Вы тут

Адзін дзень з сацыяльным работнікам: "Прыйду ў любое надвор'е"


Цяжка ўявіць, як бы выжывалі адзінокія старыя, калі б не сацыяльная служба.

Ніна Нікалайчык жыве ў Баранавічах. Яна сацработнік, абслугоўвае дзевяць падапечных. Сваёй працай задаволена, хоць яе нельга назваць лёгкай або прэстыжнай. Між тым патрэба грамадства ў гэтых спецыялістах расце і будзе расці далей. Што рабіць — нацыя старэе...

Ці лёгка быць сацработнікам? Да чаго трэба быць гатовымі, з якімі складанасцямі можна сутыкнуцца? Мы правялі адзін дзень з Нінай Нікалайчык, каб знайсці адказы на гэтыя пытанні.

[caption id="attachment_86013" align="alignnone" width="600"]3-16 Сацработнік Ніна Нікалайчык са сваёй падапечнай Ры­май Мі­ка­ла­еў­най.[/caption]

«А ў мяне цярпення крыху больш...»

Я з гэтымі бабкамі — як са сваімі, — тлумачыць Ніна Аляксандраўна раніцай па дарозе да сваёй першай падапечнай. — Мне вельмі не хапае маіх бацькоў. Мама памерла ў 82 гады. Бацька быў удзельнікам вайны, інвалідам 2-й групы, пайшоў ад нас яшчэ раней, у 69 гадоў. Так што мне прыходзіць да гэтых людзей проста ў радасць. А ўжо як яны мяне чакаюць! Калі маецца быць мой візіт, апранаюцца, прычэсваюцца. А адна жанчына перад маім прыходам заўсёды падфарбоўвае вусны, бровы...

Сённяшні наш працоўны дзень пачынаецца з візіту да Людмілы Іванаўны. Дакладней, спачатку трэба зайсці ў краму па прадукты, а потым ужо — да яе. Людміле Іванаўне ў жніўні будзе толькі 55, як і яе сацработніку, але яна інвалід з дзяцінства: парок сэрца. Мужу 70 гадоў, ён інвалід першай групы, сваякі ўсе жывуць далёка...

— Вам вельмі пасуе ваша кашуля, — з парога робіць камплімент Ніна Аляксандраўна.

— Так, я люблю чырвоны колер, — ружавее ад задавальнення жанчына. Але ўжо праз паўхвіліны пачынае скардзіцца на здароўе, распавядае, як яе «хуткая» забірала ў бальніцу «пад кіслародам». Цяпер вось патрэбны лекі, а яны дарагія...

— Дык давайце напішам заяву на матэрыяльную дапамогу, — прапануе сацработнік, — я вам дапамагу скласці, як у мінулы раз...

— Людміла Іванаўна ў нас любіць музыку, я ёй купляю дыскі, — распавядае мне Ніна Аляксандраўна, калі мы выходзім з кватэры. — Выпісвае медыцынскія часопісы, чытае газеты, каб ведаць навіны. Ведае, дзе знаходзіцца ўчастковы, як дайсці да пракурора, увогуле — у крыўду сябе не дасць (паўжартам). Вельмі любіць капусту з марынадам, кажа, што ад яе лягчэй зроку і лепш адчуваеш сябе...

У гэты час мы падыходзім да кіёска з агароднінай. «А вось капусты тут і няма, — мая спадарожніца трохі расчараваная. — Толькі ранняя, але яна дарагая зараз. Трэба ісці ў краму. Ячныя крупы яшчэ не забыцца купіць...

Да цяжкіх сумак ёй не прывыкаць: «Гэтымі днямі мае бабулі якраз пенсію атрымліваюць, таму заказаў шмат». А неўзабаве трэба будзе за кватэру ім плаціць. У паліклініцы сацработнік таксама часты госць: ва ўсіх яе падапечных маецца група інваліднасці, таму даводзіцца хадзіць па рэцэпты на лекі. Калі бабуля сама ідзе па рэцэпт, яна можа ўзяць яго ў памочніка ўрача. А калі сацработнік, тады трэба да ўчастковага тэрапеўта на прыём, а перад гэтым браць талончык. «Мне даводзіцца і на дом да сваіх падапечных выклікаць урача. Вядома, у кожнай з іх ёсць тэлефон, але ў рэгістратуру раніцай часам бывае складана датэлефанавацца, яны пачынаюць нервавацца. А ў мяне цярпення крыху больш...».

«Тэлефануе мне: Аляксандраўна, дапамагай!»

Усё гэта Ніна Аляксандраўна расказвае па дарозе ўжо да іншай сваёй падапечнай. Вось і патрэбны нам дом. Набіраем у пад'ездзе дамафон.

— Бягу-бягу, — чуем голас.

— Штосьці я дрэнна сябе адчуваю сёння, — скардзіцца з парога 82-гадовая Рыма Мікалаеўна, — відаць, ужо канец хутка...

— Рыма Мікалаеўна, вось вам капуста, нармальнага памеру, як вы і прасілі. Паясце — адразу лягчэй стане!

— Угу, — недаверліва чмыхае бабуля. Але тут жа ажыўляецца: — Распранайцеся, дзяўчаткі! Зараз кавы пап'ём.

«Рыма Мікалаеўна вельмі смачна гатуе і любіць пачаставаць. Гэта не вельмі вітаецца, але яна адмаўляецца гэта разумець, крыўдзіцца, калі не пакаштуеш, — усміхаецца сацработнік і, павярнуўшыся да Рымы Мікалаеўны, гаворыць: — Нам няма часу, зразумейце. Яшчэ за мост трэба ехаць, да Яўгеніі Макараўны».

— Вой, калі б не Ніна Аляксандраўна, я наогул не ведаю, як бы жыла. Я ж ужо даўно з дому не выходжу. Адна ўцеха — птушачак за акном пакарміць... Неяк вырашыла сама павесіць фіранку, ды ўпала — пакуль сацработнік прыбірае ў кватэры, пажылая жанчына дзеліцца са мной няхітрымі падрабязнасцямі свайго жыцця. — Добра, хоць у крэсла спікіравала. А гэта быў выхадны дзень. І што мне рабіць? Тэлефаную: Аляксандраўна, дапамагай! І яна тут як тут. У любы час дня і ночы да яе можна звярнуцца, дай ёй Бог здароўя... Я ўвогуле не ведаю, як яна нас, старых, вытрымлівае. Я кіравала ўчасткам на фабрыцы, 180 чалавек было ў падначаленні. І ведаю, як цяжка працаваць з людзьмі...

— Вам трэба пастрыгчыся, — кажа Ніна, падышоўшы да старой. — Давайце запросім дзяўчыну з сацыяльнай цырульні, гэта танней.

— У мяне свой цырульнік, — пярэчыць Рыма Мікалаеўна.

— Які? Вас мінулы раз наш сацыяльны цырульнік стрыг, вам спадабалася.

Ніна паварочваецца да мяне і ўсміхаецца, а я думаю: са старымі іншым разам, што з малымі...

Падапечная сацработніка Рыма Мікалаеўна ў Баранавічах жыве з 1964 года. Муж быў ваенным, у 2010 годзе ён памёр, а дзяцей няма. Цяжка ўявіць, як бы выжывалі такія вось адзінокія старыя, калі б не сацыяльная служба.

[caption id="attachment_86012" align="alignnone" width="600"]3-15 Трэ­ба ку­піць ка­пус­ты для па­да­печ­най.[/caption]

«Мы з ёй шпацыравалі на свежым паветры. На нас усе азіраліся!..»

80-гадовая Яўгенія Макараўна, да якой мы збіраемся «за мост», жыве на вуліцы Гагарына. Яна кажа, што не высыпаецца, таму просіць сацыяльнага работніка прыходзіць пазней. «Учора да яе заязджала дачка, крыху знервавала»... — па дарозе ў аптэку па лекі распавядае Ніна Аляксандраўна. І ў адказ на маё здзіўленае пытанне: «Вы, напэўна, у курсе ўсіх звычак і падзей у жыцці сваіх бабуль?» цярпліва тлумачыць: «А як жа? Мы, сацработнікі, пра сваіх падапечных ведаем усё. А яны пра нас. І фотаздымкі сямейныя адна адной паказваем, і дзелімся ўсім...». І зноў пераходзіць да аповеду пра сваю падапечную: «Вельмі прыгожая жанчына была ў маладосці, калі меркаваць па фота. Пакуль былі сілы, ездзіла да нас у тэрытарыяльны цэнтр спяваць у хоры. Вельмі любіць чытаць класіку. І перадачы па тэлевізары выбірае інтэлектуальныя. Любіць абмеркаваць іх, але ў мяне не заўсёды ёсць час глядзець тэлевізар. Дык я, калі была ў адпачынку, спецыяльна глядзела тыя перадачы, што глядзіць яна і іншыя мае бабулі, каб потым на роўных размаўляць з імі. Ім гэта вельмі прыемна».

Яшчэ адна падапечная, да якой мы заходзім пасля абеду, 76-гадовая Вера Васільеўна, таксама любіць чытаць, але пераважна дэтэктывы.

— Я часта хаджу ў бібліятэку, мяняю ёй кнігі. Там ужо стогнуць, не ведаюць, што ёй даваць: яна ўжо ўсё перачытала! — кажа Ніна Аляксандраўна. — А яшчэ яна любіць чытаць раённую газету, чакае серады, калі тая выходзіць. І любіць кветкі, раней заўсёды сама сабе купляла. Калі цвіце бэз, я, ідучы да яе, стараюся галінку прынесці. Раней, калі яна яшчэ магла хадзіць, мы з ёй шпацыравалі на свежым паветры. На нас усе азіраліся! Уявіце сабе: ружовыя штаны, ружовы пінжак, капялюшык, чорная вуаль, чорныя пальчаткі, сумачка і палачка! Ну і я побач, больш сціплая... Каля кожнага прадаўца Вера Васільеўна любіла спыніцца і расказаць пра сябе, як яна прыехала сюды з Валгаграда. Усе прадаўцы яе ветліва выслухоўвалі...

Знайсці падыход да кожнага падапечнага

Столькі мілых падрабязнасцяў аб кожнай бабулі, з такой пяшчотай яны расказваюцца... Адразу зразумела, што працу гэтую Ніна Аляксандраўна сапраўды любіць. Як і сваіх «кліентак». Памятаю, неяк я спытала ў адной сацыяльнай работніцы, пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства, што самае цяжкае ў гэтай працы. Тая адказала: наладзіць добрыя адносіны, знайсці падыход да кожнага падапечнага. Сапраўды, гэта ж праца з людзьмі, тут столькі цярпення трэба! Вось гэта галоўнае, ды яшчэ шчырая цікавасць да пажылых людзей. Прыборка, паход у краму і ў паліклініку, на пошту, у ЖЭС, банк, дапамога ва ўсіх астатніх справах — гэта таксама вельмі важна — і цяжка, і працаёмка... Але будзе любоў да людзей і цярпенне — будзе і ўсё астатняе. І нават кідацца ў вочы гэты цяжар не так ужо і будзе. Як у гэтым рэпартажы: усё больш пра бабулек, а пра тое, колькі ўсяго перарабіла Ніна Аляксандраўна за дзень, можна заўважыць, толькі калі вельмі ўважліва яго перачытаць.

Ад першай асобы

— У мяне ўсе падапечныя вельмі добрыя, удзячныя, — кажа Ніна Нікалайчык. — Слёзы ў вачах стаяць, калі адыходжу. Яны чакаюць мяне і ведаюць, што я да іх прыйду ў любое надвор'е. Не толькі дапамагу па хатняй гаспадарцы, але і выслухаю. Яны ўсе любяць пагаварыць пра свае хваробы. А што зробіш? Здароўе ў гэтым узросце — на першым месцы. Вось Рыма Мікалаеўна ў мяне забывае піць лекі, і гэта праблема. Прыходжу да яе: Рыма Мікалаеўна, ціск мералі? Давайце памераем! Мераю і бачу, што яна зноў таблетку не выпіла. «Рыма Мікалаеўна, давайце вып'ем таблетку!»

Або вось ёсць у мяне падапечны Мікалай Іванавіч... Патэлефаную яму, скажу, у які час прыкладна буду. А ён: я буду вас на лаўцы чакаць, ля пад'езда. Прыходжу — няма. «Ну, Мікалай Іванавіч, не дачакаліся! Не адбылося наша рамантычнае спатканне!» А ён смяецца ў адказ: «Ніна, я змерз!»

...Гэта самае прыемнае — адчуваць, што ты патрэбна, цябе чакаюць.

Святлана Бусько, фота аўтара.

КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Баранавічы Таццяна Сямёнава:

У нас у горадзе на сацабслугоўванні на даму знаходзяцца 556 гараджан, іх абслугоўваюць 65 сацыяльных работнікаў. У сярэднім на аднаго сацработніка прыпадае 8-9 падапечных. Колькасць пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў сацабслугоўванні на даму, расце. Часцей за ўсё старыя тэлефануюць да нас самі, калі перастаюць спраўляцца з паўсядзённымі абавязкамі. Тэлефон наш гараджане ведаюць, мы пастаянна рэкламуем свае паслугі.

На сацыяльнае абслугоўванне мы бярэм толькі непрацаздольных грамадзян, г. зн. інвалідаў 1-й альбо 2-й групы (пры гэтым усё роўна, колькі ім гадоў) або пажылых людзей, якім споўнілася 60 гадоў і больш. Ва ўсіх іх павінна быць медыцынскае заключэнне аб тым, што яны маюць патрэбу ў сацабслугоўванні на даму.

Самая маладая наша падапечная — 38-гадовая жанчына, якая пакутуе на сіндром Даўна. Ёсць і 48-гадовы інвалід-калясачнік 1-й групы. Ён яшчэ ў маладосці няўдала нырнуў і атрымаў траўму шыі, пасля чаго яго паралізавала. Самыя пажылыя — чатыры чалавекі 1918 года нараджэння, якім ужо па 97 гадоў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.