягляды.

— І яшчэ хацелася б пажадаць нашым майстрам, каб яны рабілі якасныя інструменты. У нас вельмі мала добрых майстроў, акарыны даводзіцца заказваць за мяжой.

— Справа ў тым, што беларускі майстар — гэта такі крыху зашораны чалавек. Ён можа працаваць 14 гадзін на суткі, рабіць класныя рэчы, але ён сядзіць на адным месцы і нічога навокал не бачыць. Таму вельмі важна нашых майстроў вывозіць на падобныя фестывалі, каб яны адчулі сябе часткай сусветнага працэсу — гэта надае моцы на далейшую творчасць, на новы віток развіцця, — пагаджаецца кераміст Іван ДАШКОЎ, які прэзентаваў на фестывалі свае акарыны.

І не толькі іх: у Будрыа майстар апранаў традыцыйны беларускі строй з Магілёўшчыны, чым прыцягваў асаблівую ўвагу гасцей фестывалю.

— Ім падабаўся касцюм, яны падыходзілі і пыталіся, адкуль мы, хто мы такія. Для італьянцаў наш удзел стаў абсалютным адкрыццём Беларусі і беларускіх музыкаў, яны не ведалі, што ў нас увогуле робяць акарыны. Мы выскачылі як чорт з табакеркі, — усміхаецца Іван.

— А чым адрозніваюцца беларускія акарыны ад, скажам, італьянскіх?

— У нашай кераміцы замежнікаў зацікавілі традыцыйныя тэхналогіі. Напрыклад, малачэнне — калі вырабы пакрываюцца малаком, награваюцца і дзякуючы гэтаму набываюць адмысловы колер. Ці гартаванне — я лічу, гэта ўвогуле трэба зрабіць беларускім брэндам — калі распалены выраб пры тысячы градусаў дастаецца абцугамі з печы, акунаецца ў кіслую мучную рошчыну, гасіцца ў вадзе — і за імгненне на ім узнікаюць непаўторныя малюнкі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Даведка «Звязды»

Акарына — старажытны духавы музычны інструмент, гліняная свістковая флейта. Уяўляе сабой невялікую камеру ў форме яйка з адтулінамі для пальцаў у колькасці ад чатырох да трынаццаці. Шматкамерныя акарыны могуць мець больш адтулін (у залежнасці ад колькасці камер). Звычайна выканана ў кераміцы, але часам вырабляецца таксама з пластыку, драўніны, шкла або металу.

Паводле некаторых ацэнак, інструменты, падобныя да акарыны, з'явіліся прыкладна 12000 гадоў таму. Яны адыгрывалі важную ролю ў культуры Кітая і дакалумбавай Амерыкі. У еўрапейскую культуру акарына ўвайшла ў XІX стагоддзі, калі італьянец Джузэпэ Данаці вынайшаў сучасную форму гэтага інструмента. Назва ўзята з італьянскай мовы, дзе яна азначае «гусяня».

Даволі хутка — у канцы ХІХ стагоддзя — інструмент прыйшоў у Беларусь. Праўда, у нас ён набыў вядомасць больш як народны, у той час як у Еўропе на акарынах іграюць і класічныя творы, і нават ладзяць канцэрты акарыны з арганам.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.