Вы тут

Прайграць матч... суддзі


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра новага лідара ў спісе найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату краіны па футболе, апошні матч Жэлькі Бабіча ў Беларусі і драматычную сустрэчу Вікторыі Азаранкі і Сірэны Уільямс на кортах Парыжа.

1. У 8-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе «Славія» разграміла брэсцкае «Дынама» (3:0) і замацавалася ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Героем матча стаў 23-гадовы форвард мазыран Дзяніс Лапцеў, які забіў два мячы і абагнаў мінскага дынамаўца Фатаса Бечырая ў гонцы за званне найлепшага бамбардзіра чэмпіянату. На рахунку Лапцева — 6 забітых мячоў, у Бечырая — 5.

Бечырай, дарэчы, у чарговы раз дапамог сваёй камандзе здабыць вельмі важную перамогу. У матчы супраць «Нафтана» (2:1) чарнагорац не забіваў, але ў аўтарстве галоў усё ж такі паўдзельнічаў. Бечырай аддаў два пасы на Ненада Адамавіча, якія былі рэалізаваны.

У сваю чаргу лідар турніру БАТЭ на класе перайграў «Мінск» (1:0). Адзіны гол у матчы забіў Міхаіл Гардзейчук.

Астатнія вынікі 8-га тура: «Нёман» — «Граніт» — 2:0, «Шахцёр» — «Тарпеда-БелАЗ» — 3:1, «Гомель» — «Віцебск» 2:0, «Белшына» — «Слуцк» — 2:0.

2. БГК імя Мяшкова ў сёмы раз стаў чэмпіёнам краіны. У першым фінальным матчы гандбольнага чэмпіянату перамогу атрымаў мінскі СКА (33:24). Але на сваёй тэрыторыі «мяшкоўцы» ўзялі рэванш (29:26) і параўналі лік у серыі. Вырашальны матч быў сапраўднай бітвай двух роўных сапернікаў. Лёс тытула вырашыла серыя сяміметровых удараў. У гэтай гандбольнай латарэі мацнейшымі былі брастаўчане (4:2), якія з агульным лікам у матчы 30:28 атрымалі выніковую перамогу.

Дарэчы, гэта быў апошні матч Жэлькі Бабіча на пасадзе галоўнага трэнера БГК. Новым трэнерам брастаўчан стане Сяргей Бябешка. Адзначым, што цяпер харвацкі спецыяліст будзе ўзначальваць нацыянальную зборную сваёй краіны.

3. Вікторыя Азаранка ў драматычным матчы 3-га раўнда «Ралан Гарос» саступіла першай ракетцы свету Сірэне Уільямс — 6:3 4:6 2:6. Беларуская тэнісістка з самага старту пачала дыктаваць умовы на пляцоўцы і павяла ў ліку 6:3 4:2. Але потым амерыканка відавочна палепшыла якасць сваёй гульні і навязала Вікторыі сур'ёзную барацьбу. Канцоўку другога сэта азмрочыў эпізод пры ліку 6:3 4:5 40:40. Лінейны суддзя памыліўся, палічыўшы аўт пасля ўдару беларускай тэнісісткі, Уільямс адбіла мяч у сетку. Але арбітр на вышцы палічыў правільным перайграць ачко, а не аддаць яго Вікторыі...

У вырашальным сэце беларуская тэнісістка павяла 2:0, але пасля прайграла 6 геймаў запар. Пасля матча Азаранка так пракаментавала спрэчны эпізод у канцоўцы другой партыі: «Дрэнна, што ў тэнісе няма паўтораў для суддзяў, як у футболе ці баскетболе. Я не кажу, што праз гэта ачко я прайграла матч. Але ў такія моманты, калі ў цябе няма паўтору, гэта сапраўды выклікае шмат праблем. Хаця ў тым выпадку ўсё было занадта відавочна...»

4. Беларускія грацыі ўдала выступілі на этапе Гран-пры ў Берліне. Меліціна Станюта стала другой у шматбор'і, а ў фінале асобных відаў заваявала тры «бронзы» і адно «золата» (у практыкаванні са стужкай)! Дзве «бронзы» заваявала і Кацярына Галкіна — у практыкаваннях са стужкай і з булавамі.

Акрамя гэтага, беларускія «групавічкі» сталі чэмпіёнкамі ў шматбор'і і фінале практыкавання з пяццю стужкамі, а таксама сярэбранымі прызёрамі ў практыкаванні з булавамі і абручамі. Віншуем нашых грацый!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.