Вы тут

Радон у доме


Граніт, сілікатная цэгла, бетон, сілікатны шлак, фосфагіпс, пясок, гравій, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва жылля, заўсёды змяшчаюць спалучэнні ўрану і торыю. Распадаючыся, яны ўтвараюць радыеактыўныя газы — радон і тарон, здольныя назапашвацца ў памяшканнях. Радон і тарон пранікаюць таксама з зямлі праз трэшчыны ў фундаменце, падлозе, сценах, праз адтуліны каналізацыі і водаправода. Газы пры гэтым не маюць ні паху, ні колеру, а таму выяўляцца могуць толькі спецыяльнымі прыборамі.

3-9

— Калі ў доме адсутнічае спецыяльная скразная выцяжка, якая выводзіць паветра з-пад падлогі праз дах, то насычанае радонам і таронам грунтовае паветра канцэнтруецца ў пакоях, — паведамляе ўрач-гігіеніст аддзялення радыяцыйнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Васіль ПІНЧУК. — Калі дом стаіць на грунце, багатым на радыеактыўныя элементы, то сітуацыя асабліва небяспечная...

Дадатковыя крыніцы паступлення радону ў жыллё — вада і прыродны газ. У глыбокіх калодзежах і артэзіянскіх свідравінах ён можа быць у вялікай канцэнтрацыі. У гэтым сэнсе больш небяспечнымі ў параўнанні з жылымі памяшканнямі будуць ванныя пакоі. Радон пад зямлёй пранікае і ў прыродны газ, а таму яго прысутнасць у кватэры можа вырасці, калі кухонныя пліты, у якіх спальваецца прыродны газ, працуюць без выцяжкі.

Рэгулярнае праветрыванне кватэры, дому, дачы (асабліва калі яна ўсю зіму была зачынена), гаража, сутарэнняў можа знізіць канцэнтрацыю радону і тарону ў некалькі разоў.

* У дамах і кватэрах павінна быць добрая вентыляцыя.

* Не варта падоўгу знаходзіцца ў падвальных памяшканнях.

* Пры выяўленні павышанай канцэнтрацыі радону рэкамендуюць загерметызаваць трэшчыны ў сценах, падлозе; перакрыць рух паветра з падвала; пакрыць сцены і падлогу эмульсійнымі або маслянымі фарбамі, шпалерамі.

Падчас праектавання новых будынкаў жыллёвага і грамадскага прызначэння ўлічваецца сярэднегадавая актыўнасць прадуктаў радону і тарону ў паветры памяшканняў, магутнасць доз гама-выпраменьвання. Пры высокіх значэннях праводзяцца абарончыя мерапрыемствы (паляпшэнне вентыляцыі і інш.).

Аб наяўнасці кантролю радыеактыўнасці прыродных радыенуклідаў у будматэрыялах павінны сведчыць адпаведныя дакументы.

— Радыяцыйны кантроль за будаўнічымі і апрацоўчымі матэрыяламі паказвае, што асноўная іх маса бяспечная, — дадае Васіль Аляксеевіч. — У першую чаргу гэта пясок, цэмент, цэгла, мармур. Аднак трапляюцца і такія маркі будматэрыялаў, якія змяшчаюць радыенукліды. У асноўным гэта граніты і шчэбень. Іх нельга выкарыстоўваць у будаўніцтве жылых памяшканняў, для рамонту і адстройвання. Калі ёсць неабходнасць пераканацца ў бяспецы жылля на прадмет радону, можна звярнуцца ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі вашага горада або раёна. Спецыялісты гэтых службаў правядуць замеры непасрэдна на месцы.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.