Вы тут

Пейзаж на... бетоннай сцяне


Як агароджа зернесушыльнага комплексу пераўтварылася ў твор мастацтва.

Рэдка калі сустрэнеш нешта арыгінальнае, што радуе вока, у знешнім выглядзе жылых будынкаў і вытворчых аб'ектаў. А вось у аграгарадку «Доцішкі» Воранаўскага раёна нядаўна з'явілася славутасць, якая прыцягвае зацікаўленыя погляды не толькі мясцовых жыхароў, але і людзей, што праязджаюць міма. На звычайнай бетоннай сцяне зернесушыльнага комплексу мастак з Гродна Андрэй ЛЯНЦЭВІЧ (творчы псеўданім — Арцём Ледзянец) намаляваў пейзаж. Вышыня гэтай «карціны» 2 метры, даўжыня — 120. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з аўтарам і пацікавіўся, як у яго з'явілася гэтая ідэя.

Безимени-2

Андрэй Лянцэвіч малюе з дзяцінства. Ён мастак не дыпламаваны і занятак жывапісам лічыць хутчэй за хобі. Напрыклад, заўсёды мае пры сабе маркер і можа свой малюнак пакінуць на памяць у кавярні альбо на... халадзільніку сяброў. Зрэшты, гэтыя здольнасці Андрэй цяпер ужо выкарыстоўвае і як прафесіянал — зарэгістраваны рамеснікам і займаецца, у тым ліку, мастацкім роспісам кватэр, пад'ездаў, іншых памяшканняў: «Не абавязкова ж толькі шпалеры клеіць альбо фарбаваць сцены адным колерам».

Такая маштабная «карціна», як у аграгарадку «Доцішкі», у творчасці Андрэя Лянцэвіча першая.

— Гэтая ідэя ажыццявілася дзякуючы кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства Генадзю Казлоўскаму, да якога мы прыехалі з маім сябрам, кіраўніком будаўнічай фірмы Аляксандрам Пашкелем. Ён выконваў заказы гэтай гаспадаркі, падумалі, што, можа, будзе работа і для мяне. Выйшлі з кабінета старшыні ў калідор, падышлі да акна, і Генадзь Францавіч кажа: «Бачыш гэтую бетонную сценку? Неяк яна страшнавата выглядае. Можаш зрабіць яе прыгожай? Пакажы, на што здольны». Я паглядзеў у інтэрнэце прагноз надвор'я, выбраў тыдзень, каб не спыняцца з-за моцных ападкаў (дробнага дажджу фарба не баіцца) і ўзяўся за працу. За 6 дзён размаляваў гэтую сцяну.

— Пейзажную тэму заказаў старшыня?

— Не, ён у мой творчы працэс не ўмешваўся. Часта, калі я маляваў, Генадзь Францавіч праязджаў міма, паглядваў, а потым сказаў, што яму спадабалася, падзякаваў за работу. Зразумела, і прафінансаваў яе.

Мая задума ў тым, што не нейкія абстракцыі, а менавіта пейзаж, сельскія матывы будуць найлепш гарманіраваць з гэтай мясцовасцю. Пшанічнае поле, вёсачка, лес, касцёл... Дарэчы, храм я спачатку маляваў «з галавы», але потым убачыў тутэйшы касцёл і паспрабаваў зрабіць нейкае падабенства з ім. Распачынаў з сярэдзіны сцяны, а потым стаў развіваць «карціну» ў абодва бакі. Увогуле — на 120 метраў, пакуль сцяна не закончылася.

— А калі б агароджа была, дапусцім, паўкіламетровая?

— Праблемы не бачу. З палёў і лясоў можна было б перайсці, напрыклад, на горы, вадаспады, з восені — у зіму, з зімы — у вясну...

— Пэўна, спатрэбілася шмат нейкіх спецыяльных, вельмі дарагіх матэрыялаў?

— Не, спачатку рабіў грунтоўку гэтай агароджы, каб не засталося вапнавага пакрыцця, а потым фарбаваў. Карыстаўся звычайнай алейнай фарбай лідскай вытворчасці, устойлівай да маразоў і вільгаці. Яе трэба было наносіць тонкім слоем, бо інакш верх высахне, а ўнутраная структура пакрыцця можа патрэскацца і адваліцца. Увогуле мне спатрэбілася 18 кілаграмаў фарбы — найбольш белага і чорнага колеру, а таксама зялёнага, жоўтага, чырвонага, сіняга і карычневага.

— Яны змешваліся?

— Вядома, бо калі фарбы не змешваць, то рэалістычнасці не атрымаецца. Таму спачатку мачаеш пэндзаль у адзін колер, іншым канцом — у другі і потым крыху — у трэці.

— Мясцовыя жыхары да вашай творчасці абыякавымі не засталіся?

— Яны назіралі за маёй работай як за нейкім цудам. Нават машыны, што праязджалі побач з гэтай агароджай, спыняліся — людзі падыходзілі, дзякавалі, фатаграфавалі.

— Такі жывапіс можа атрымаць працяг?

— Чаму не? Убачыўшы, якой стала гэтая сцяна, людзі з суседняга пасёлка заказалі мне ўпрыгожыць пад'езд свайго дома. Мажліва, папрацую і на іншых аб'ектах у СВК «Доцішкі» — напрыклад, на рамонтных майстэрнях. Там, пэўна, больш да месца ўжо не пейзаж, а нешта, звязанае з тэхнікай. Можа, «усмешка» трактара?

Барыс ПРАКОПЧЫК

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.