Вы тут

Як пасынкаваць памідоры?


Усе ведаюць, што многія таматы валодаюць асаблівасцю даволі моцна галінавацца. Практычна з кожнай пупышкі, якая знаходзіцца ў пазусе ліста на галоўным сцябле расліны, затым вырастае бакавы парастак-пасынак. Выдаленне менавіта такіх парасткаў і называюць пасынкаваннем.

3-12

Для чаго гэта трэба?

Калі вы не будзеце пасынкаваць свае памідоры, то на іх будзе вельмі шмат парасткаў са мноствам кветкавых гронак. Вядома, пры гэтым і пладоў завязваецца досыць шмат, але вось выспяваюць яны далёка не ўсе — з-за кароткага перыяду вегетацыі. Так што ў гэтым выпадку ўраджай большым не будзе. Сам працэс пасынкавання робіць значна лепшым прыток шматлікіх пажыўных рэчываў да пладоў і да лісця, значна паскарае паспяванне пладоў і павялічвае іх памер.

Фарміроўка

На вуліцы звычайна высаджваюць таматы нізкарослых сартоў, якія фарміруюцца толькі ў адзін ствол. Пасынкі варта выдаляць кожны тыдзень (пакуль па даўжыні яны яшчэ не сталі больш за 3-4 сантыметры), але пры гэтым варта пакідаць 4-5 гронак. На нармальна развітай расліне, якая расце ў адкрытым грунце, менавіта такой колькасці будзе цалкам дастаткова. Калі мы праводзім фарміроўку ў адно сцябло, даглядаць расліну нашмат лягчэй і не прыйдзецца думаць, што зламаць, а што варта абавязкова пакінуць.

Прышчыпка

Калі гатунак у вас высакарослы, то тут адным пасынкаваннем не абысціся, трэба таксама правесці і прышчыпванне. Гэта значыць выдаліць у такіх сартоў пункт росту, які знаходзіцца на пакінутых парастках. Такую прышчыпку трэба праводзіць тыдні за 2 ці 3 да заканчэння вырошчвання культуры. У адзін час з правядзеннем прышчыпвання таксама трэба выдаліць яшчэ і суквецці, якія знаходзяцца ў працэсе бутанізацыі ці толькі пасля цвіцення, бо з такіх бутонаў, мноства кветак і нават з дробненькіх завязяў плады ўжо не паспеюць вырасці.

Далоў лішняе лісце!

Не трэба забывацца выдаляць у расліны і ўсе старыя лісточкі, якія ўжо пажоўклі або пачынаюць жоўкнуць знізу. Такія «галаногія» кусцікі таматаў будуць лепш «дыхаць паветрам» і менш хварэць, а галоўнае — ураджайнасць у такіх «галякоў» нашмат большая. Старыя лісты трэба пачаць выдаляць, калі на першай гронцы заружавее плод. Калі ж пачнуць спець плады ўжо на другой, усе лісточкі да першай гронкі ўжо павінны быць абарваны цалкам.

Дарэчы, адна з такіх асноўных прычын, якая прыводзіць да дрэннай завязі помідораў на першых гронках куста, нават пры добрым цвіценні і сілкаванні ўсёй расліны, гэта звычайна недахоп святла, які і выклікае з'яўленне вялікай колькасці непатрэбнага лісця на расліне.

Усё залежыць ад сорту!

Зараз прадаюць сарты, якія не пасынкуюцца. Такія гатункі кусцяцца дрэнна і даюць зусім мала бакавых парасткаў. З імі і клопатаў нашмат менш. Але ж каб атрымаць ураджай крыху раней, усё лішняе ўсё ж варта выдаліць у канцы чэрвеня.

Часта ў літаратуры можна прачытаць, што пры пасынкаванні варта пакідаць невялікі пянёчак 0,5-1 см, каб новы пасынак на гэтым месцы адрасці ўжо не змог. Усё ж лепш гэтага не рабіць, па-першае, таму, што сам працэс пасынкавання моцна замарудзіцца, а па-другое — з'яўленне новых пасынкаў на гэтым жа месцы з'ява досыць рэдкая. Часцей пасынкі ўтвараюцца зусім у іншых месцах.

Пасынкаваць памідоры за сезон звычайна трэба разы два ці тры.

* Памятайце, што ў адкрытым грунце, калі прайшоў добры дождж або пасля багатага паліву, заўсёды трэба рыхліць міжраддзі і акучваць самі расліны. Пры гэтым тэмпература глебы вельмі сур'ёзна павышаецца, а гэта таксама паскарае паспяванне пладоў.

* Калі ж тэмпература ў пачатку жніўня на працягу 3-х сутак начамі паніжаецца, варта зняць (абавязкова!) усе зялёныя, бурыя і ружовыя плады і пакласці іх на даспяванне ў цёплае памяшканне.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.