Вы тут

Медальёны вяртаюць Імёны


Магілёўскія школьнікі вывучаюць гісторыю Вялікай Айчыннай не толькі па падручніках.

«Яны маюць права на ўсё. Акрамя забыцця. Нават калі іх імёны невядомы і па-ранейшаму значацца ў спісах зніклых без вестак». Гэтыя словы сталі лейтматывам выставы «Загінулым вяртаюць імёны прачытаныя намі медальёны». Яна своеасаблівая справаздача таго, што зроблена пошукавікамі абласнога гістарычна-патрыятычнага клуба «Вікру».

Безимени-9

Сёння ён аб'ядноўвае 23 атрады і групы, якія дзейнічаюць на базе 16 устаноў адукацыі вобласці. Штогод навучэнцы разам са сваімі кіраўнікамі здзяйсняюць краязнаўчыя пошукавыя экспедыцыі па месцах былых баёў. З іх дапамогай выяўлены дзясяткі невядомых раней пахаванняў, урачыста перапахаваны 400 байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, імёны 38 з іх устаноўлены, наладжана сувязь з роднымі герояў.

Сярод экспанатаў — прадметы ваенных часоў, часопісы, кнігі, шматлікія фотаздымкі і дзясяткі газетных публікацый пра пошукавую дзейнасць клуба. Газетны шэраг пачынаецца менавіта са «Звязды» — яна неаднойчы пісала пра тую важную працу, якая робіцца пошукавікамі. Кіраўнік «Вікру» пісьменнік Мікалай Барысенка дэманструе патрон. Незвычайнае ў ім тое, што ён... прастрэлены. Зусім «свежы» экспанат, з яго нават яшчэ зямля сыплецца. 70 гадоў ён праляжаў у зямлі каля Буйніч — таго самага легендарнага поля мужнасці, апетага Канстанцінам Сіманавым у рамане «Жывыя і мёртвыя».

— На 30% усё, што мы прадставілі, абноўленае, з'явіліся новыя фотаздымкі, кнігі. Нарэшце перамагла гістарычная справядлівасць — выдадзена кніга пра «забытую» 161-ю Магілёўскую гвардзейскую дывізію. Палова яе — архіўныя дакументы, рэдкія здымкі, — расказвае Мікалай Барысенка.

Юнакі разглядаюць схаваныя за шклом «жалезкі». Ёсць тут вельмі рэдкія раменныя спражкі, якія ў «чорных капальнікаў» на вагу золата. Напрыклад, юнацкай фашысцкай арганізацыі «Дойчэ юнгфольк». Побач не менш эксклюзіўная — штурмавіка СА. Яны таксама знойдзены пад Магілёвам. Яшчэ ў адной вітрыне кажух са ствалом кулямёта МГ — знаходка з месца абарончых баёў у раёне вёскі Брускі, дзе 172-я дывізія выходзіла з акружэння. Рэшткі самалётаў — адзін выцягнуты з дрыгвы ў Клічаўскім раёне, другі знойдзены каля вёскі Макаранцы. Па нумары рухавіка быў устаноўлены экіпаж бамбардзіроўшчыка.

[caption id="attachment_86249" align="alignnone" width="600"]Фашысты пакінулі  на захопленай зямлі не толькі свае жыцці, але і «жалезкі»... Фашысты пакінулі
на захопленай зямлі не толькі свае жыцці, але і «жалезкі»...[/caption]

Каб адразу паказаць усё тое, што было знойдзена пошукавікамі больш чым за 20 гадоў існавання клуба, спатрэбілася б не адна такая зала. І гэта не ўлічваючы тыя экспанаты, якія захоўваюцца ў школьных музеях баявой славы. У красавіку быў аб'яўлены абласны конкурс «Іх подзвіг мы ў сэрцы захаваем», каб выявіць, наколькі адчувальнай можа быць іх роля ў выхаванні моладзі. Уразіцца было чаму. Музеямі сабраны запісы ўспамінаў удзельнікаў вайны, створаны аўдыя- і відэатэкі «Жывыя галасы ветэранаў», фонды папоўніліся экспанатамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

За апошнія тры гады пошукавым атрадам «Узлёт», што існуе пры музеі Дараганаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, выяўлены 12 няўлічаных месцаў пахаванняў чырвонаармейцаў і партызан, праведзена перапахаванне астанкаў у брацкую магілу каля школы, устаноўлены відавочца трагедыі масавага расстрэлу дзяцей з санаторыя «Крынкі». Фонды музея папоўніліся на 373 адзінкі, сярод экспанатаў — рама кабіны «юнкерса», збітага ў 1944 годзе над тэрыторыяй Дараганаўскага сельсавета, каркас кавалерыйскага сядла, кавалерыйская шашка і шмат чаго іншага.

Працоўнай групай «Інфанет» Магілёўскай сярэдняй школы №34 створаны электронны архіў фондаў музея, аблічбаваны тысячы тэкставых старонак і ўсё гэта выкладзена на сайт установы. За апошнія два гады гэтую каштоўную інфармацыю прагледзелі больш за 120 тысяч наведвальнікаў з розных краін свету. У школьным музеі захоўваецца відэаархіў успамінаў ветэранаў і відэатэка фільмаў па гісторыі Магілёва, а дзякуючы ўнікальнай картатэцы помнікаў, пахаванняў, мемарыяльных і памятных дошак на тэрыторыі Магілёва, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, нават завязалася супрацоўніцтва з Нацыянальнай службай узаемнага пошуку людзей «Чакай мяне». І гэтыя школы не выключэнні. Самае каштоўнае тое, што ўвесь гэты бясцэнны матэрыял не ляжыць у іх музеях мёртвым грузам — тут ладзяцца тэматычныя заняткі, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі. Праводзяцца выязныя ўрокі, арганізуюцца перасовачныя экспазіцыі, каштоўная інфармацыя выкладваецца ў інтэрнэт.

Па выніках абласнога конкурсу музеяў найлепшым школьным музеем названы Дараганаўскі (Асіповіцкага раёна), якім кіруе Жанна Караленя. У якасці каштоўных прызоў ён атрымаў ноўтбук і энцыклапедыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».