Вы тут

Як жыць у мяккім свеце, калі ён цвёрды?


Аднойчы Маргарыт схавалася ад свайго мужа Альберта. Яна залезла ў шафу і праседзела там некалькі гадзін. Яна чула, як Альберт тэлефанаваў спачатку сваякам, потым сябрам, потым — у бальніцы і моргі. Маргарыт сядзела ў шафе і слухала, як Альберт шукае яе. І вось, калі тэлефанаваць больш не было куды, яна падала голас і папрасіла мужа спець чароўную песню, якая вызваліць яе з шафы. Альберт, зразумела, раззлаваўся, і Маргарыт давялося выйсці з шафы без усялякіх чароўных песень. Яна адамкнула дзверы і замест тлумачэнняў толькі пажартавала, маўляў, як дзіўна арганізавана жанчына: столькі праседзець у шафе ды так і не захацець у прыбіральню... Гэтай вясной у Мінску адбылася прэм'ера спектакля пра каханне, складаныя ўзаемаадносіны і дзіўную арганізацыю свету.

[caption id="attachment_85786" align="alignnone" width="600"]Фо­та Крыс­ці­ны Грэ­ка­вай. Фо­та Крыс­ці­ны Грэ­ка­вай.[/caption]

Рэжысёр Таццяна Траяновіч разам з тэатральным праектам «Пляцоўка» паставіла ў Цэнтры сучасных мастацтваў п'есу вядомага расійскага драматурга Івана Вырыпаева «Ілюзіі». І тут, з аднаго боку, трэба парадавацца за Цэнтр сучасных мастацтваў, які паступова замацоўвае за сабой рэпутацыю вартай увагі тэатральнай пляцоўкі і аб'ядноўвае самыя цікавыя тэатральныя ініцыятывы. Гэтай вясной там паказалі «Ілюзіі», новую пастаноўку незалежнай тэатральнай групы Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer — перформанс «Я не размаўляю па-шведску», ды некаторыя іншыя работы. Да таго ж ЦСМ сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі арганізаваў праект «Драма Lіvе», у межах якога чытанні п'ес ладзяцца па-за тэатральнай прасторай. Аднак, з іншага боку, узнікаюць і прычыны для хвалявання: ці не ператворыцца ЦСМ у своеасаблівае гета для тэатральнага эксперыменту, які будзе нараджацца і паміраць у яго сценах? Хачу заўважыць, што гэта не крытыка ЦСМ, бо там якраз усё арганізавана належным чынам, а пытанне да нашай тэатральнай супольнасці. Зможа вартая тэатральная ініцыятыва, паказаная ў Цэнтры сучасных мастацтваў, атрымаць неабходную падтрымку і адпаведную ўвагу? Зможа, напрыклад, сцвердзіць сваю ўключанасць у пэўны сегмент тэатральнага працэсу і займець магчымасць намінавацца на тую ж Нацыянальную тэатральную прэмію?

Вартасць і неабходнасць тэатральных эксперыментаў відавочная. Так, «Ілюзіі» — гэта спроба авалодаць адмысловай апавядальнай інтанацыяй, якой вымагае новая драматургія. П'еса Івана Вырыпаева — фактычна празаічны тэкст, рытмізаваная проза, падзеленая на ўрыўкі для чатырох выканаўцаў: дзвюх жанчын і двух мужчын. Драматург распавядае гісторыі кахання дзвюх сямейных пар, што жылі побач. Аповед вядзецца не лінейна: узрост герояў імкліва змяняецца — вось толькі-толькі ім было за восемдзесят, а праз хвіліну — ужо каля трыццаці. Аднак куды складаней прасачыць за тым, хто як ставіўся ў пэўны перыяд да іншага ў чатырохкутніку «Дэні—Сандра—Альберт—Маргарыт». Нязменна адно: бліжэй да апошніх хвілін жыцця кожны з іх сумняваецца ў сваім каханні...

Увасабляць тэксты Івана Вырыпаева на сцэне няпроста, бо яны вымагаюць ад акцёра нязвыклага спосабу існавання. Драматург стварае п'есу такім чынам, што ад акцёраў патрабуецца забіць у сабе персанажа і знайсці выканаўцу. То бок не пераўвасабляцца, не іграць, а проста распавядаць чужую гісторыю, якая цябе ўсхвалявала. Рэжысёр Таццяна Траяновіч падпарадкоўвае дзеянне гэтай асаблівай тэкстацэнтрычнасці. Акцёры, занятыя ў спектаклі (Марына Дзянісава, Антон Макуха, Алеся Пухавая ды Станіслаў Савосцін), спраўляюцца з гэтым па-рознаму. Больш пераканаўча выглядаюць выканаўцы-мужчыны, асабліва Антон Макуха, іранічная інтанацыя якога не дазваляе наблізіцца ні да каго з чатырох герояў п'есы. Выканаўцы-жанчыны, апавядаючы свае фрагменты, часам пераходзяць мяжу, за якой Алеся Пухавая не проста расказвае нам пра Маргарыт, а становіцца ёю. Але ж тэкст напісаны так, што выканаўцам даводзіцца гаварыць пра ўсіх герояў адначасова, а не ад імя аднаго. Атаясамленне з некім канкрэтным разбурае ўнікальную вырыпаеўскую манеру апавядання. Аднак некалькі вясновых паказаў зрабілі заўважным, як ад спектакля да спектакля акцёры ўсе дакладней яе адчуваюць і перадаюць.

Адной з асаблівасцей гэтай манеры з'яўляецца рытмічнасць, музычнасць тэксту, якую рэжысёр выяўляе і падкрэслівае тым, што ўводзіць у спектакль яшчэ аднаго героя — музыку Арцёма Давідовіча. Увесь спектакль суправаджаецца жывым гукам, калі кампазітар і ён жа выканаўца скіроўвае дзеянне, падкрэслівае рытм тэксту гітарнымі імправізацыямі.

Яшчэ адна асаблівасць спектакля — сцэнаграфія. Акцёры з'яўляюцца перад гледачом у паўсядзённай вопратцы, падкрэсліваюць сваю звычайнасць: такое магло адбыцца дзе заўгодна і з кім заўгодна. Выканаўцы дзейнічаюць у пустой прасторы, аздобленай некалькімі крэсламі і функцыянальнай сцяной, на якой падчас спектакля з'яўляюцца схемы, што дапамагаюць гладачам разабрацца ў перапетыях адносін і кранальныя малюнкі-ілюстрацыі (аўтар Алена Сілуціна). Гэта ўвогуле адметнасць «Ілюзій» — у пустым пакоі перад гледачом усё ўзнікае з нічога і ў нішто знікае, пакідаючы напрыканцы перад вачыма зорнае неба з літар (відэашэраг Алесі Давідовіч), гледзячы на якое, пайшоў з жыцця апошні ўдзельнік гэтай заблытанай гісторыі пра каханне Дэні...

Так, «Ілюзіі» — гэта найперш гісторыя пра каханне і яго ілюзорнасць: як так адбываецца, што, пражыўшы з чалавекам паўстагоддзя, ты раптам пачынаеш сумнявацца і замест таго, каб сказаць «Я кахаю цябе!», кажаш «Дарагая, мне здаецца, што я кахаю Сандру». Але адной з самых важных сцэн гэтай п'есы мне падаецца гісторыя пра тое, як Альберт распавядаў студэнтам пра карабельныя канаты і, згадаўшы, што ў іх вытворчасці выкарыстоўваюць каноплі, атрымаў ад студэнта прапанову пакурыць травы. На дзіва студэнту — пагадзіўся. І вось ён пакурыў, а літаральна праз некалькі хвілін зразумеў, што свет, у якім мы жывём, насамрэч мяккі. Альберт мацаў яго рукамі і плакаў, бо гэта дзіўна і надзвычай тужліва, тое, што мы не заўважаем мяккасці свету ды жывём у цвёрдым. І гэтая метафара мяккасці і цвёрдасці выяўляе перспектыву: увесь свет — ілюзія. Ды пакідае пытанне: як тут жыць?

Мы мусім намагацца пабачыць свет такім, які ён ёсць. Спектакль «Ілюзіі», які паставіла Таццяна Траяновіч, чарговы раз пераконвае нас: у беларускім тэатральным свеце ёсць вартыя тэатральныя ініцыятывы. Але што стане з імі ў няпростым ілюзорным (мяккім ці цвёрдым для іх) свеце?

Алена Мальчэўская

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».