Вы тут

Калі жыць, дык з камфортам


Пераўтварэнне Бараўлян у горад-мару закладзена ў абласную праграму развіцця малых гарадоў.

Ці стануць Бараўляны такімі насамрэч? Пакажа час. Але, як задумана абласной праграмай развіцця малых гарадоў Міншчыны, адназначна ў пасёлку будзе больш камфорту для пражывання і магчымасцей для адпачынку.

3-21

Ужо сёння на поўную моц ідзе добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, уладкаванне газонаў, дзіцячых пляцовак, азеляненне, асфальтаванне вуліц, укладка тратуарных дарожак, афарбоўка і рамонт фасадаў будынкаў. Словам, аб'ём работ значны, закончыць асноўныя з іх плануецца да 1 лістапада.

— Змены закранулі і сацыяльна-культурныя аб'екты, установы аховы здароўя, адукацыі: рэканструююцца Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўвання — з тым, каб пашырыць спіс паслуг для насельніцтва. Заканчваецца будаўніцтва неабходнага для жыхароў спартыўна-аздараўленчага комплексу з басейнам, трэнажорнай залай, гульнявым цэнтрам для дзяцей. З'явіцца ў пасёлку і сетка новых аптэк, крамаў харчовых і бытавой хіміі, — распавяла намеснік старшыні Мінскага райвыканкама па будаўніцтве Ірына Савіцкая.

Яшчэ адна праблема для Бараўлян — недахоп дзіцячых садкоў. Многія бацькі ўладкоўваюць сваіх дзяцей у сталічныя дашкольныя ўстановы. А гэта, пагадзіцеся, не вельмі зручна. На тэрыторыі сельсавета працуе 6 садоў. Каб цалкам задаволіць попыт, патрэбна яшчэ як мінімум 5. Улады абяцаюць зняць дэфіцыт. Ужо сёлета пачнецца будаўніцтва сучаснай дзіцячай установы на 230 месцаў у вёсцы Ляскоўка. Што тычыцца школ, то іх таксама не хапае: дзве сярэднія і адна гімназія. Планавалася іх узвесці ў населеных пунктах Ляскоўка і Копішча. Але ад апошняй адмовіліся.

Узводзіць жыллё ў Бараўлянах не плануецца. Тут ужо пражывае 30 тысяч чалавек, а ўсяго на тэрыторыі сельсавета ў 18 населеных пунктах — 45 тысяч. Далейшага прыросту не вытрымаюць інфраструктура і камунікацыі. Бараўляны ўжо сёння фактычна лічацца спальным раёнам, а ў перспектыве, хутчэй за ўсё, за імі гэты статус замацуецца афіцыйна. Разам з тым для тых, хто тут жыве, трэба ствараць камфортныя ўмовы — такая неабходнасць наспела даўно. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў пасёлку знаходзіцца шмат устаноў аховы здароўя, як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага значэння. Штодня сюды прыязджаюць сотні наведвальнікаў. Многія на асабістых аўтамашынах. Дарогі ў пасёлку вузкія, часам цяжка размінуцца нават легкавушкам, катастрафічна не хапае парковачных месцаў для транспарту. У населеным пункце ўжо прыступілі да рамонту цэнтральных вуліц і пад'язных дарог, якія пашыраць да чатырох палос. Каля Рэспубліканскага анкалагічнага цэнтра з'явіцца стаянка на 400 машын. Мяркуецца ўладкаваць аўтапаркоўкі і каля ўсіх бальніц, а ў перспектыве павялічыць колькасць машына-месцаў у кожным двары.

Намеснік старшыні Мінскага райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы Уладзімір Юргевіч адзначае, што на дваровых тэрыторыях парадак наводзіцца з дапамогай саміх жыхароў. Яны ахвотна ідуць на кантакт з уладамі, у прыватнасці, на аснове долевага ўдзелу ўладкоўваюцца дзіцячыя пляцоўкі. Каб прывесці ў належны выгляд адзін двор, неабходна 200-300 млн рублёў. Цяпер рамантуюцца двары ў самых густанаселеных кварталах. Да восені мяркуецца добраўпарадкаваць яшчэ 15-20. З жыхарамі прыватнага сектара таксама праводзіцца адпаведная работа. Яны самі прыбіраюць прылеглую да сядзібы тэрыторыю, фарбуюць агароджы, фасады будынкаў, высаджваюць маладыя дрэўцы, газоны, разбіваюць клумбы.

— Членам 35 жыллёвых кааператываў і таварыствам уласнікаў, якія не абслугоўваюцца ЖКГ, давядзецца весці рамонт за асабістыя сродкі, — заўважыла Ірына Савіцкая. — Акрамя таго, наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі будуць і суб'екты гаспадарання, якіх налічваецца каля 50.

— Самае балючае пытанне для пасёлка — ліўневая каналізацыя. Пасля дажджу, веснавога разводдзя ўвесь бруд сцякае ў нізіну. Менавіта гэта стрымлівае дарожнікаў: спачатку трэба наладзіць «ліўнёўку», а потым ужо асфальтаваць вуліцу, каб не перарабляць усё нанова.

Але ў Бараўлянах ёсць аб'екты, якія варта браць за ўзор удумлівага падыходу да справы. Гэта Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца.

— Летась мы пачалі работы гаспадарчым спосабам, зрабілі цэнтральны ўваход, адрамантавалі палову кардыялагічнага аддзялення, замянілі вокны, дзверы, лінолеум, плітку, зрабілі новыя душавыя і туалеты. Усе работы абышліся нам у 439 млн рублёў. Да канца года плануем рамонт у пульманалагічным і прыёмна-дыягнастычным аддзяленнях, — адзначыў галоўны ўрач Дзмітрый Зайцаў. — Работы вядуць па грамадзянска-прававых дагаворах будаўнікі. А нашы супрацоўнікі выступаюць у ролі дызайнераў, падбіраюць фарбу, шпалеры, сантэхніку, каб усё гарманічна спалучалася, эстэтычна выглядала.

Наогул, як лічыць Дзмітрый Уладзіміравіч, працаваць гаспадарчым спосабам трэба ў камандзе, сумесна з загадчыкамі аддзяленняў, урачамі, медсёстрамі і санітаркамі. Гаспадарчы спосаб, на думку кіраўніка, дапамагае амаль удвая эканоміць грошы.

А што тычыцца сродкаў, то Мінскі аблвыканкам іх не шкадуе — выдзяляе ўстановам аховы здароўя, культуры, адукацыі на гэтыя мэты столькі, колькі яны могуць асвоіць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.