Вы тут

У прыярытэце — агульная выгада


Чым мы цікавыя для Індыі.

Апошнім часам супрацоўніцтвам з нашай краінай сур'ёзна цікавяцца найбуйнейшыя краіны свету. Колькі тыдняў таму Мінск з афіцыйным візітам наведаў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін, прычым прабыў ён тут тры дні. Гэта сведчыць пра тое, што супрацоўніцтву з Беларуссю ў Паднябеснай надаецца значная ўвага. Учора ў нашу сталіцу прыбыў Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы, таксама з афіцыйным візітам.

3-261

Сённяшняя Індыя — гэта не толькі краіна з велізарным мноствам нацыянальнасцей і моў і найстаражытнейшай культурай, не толькі імперыя кінаіндустрыі Балівуд, цэнтр будызму. Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, Індыя лічыцца самай хуткарастучай эканомікай свету, а па аб'ёме ВУП у мінулым годзе яна саступіла толькі Злучаным Штатам і Кітаю.

Чым жа цікавая наша дзяржава для Індыі? Як падкрэсліў напярэдадні свайго візіту ў Мінск Прэзідэнт гэтай краіны Пранаб Мукерджы, Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўразіі, — гэта «мост паміж Еўропай і Азіяй». Таму развіццё ўзаемнага супрацоўніцтва пойдзе на карысць абедзвюм краінам, тым больш што ў многім яны вельмі блізкія.

У нас шмат агульнага

У сваёй знешняй палітыцы Індыя лічыць сябе нашчадкам Гаутамы Будды і Махатмы Гандзі. Менавіта мірнымі дзеяннямі, заснаванымі на філасофіі ненасілля, Гандзі імкнуўся дамагчыся незалежнасці для сваёй краіны. «Наша прыхільнасць дэмакратыі, міру, вяршэнства закону, рэлігійнай цярпімасці і ненасілля з'яўляецца непарушнай, — заявіў у адным са сваіх апошніх інтэрв'ю Пранаб Мукерджы. — Мы з'яўляемся самай буйной дэмакратыяй у свеце і членам — заснавальнікам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а таксама Брэтон-Вудскіх устаноў. Лічым, што ўсе ўнутраныя канфлікты, а таксама разыходжанні ў знешняй палітыцы павінны вырашацца мірным шляхам і без ужывання сілы». З 1947 года, калі Індыя набыла незалежнасць ад Вялікабрытаніі, яна пастаянна выступала на міжнароднай арэне за спыненне войнаў і канфліктаў, за ўсеагульнае раззбраенне. Калі ў канцы 1940-х гадоў складаныя праблемы, якія стаялі перад краінай (першы ваенны канфлікт з Пакістанам пачаўся ўжо ў кастрычніку 1947 года), перашкаджалі актыўнаму ўключэнню ў сусветную палітыку, то з пачатку 1950-х гадоў на міжнародных форумах Індыя ўсё больш актыўна стала выступаць супраць любых відаў агрэсіі, расізму, каланіялізму і нарошчвання гонкі ўзбраенняў.

Тут нескладана правесці паралель з Беларуссю, якая ў першыя гады сваёй незалежнасці на справе, а не на словах даказала сваю прыхільнасць да прынцыпаў мірнай знешняй палітыкі — адмовілася ад ядзернай зброі і нават у самых складаных знешнепалітычных умовах імкнецца захаваць нейтралітэт. Што ж да савецкіх часоў, то ўжо тады БССР, краіна-заснавальніца ААН, актыўна выступала супраць каланіялізму, распрацоўкі новых небяспечных відаў зброі.

Зноў жа, калі казаць пра сучасную знешнюю эканамічную палітыку, то сёння і Індыя, і Беларусь зацікаўлены ў рэгіянальным супрацоўніцтве. Беларусь, якая ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз і мяжуе з Еўрапейскім саюзам, можа даць Індыі магчымасці выйсці як на рынак ЕАЭС, так і стаць бліжэйшай да Еўропы.

Фрагменты адной мазаікі

Прэзідэнт нашай краіны не раз казаў пра тое, што паказчыкі таваразвароту з Індыяй пакуль невялікія. У прыватнасці падчас сустрэчы ў 2013 годзе са спікерам Народнай палаты Парламента Індыі Мейрай Кумар, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «пераходзіць ад простага тавараабмену да кааперацыйных сувязяў, ствараць сумесныя прадпрыемствы, <...> паглыбляць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны». З гэтым згаджаецца і Прэзідэнт Індыі. Па яго меркаванні, «сённяшні ўзровень узаемнага гандлю, які складае каля $400 млн, значна ніжэйшы за існуючы патэнцыял».

На думку індыйскага боку, ёсць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва з нашай краінай у такіх сектарах, як традыцыйная і малая энергетыка, новыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі, металургія і горназдабыўная прамысловасць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць.

Сфера энергетыкі ўжо задзейнічана ў эканамічных стасунках паміж краінамі. Індыйская кампанія прыняла ўдзел у мадэрнізацыі Гродзенскай ТЭЦ-2. Праект рэалізоўваўся з прыцягненнем крэдытных сродкаў Экспартна-імпартнага банка Індыі. Увогуле ж, энергетыка — развітая сфера ў Індыі, і, як заўважыў напярэдадні свайго візіту ў Беларусь Пранаб Мукерджы, індыйскі бок гатовы прыняць удзел і ў іншых падобных праектах.

Індыя — індустрыяльна-аграрная краіна, таму вялікія перспектывы ў дадзеным выпадку ёсць у стварэнні беларускімі машынабудаўнічымі заводамі на яе тэрыторыі сумесных прадпрыемстваў. Іх прадукцыя без асаблівых цяжкасцей знойдзе збыт на велізарным індыйскім рынку.

Фармацэўтыка і інфармацыйныя тэхналогіі ў пэўным сэнсе з'яўляюцца брэндамі сучаснай Індыі. Таму тут ужо Беларусь зацікаўлена ў тым, каб адпаведныя кампаніі прыйші да нас. Ужо ў 2015 годзе ў нас з'явіцца першае сумеснае прадпрыемства па выпуску лекаў. У планах — запуск і новай лініі прэпаратаў, якія будуць дапамагаць хворым на ВІЧ. Што да супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій, то, як гэта ні парадаксальна, нам не трэба баяцца канкурэнцыі. Наконт гэтага Прэзідэнт Індыі выказаў упэўненасць, што канкурэнцыі гэтай зараз і няма. «Індыя стварыла навучальны ІT-цэнтр у Мінску, які забяспечыў высокі ўзровень падрыхтоўкі многіх беларускіх ІT-спецыялістаў, — адзначыў ён. — Мы лічым, што перавагі дзвюх краін у гэтай галіне павінны стымуляваць пашырэнне супрацоўніцтва. Нашы кампаніі могуць супрацоўнічаць і сумесна прадастаўляць паслугі на міжнародным і рэгіянальных рынках».

Зацікаўлена Індыя і ў імпарце калійных угнаенняў з нашай краіны. Па меркаванні індыйскага боку, гэта дасць магчымасць ім выканаць сваю праграму харчовай бяспекі, а Беларусь пры гэтым атрымае гарантаваны рынак збыту. Пры гэтым індыйскія кампаніі выказваюць зацікаўленасць у тым, каб укладваць інвестыцыі ў беларускія руднікі — у тым выпадку, калі такога кшталту супрацоўніцтва будзе абяцаць камерцыйную выгаду.

Як бачым, у эканамічным плане Беларусь і Індыя ўзаемадапаўняльныя, як фрагменты адной мазаікі.

* * *

Візіт Прэзідэнта Індыі ў нашу краіну, падпісанне сумеснай дарожнай карты беларуска-індыйскага супрацоўніцтва не толькі дадуць новы імпульс узаемадзеянню краін у чыста эканамічнай сферы. Раней наша газета ўжо пісала пра тое, наколькі б ажывілася супрацоўніцтва нашых краін з павелічэннем турыстычнага патоку. У спецыяльным інтэрв'ю «Звяздзе» Пасол Індыі ў Мінску спадар Манодж Кумар Бхарці падкрэсліў, што Індыя, як адна з самых буйных краін у свеце па колькасці насельніцтва, можа «падняць» турыстычную галіну любой краіны: індусы вельмі актыўна падарожнічаюць. Але, на жаль, пра Беларусь там пакуль што мала ведаюць. Пасля візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь наша краіна стане там сапраўды вядомай. І хто ведае, можа, праз год у нашых санаторыях будуць адпачываць і індускія сем'і!

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.