Вы тут

Дорага? Трэба яшчэ даражэй!


Бяспечных цыгарэт, як і бяспечнага ўзроўню іх ужывання, не існуе.

Штогод ад «тытунёвай эпідэміі» ў свеце гіне каля 6 млн чалавек (звыш 600 тысяч з іх з'яўляюцца «пасіўнымі» курцамі — церпяць ад уздзеяння дыму). У сусветным маштабе курэнне пагражае больш, чым туберкулёз, мацярынская смяротнасць, дарожна-транспартныя здарэнні, самагубствы і забойствы разам узятыя.

Незаконна вывозім

Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае сёлета спыніць незаконны гандаль тытунёвымі вырабамі. Паводле даных даследаванняў, уключаючы інфармацыю мытных органаў, на долю незаконнага рынку тытунёвай прадукцыі ў Еўропе можа прыпадаць амаль кожная дзясятая цыгарэта. Звязаныя з гэтым мытныя і падатковыя страты ў еўрапейскім рэгіёне перавышаюць 10 млрд еўра за год. У Беларусі ў студзені—сакавіку гэтага года пачаты адміністрацыйны працэс па 123 справах аб адміністрацыйных парушэннях, канфіскавана каля 22,5 млн штук цыгарэт. Фактычна ўсе гэтыя выпадкі звязаныя са спробамі вывазу, што абумоўлена нізкім коштам такой прадукцыі ў параўнанні з суседнімі краінамі.

Паводле слоў кіраўніка краінавага бюро СААЗ у Рэспубліцы Беларусь Ягора ЗАЙЦАВА, Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае Беларусь ратыфікаваць Пратакол аб ліквідацыі незаконнага гандлю тытунёвымі вырабамі (прадугледжвае меры па кантролі паставак, узмацненне правапрымянення і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва). Удзел усіх краін у гэтай справе ўяўляецца надзвычай важным — найперш таму, што тытунь адбірае жыццё 1,6 млн жыхароў еўрапейскага рэгіёна, дзе захоўваецца самы высокі ў свеце ўзровень курэння тытуню сярод дарослых.

Прадстаўнікі тытунёвай індустрыі сцвярджаюць, што высокія падаткі правакуюць кантрабанду, і ім часам удаецца такім чынам пераконваць урады не павышаць падаткаў на тытунёвыя вырабы. На самой справе агульны маштаб кантрабанды ў цэлым вышэйшы ў тых краінах, дзе цэны на цыгарэты ніжэйшыя. Высокія падаткі могуць напачатку правакаваць кантрабанду, аднак гэта не адзіны фактар (уплывае верагоднасць раскрыцця злачынстваў, цяжар пакарання, узровень карупцыі і інш.).

Няма абароны?

На жаль, у нас усё яшчэ не прыняты закон аб абароне здароўя насельніцтва ад наступстваў ужывання тытуню і ўздзеяння тытунёвага дыму, а ён адлюстроўваў бы некалькі важных момантаў: узмацненне падатковай палітыкі і адпаведнае павышэнне цэн на цыгарэты, стварэнне бяздымнага асяроддзя ў закрытых памяшканнях, забарону рэкламы і спонсарства (тут у нас ужо ёсць чым ганарыцца), далейшае ўкараненне практыкі папярэджванняў аб наступствах курэння, прадастаўленне даступнай дапамогі тым, хто хоча кінуць курыць.

Страшны малюнак

У маі наступнага года ўступіць у сілу «Тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю Мытнага саюза», дзе вызначаны шэраг новых патрабаванняў. Так, на момант уступлення ў сілу прынятага бакамі дакумента ўпакоўка цыгарэт павінна змяшчаць выяву наступстваў ужывання тытуню (бібліятэку карцінак распрацоўваў казахстанскі бок, і гэта ўзгоднена з іншымі краінамі Мытнага саюза) і надпісы-папярэджанні на рускай мове і мове вытворцы. Усё гэта павінна займаць палову плошчы абодвух бакоў пачкі. «Знікнуць колькасныя паказчыкі шкодных рэчываў — будзе пазначана толькі, што выраб змяшчае нікацін, канцэрагены і мутагены, — тлумачыць загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга БАРТМАН. — Гэта робіцца для таго, каб спажывец не суцяшаў сябе, што ёсць цыгарэты «больш ці менш шкодныя». Аднак тытунёвыя кампаніі павінны будуць падаваць у органы аховы здароўя справаздачу аб саставе тытунёвых вырабаў».

Прэч з вачэй

З 48 тысяч рознічных гандлёвых аб'ектаў 12 тысяч прадаюць тытунёвыя вырабы. 65 працэнтаў усіх магазінаў па краіне рэалізуюць цыгарэты. Летась гэта рэалізацыя скарацілася ў параўнанні з папярэднім годам на 10%.

— Рознічныя гандлёвыя аб'екты павінны прадугледжваць у асартыментных пераліках ад 7 да 60 найменняў разнавіднасцяў тытунёвых вырабаў, — паведамляе начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь Віялета БРАЗОЎСКАЯ. — Неўзабаве, ужо з 1 ліпеня, чакаецца шэраг змен у галіне продажу. Уводзіцца забарона на аптовы гандаль і захаванне такой прадукцыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Устанаўліваюцца новыя патрабаванні да юрыдычных асоб, якія маюць права ажыццяўляць гандаль тытунёвымі вырабамі, новыя ліцэнзійныя патрабаванні да аптовага гандлю. Усе гандлёвыя ўстановы гатовыя да таго, што замест выкладкі такога тавару спажыўцу будзе прапанаваны пералік усіх вырабаў, якія ёсць у продажы, у алфавітным парадку: спачатку рускамоўныя, пасля англамоўныя, без графічных выяў і малюнкаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

• За апошнія дзесяць гадоў аб'ём паставак імпартных цыгарэт у Беларусь зменшыўся ў 4,5 раза.

• Аб'ём вытворчасці тытунёвых вырабаў летась застаўся такім, як у 2013 годзе — 34,8 млрд штук (у 2005-м —
12 млрд штук).

• Па даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, доля курцоў ва ўзросце пасля 16 гадоў складае 25% (гэта найменшая колькасць з 2000 года). Доля мужчын пры гэтым зніжаецца, а жанчын расце. Самы нізкі ўзровень курцоў-дарослых сярод еўракраін — у Швецыі (11%), Вялікабрытаніі і Ісландыі (14%).

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.