Вы тут

Дэгустатар на дзень


20 чэрвеня пройдзе Трэці сырны фестываль.

Пляцоўкай збору аматараў малочнай прадукцыі стане мінскі Цэнтральны батанічны сад (у папярэднія гады фестываль праводзілі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і быту ў Азярцы), дзе ў гэты час будуць квітнець ружы і цюльпаннае дрэва. Сярод прадпрыемстваў, што прадставяць сваю прадукцыю на суд спажыўца, — Кобрынскі масларобны-сыраробны завод, Слуцкі сыраробны камбінат, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, Пружанскі малочны камбінат і іншыя вытворцы.

— У кожнага брэнда свая фішка: адны прывабліваюць асартыментам, іншыя — якасцю, а хтосьці робіць стаўку на арыгінальнасць, — гаворыць генеральны дырэктар цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы» Анатоль АКАНЦІНАЎ. — Адметна, што беларускія вытворцы выпускаюць натуральныя сыры. На тым жа расійскім рынку, напрыклад, у крызіс з'явіўся сырны прадукт, які, зразумела, саступае па якасці, але на працэнтаў 30 таннейшы, таму гіпермаркеты пераключыліся на яго.

На майстар-класах ад вядомых кулінараў наведвальнікаў навучаць сакрэтам прыгатавання сырных страў. Усім ахвотным прапануюць паўдзельнічаць у народнай дэгустацыі і вызначыць найлепшы сыр. Так, летась «каралём фестывалю» выбралі сыр з цвіллю ад маладзечанскіх «малочнікаў». Дарэчы, сёлета мерапрыемствам зацікавілася Гільдыя кухараў. Для вытворцаў гэта добрая магчымасць пазнаёміць са сваім асартыментам рэстараны, большасць з якіх пакуль што працуе з імпартнымі прадуктамі.

Галоўны рэдактар часопіса «Продукт.ВУ» Андрэй КІРЫЕНКА ўпэўнены, што фестываль дазволіць прыцягнуць аптовых спажыўцоў, у тым ліку і замежных:

— Па выніках мінулых фестываляў сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання мы выдалі каталогі «Беларусь сыраробная» і «Беларусь малочная», дзе прадстаўлена гісторыя нашай малочнай прамысловасці, інфармацыя пра вытворцаў. Сёлета мы арганізуем яшчэ і дзелавы форум, дзе будуць абмяркоўвацца новыя магчымасці для экспарту. Напрыклад, прэзентуюць тэхналогію разліву малака ў шасціслаёвую пластыкавую бутэльку, якая дазволіць прадаваць у той жа Кітай звычайнае вадкае малако, а не сухое (на ім не заробіш, бо складана канкураваць з Новай Зеландыяй і Аўстраліяй, дзе сабекошт прадукцыі ніжэйшы).

Увогуле, падобныя фестывалі могуць зацікавіць не толькі бізнесменаў, але і простых турыстаў, якіх арыгінальныя і маштабныя мерапрыемствы прывабліваюць не менш, чым архітэктура ці прырода. Па словах Анатоля Аканцінава, калі вывучаеш суседнія рынкі, выразна бачыш спецыялізацыю: Польшча — музычныя фестывалі, Прыбалтыка — гістарычная спадчына.

— Беларусь магла б пазіцыянаваць сябе як малочная краіна, — лічыць ён. — У прынцыпе падзейны турызм — перспектыўны напрамак. І ў нас праводзіцца шмат мясцовых фестываляў, але яны не дацягваюць да належнага ўзроўню. З аднаго боку, нашы прадпрыемствы не настолькі багатыя, каб ладзіць маштабныя мерапрыемствы, з другога — бізнес чамусьці не бачыць у гэтым перспектывы.

На сёлетні сырны фестываль арганізатары чакаюць каля пяці тысяч наведвальнікаў, на дзве тысячы больш, чым у папярэднія гады. Кошт квіткоў — 80 тысяч (для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў прадугледжана 50-працэнтная зніжка, для асобных катэгорый, напрыклад, шматдзетных сем'яў, уваход будзе бясплатным).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.