Вы тут

Узровень, адпаведны патэнцыялу


Наша краіна гатова будаваць больш глыбокія і шырокія адносіны з Індыяй.

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам Мукерджы. «Мы ніколі не хавалі гонару за адносіны з Індыяй, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы гатовы прайсці свой шлях хутка, эфектыўна, адказна, калі будзе на тое ваша воля, вельмі хутка можам падняць і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны на нармальны ўзровень, адпаведны нашым патэнцыялам».

4-31

Што тычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, дыпламатыі, то Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Індыі ніколі не было дрэнных адносін і праблем. Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго індыйскага калегу, што так будзе і надалей.

«Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць — бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша», — сказаў беларускі лідар.

«Напярэдадні вашага візіту ў Беларусь з аднаго і другога боку, як мяне інфармавалі, яшчэ хапае скептыкаў у дачыненні да паглыблення нашага супрацоўніцтва. Напэўна, будзе правільна, калі мы падобных людзей моцна расчаруем і зробім максімум для таго, каб нашы адносіны
былі маштабнымі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнты абмеркавалі канцэптуальна і практычна канкрэтныя сферы двухбаковага супрацоўніцтва і дамовіліся дыверсіфікаваць адносіны, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. «Мы гатовы не толькі да абмеркавання, але і прыняцця канкрэтных рашэнняў», — адзначыў беларускі Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Індыі рэалізацыю шэрагу новых сумесных узаемавыгадных праектаў з Беларуссю як у прамысловай, так і ў гуманітарнай сферах.

«З першых дзён незалежнасці Беларусі ваша краіна стала нашым верным і надзейным сябрам. За больш чым дваццацігадовую гісторыю дыпламатычных адносін мы наладзілі паўнавартасны партнёрскі дыялог. Сёння Беларусь гатова да яшчэ больш цеснага двухбаковага супрацоўніцтва», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Маючы сучасныя тэхналогіі, абсталяванне, мы можам удзельнічаць у мадэрнізацыі горназдабываючай галіны Індыі, павышэнні прадуктыўнасці яе нафтагазавага сектара», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў найбліжэйшыя гады Індыя плануе значна павялічыць здабычу вугалю, што запатрабуе прыцягнення дадатковай тэхнікі для такой распрацоўкі. Паводле яго слоў, у Індыі ўжо працуюць велікагрузныя аўтамабілі БелАЗ і паказваюць высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі. «Мы прапануем завяршыць да канца 2015 года стварэнне ў вашай краіне ўласнага цэнтра сэрвіснага абслугоўвання такіх складаных машын. Гэта дазволіць забяспечыць паўнавартасны ланцужок своечасовага, якаснага і эфектыўнага абслугоўвання беларускай кар'ернай тэхнікі ад яе продажу да эксплуатацыі», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандру Лукашэнку бачыцца перспектыўнай арганізацыя сумесных вытворчасцяў аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. «Упэўнены, што вырабленыя ў Індыі машыны і абсталяванне будуць карыстацца попытам і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Такім чынам, мы ў гэтыя краіны зможам выйсці ўжо з сумеснай беларуска-індыйскай прадукцыяй», — падкрэсліў беларускі лідар. Пры гэтым, на яго думку, важна наладзіць не толькі абмен тэхналогіямі, але і ўзаемна развіваць тавараправодныя сеткі для выхаду на новыя рынкі.

Не менш перспектыўным, на думку кіраўніка беларускай дзяржавы, выглядае і ўзаемадзеянне ў галіне трактарабудавання. Беларускія трактары вядомы ў Індыі з савецкіх часоў. «Сёння, мабыць, эканамічна мэтазгодна прыступіць да арганізацыі ў Індыі сумеснай вытворчасці тэхнікі пад брэндам «Беларус». Гэты праект адпавядае духу праграмы «Рабі ў Індыі», якая рэалізуецца вашым урадам. З улікам індыйскай праграмы «Развіццё прафесійных навыкаў» мы маглі б аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі, патрэбнай для вашай эканомікі», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Для гэтага ён прапанаваў абмеркаваць пытанне стварэння з беларускім удзелам тэхнічных навучальных цэнтраў у Індыі.

У пытанні сумеснага прасоўвання беларускіх і індыйскіх тавараў Аляксандр Лукашэнка лічыць важным таксама ўмацаванне сувязяў паміж банкамі і фінансавымі арганізацыямі дзвюх краін.

«Мы цесна ўзаемадзейнічаем з індыйскімі кампаніямі па рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў электраэнергетыкі Беларусі. Паглыбленне кааперацыі ў гэтай сферы, як і ў ажыццяўленні іншых інфраструктурных праектаў, будзе выгадна дзвюм краінам», — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларускі бок вітае прыход індыйскіх інвестараў у сферу фармацэўтычнай вытворчасці, прымаючы пад увагу дасягненні Індыі ў фармацэўтыцы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, перспектыўнымі могуць таксама стаць сумесныя распрацоўкі ў галіне нана- і біятэхналогій, мікраэлектронікі, машынабудавання, аднаўляльных крыніц энергіі.

«Такія вытворчасці мы прапануем ствараць у індустрыяльным парку «Вялікі камень». Рэзідэнты парка карыстаюцца падтрымкай урада Беларусі, беспрэцэдэнтнымі льготамі і бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Еўрапейскага саюза», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што сумесныя рашэнні паслужаць дадатковым імпульсам для рэалізацыі новых узаемавыгадных праектаў.

«З Індыяй нас раздзяляюць толькі геаграфічныя адлегласці, але яны ніколі не стануць перашкодай у развіцці кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі, таму што ў нашых краін і народаў ёсць сур'ёзная гісторыя адносін», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы пацвердзіў вялікія перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. На яго думку, гэтаму будзе садзейнічаць маючы адбыцца беларуска-індыйскі бізнес-форум. «Упэўнены, што беларускія і індыйскія кампаніі знойдуць агульныя інтарэсы», — сказаў Пранаб Мукерджы.

Ён паведаміў, што ўрад Індыі прыняў рашэнне прызнаць Беларусь рынкавай эканомікай. На яго думку, гэта палепшыць гандлёва-эканамічныя адносіны ў шмат разоў у найбліжэйшыя гады.

Пранаб Мукерджы падкрэсліў, што Індыя мае намер выдзеліць для сваіх кампаній крэдытную лінію ў $100 млн для рэалізацыі сумесных з Беларуссю праектаў у тых галінах, якія будуць вызначаны ў ходзе беларуска-індыйскіх перамоў на найвышэйшым узроўні.

«Нягледзячы на тое, што гандлёва-эканамічныя адносіны развіваюцца, ёсць вялікія магчымасці для іх актывізацыі, — лічыць індыйскі лідар. — Неабходна дыверсіфікаваць сектар прадаваных тавараў, каб перавысіць сённяшні ўзровень тавараабароту ў $400 млн».

Па выніках перагавораў на самым высокім узроўні быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў. У прыватнасці Беларусь і Індыя падпісалі дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама пратакол да міжурадавага пагаднення аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць (капітал). Мемарандумы аб супрацоўніцтве падпісаны ў сферы фінансаў, стандартызацыі і інфармацыйнай падтрымкі, у вяшчанні, у галіне тэкстылю, адзення і індустрыі моды.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».