Вяроўка


Вяроўка. Гэта звычайная ў паўсядзённым жыцці рэч у традыцыйнай культуры беларусаў набыла рытуальныя функцыі.

* Вяроўку ніколі не перадавалі з рук у рукі і не бралі «голымі» рукамі. Неабходна было сказаць, дзе ляжыць ці вісіць вяроўка або пакласці яе на зямлю, каб той, каму яна была патрэбна, узяў яе сам.

* Каб жывёла, якую куплялі, прыжылася ў гаспадарцы, а таксама каб «прывесці» ў сваю гаспадарку поспех і дабрабыт, пакупнік імкнуўся атрымаць тую вяроўку, на якой прывялі жывёлу на продаж.

* Калі гаспадар адмаўляўся прадаць, напрыклад, і карову, і вяроўку, тады рэзалі на дзве часткі: адну пакідалі сабе, другую аддавалі пакупніку.

* Каб у цяжарнай жанчыны не было выкідышу, ложак, на якім яна спала, абвязвалі вяроўкай.

* На Каляды вяроўкай звязвалі ножкі стала, каб летам скаціна вярталася дадому і не згубілася ў лесе, а ў коле, складзеным з вяроўкі, кармілі курэй, каб тыя не хадзілі па чужых падворках.

* На Масленіцу вяроўкамі перавязвалі пладовыя дрэвы, каб па восені сабраць добры ўраджай груш, сліў і яблыкаў.

* Вяроўку часта выкарыстоўвалі ў народнай магіі, часцей за ўсё на ёй завязвалі вузельчыкі і «адсылалі» на іх чужыя хваробы. «Замоўленую» вяроўку неслі ў лясны гушчар ці спальвалі на скрыжаванні дарог.

* Каб валасы ў дзяўчат лепей раслі, трэба было напярэдадні Раства пакласці вяроўку на падушку: «каб каса была даўжэйшай за вяроўку».

* Асаблівыя адносіны былі да вяроўкі, на якой апускалі труну з нябожчыкам у магілу. Такую вяроўку выключалі з гаспадарчай дзейнасці на наступныя 40 дзён: яе хавалі, каб ніхто з дамачадцаў не мог ёй скарыстацца.

* На працэс вырабу вяровак накладвалася шмат забарон. Напрыклад, нельга было віць вяроўкі ў святочныя дні, асабліва на Каляды; забаранялася рабіць гэта цяжарнай жанчыне, каб дзіця пры родах не было апавіта пупавінай.

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?