Вы тут

Альтэрнатыўная дыпламатыя Міхаіла Маргуліса


Агульныя каштоўнасці як спосаб знайсці паразуменне.

Канфлікты паміж краінамі і ўнутры краін могуць вырашыцца, калі бакі знойдуць у сябе агульныя каштоўнасці. Менавіта на гэтым базіруецца канцэпцыя альтэрнатыўнай дыпламатыі Міхаіла МАРГУЛІСА, прэзідэнта рэлігійных арганізацый «Духоўная дыпламатыя» і «Хрысціянскі мост», ганаровага консула нашай краіны ў штаце Фларыда.

[caption id="attachment_86205" align="alignnone" width="600"]Міхаіл Маргуліс (злева) з Аляксандрам Валковічам даўнія сябры. Міхаіл Маргуліс (злева) з Аляксандрам Валковічам даўнія сябры.[/caption]

Падчас апошняга прыезду ў Беларусь Міхаіл Маргуліс сустрэўся з Аляксандрам Валковічам, пісьменнікам, рэдактарам брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс». З ім яны даўнія сябры. Пазнаёміліся ў 2004 годзе, калі Міхаіл Маргуліс прыехаў у Брэст, суправаджаючы на гістарычную радзіму ўраджэнца Століншчыны — місіянера Алекса Леановіча. Тады Аляксандр Валковіч запрасіў Міхаіла Маргуліса на інтэрв'ю, падчас размовы выспела ідэя напісання сумеснай кнігі аб развіцці Беларусі, хрысціянскіх каштоўнасцях, маралі з пункту гледжання прапаведніка і атэіста. Праца над кнігай працягваецца і зараз.

Разам з Аляксандрам Валковічам на сустрэчу з амерыканскім госцем накіраваліся і карэспандэнты «Звязды». Міхаіл Маргуліс пагадзіўся расказаць нашым чытачам пра сваю тэорыю мірнага суіснавання краін, украінскі канфлікт, сутнасць хрысціянства, асабістае стаўленне да Беларусі і беларусаў.

— Міхаіл Зіноўевіч, як вы прыйшлі да канцэпцыі духоўнай дыпламатыі?

— У 1991 годзе арганізаваў першы афіцыйны візіт лідараў амерыканскіх хрысціян у Савецкі Саюз. Мы пабывалі ў Вярхоўным Савеце, КДБ, Акадэміі навук, Савеце Міністраў. У Крамлі нас прыняў Міхаіл Гарбачоў, Прэзідэнт Савецкага Саюза. Тады я расказаў яму пра сваю ідэю: рашаць унутраныя і знешнія канфлікты не традыцыйнымі метадамі, а з дапамогай духоўных каштоўнасцяў канфліктуючых бакоў. Напрыклад, мусульманін і хрысціянін павінны знайсці ў Бібліі і Каране ідэнтычныя месцы, якія гавораць пра мір, любоў, узаемапаразуменне паміж людзьмі. А Гарбачоў у адказ сказаў: «Для мяне гэта гучыць утапічна, але, думаю, у будучыні гэта будзе дзейнічаць». Так яно і атрымалася. Мы былі ў 56 краінах. У многіх месцах мелі магчымасць спыніць канфлікт — гэта было ў В'етнаме, часткова ў Ізраілі, часткова ў Камбоджы. Мы стараемся прыкладаць намаганні, каб вызваліць некаторых людзей з турмаў, імкнёмся растлумачыць значэнне хрысціянства.

Большасць хрысціян у свеце жыве ад наведвання да наведвання царквы. Амерыканскае хрысціянства — натуральна, не ўсё, але ў многім — іншае. У Амерыцы хрысціяне — не толькі рэлігійная група. Іх у нас больш за 180 мільёнаў. Гэта палітыкі, бізнесмены, эканамісты, навукоўцы... Мы заўсёды гаворым, што хрысціянства — гэта не рэлігійны фанатызм, гэта шырокае жыццё. Можна выказацца партыйным словам — ідэалогія, хоць гэта і не ў поўным сэнсе яна.

Мне Прэзідэнт вашай краіны некалі сказаў: «Майкл, я разумею, гэта ўсё добра, але вы ж ведаеце, як часта ў свеце людзі выкарыстоўвалі рэлігію для прыкрыцця палітычных канфліктаў». Так, і зараз выкарыстоўваюць. Але я маю на ўвазе не ўсю рэлігію, а толькі тое, што рэальна мае месца быць. Я не кажу пра некаторыя накірункі ісламу, які зараз заняў агрэсіўную пазіцыю, не кажу пра намінальнае хрысціянства, я кажу пра амерыканскае пратэстанцка-евангельскае хрысціянства. Думаю, што наш духоўны рух атрымаў увасабленне ў жыцці і шмат разоў спыняў канфлікты.

— Вы наведалі больш чым паўсотні краін, прапаведавалі хрысціянства, расказвалі пра сваю канцэпцыю духоўнай дыпламатыі. Наколькі ўспрымаюць яе звычайныя людзі, ідэя гэтая ўсё ж такі некалькі нерэальнае...

— Калі Жуль Верн пісаў пра жалезных птушак і падводныя лодкі, усе называлі гэта фантазіяй. Але сёння лятаюць самалёты, лодкі пагружаюцца на дно акіяна. Усё можа стаць рэальнасцю. Наша канцэпцыя ўжо не цалкам утапічная, бо сёння дыпламатам ужо не вераць. А мы ніколі нічога не просім, нічога нам не патрэбна. Палітыкі разумеюць гэта і давяраюць нам.

— Не магу не ўзгадаць пра Украіну. Вы былі на Майдане. Якія намаганні вы прыкладалі, каб спыніць гэты канфлікт?

— Часам у мяне бывае інтуіцыя на нейкія трывожныя падзеі ў свеце. Я адчуваў, што нешта такое адбудзецца ва Украіне і папярэджваў амерыканцаў: «Не будзіце людзей, дачакайцеся выбараў, праз год Януковіча не схочуць...» Але яны падахвочвалі маладых людзей, плацілі нейкія грошы. Вынікам усяго гэтага стаў бунт.

Я сустрэўся два разы з Януковічам, адзін раз я шчыра яму сказаў: «Віктар Фёдаравіч, у мяне такое адчуванне, што выспявае бунт і будзе кроў». А ён мне: «Вы ў Амерыцы, далёка, а Украіна мяне любіць». Яго памочнікі прыдумалі яму такую краіну, якой не было ў рэальнасці.

Калі ж пачаўся Майдан, я і амерыканцаў прасіў, і з паслом амерыканскім у Кіеве размаўляў: не трэба заводзіць людзей, моладзь настроена нацыяналістычна і будзе дабівацца свайго, а не слухаць вас. Некаторыя мяне слухалі, але змяніць ход гісторыі было ўжо немагчыма.

Я сапраўды быў на Майдане, калі хрысціяне кідалі бутэлькі з запальнай сумессю і казалі блюзнерскія рэчы: маўляў, калі б Хрыстос быў тут, ён бы таксама кідаў бутэлькі. Грэх такое казаць. Гэта быў бунт, звяржэнне законна выбранага прэзідэнта. Сапраўды, былі падставы яго зняць, але не такімі метадамі.

— Вы кансультуеце амерыканскі ўрад, Кангрэс, асноўваючыся на прынцыпах духоўнай дыпламатыі. Наколькі яны адкрыты для гэтага? Ці прыслухоўваюцца да вашых парад? Бо ўсё ж такі Амерыка — краіна, якая ва ўсім свеце зарэкамендавала сябе як агрэсіўная дзяржава...

— Амерыку мала хто ведае, асабліва тут. Амерыка — гэта глыбока хрысціянская краіна і... вясковая: вельмі шмат фермерскіх гаспадарак у нас. Пра яе многія думаюць, што гэта, у першую чаргу, Уол-стрыт, віскі і Абама. Гэта няправільна. У Амерыцы людзі імкнуцца прытрымлівацца хрысціянскіх каштоўнасцяў, дапамагаць адзін аднаму, дапамагаюць замежнікам, людзям, якія толькі пачынаюць жыць у гэтай краіне. У Амерыцы прадугледжана вельмі добрая сацыяльная дапамога людзям бедным, хворым...

Наконт вашага пытання. Сапраўды, да мяне сталі прыслухоўвацца. Апошнія 11 гадоў мы імкнёмся пераканаць амерыканскі Кангрэс, урад зробіць крокі насустрач Беларусі. І дагэтуль ёсць санкцыі ў адносінах да вашых прадпрыемстваў, у той час калі ваша краіна мае патрэбу ў амерыканскім рынку. Праўда, некаторыя абмежаванні ўжо знялі: у адносінах да «Беларуснафты», аднаго вашага банка; зараз плануецца зняцце іншых санкцый, пашырэнне пасольстваў дзвюх краін. Гэта знак таго, што прыслухоўваюцца.

— Міхаіл Зіноўевіч, вы нарадзіліся ва Украіне, з любоўю гаворыце пра Амерыку і абараняеце інтарэсы Беларусі. Усё ж такі, прадстаўніком якога народа вы сябе лічыце?

— Мяне пытаюць: чаму Беларусь? Мяне вельмі многаму навучыў мой духоўны бацька — Аляксей Паўлавіч Леановіч, які меў беларускае паходжанне. І неяк паступова я пранікся любоўю да Беларусі: яна такая невялікая, сціплая. Ёсць нябачныя духоўныя ніці... Шмат людзей я тут палюбіў — мне падабаецца іх душэўнасць, раздумлівасць, падабаецца іх пакорлівасць. У мяне шмат сяброў тут: пісьменнік Аляксандр Міхайлавіч Валковіч, кампазітар Ігар Лучанок, трошкі ведаў Васіля Быкава, Уладзіміра Мулявіна. Увогуле, любоў жа не растлумачыш...

Як украінец, я свабодна размаўляю па-ўкраінску, скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. Але не магу сказаць, што цалкам лічу сябе ўкраінцам. У нас у сям'і вельмі шмат розных нацыянальнасцяў: акрамя славянскіх, гэта італьянцы, амерыканцы, яўрэі, нават літоўцы ёсць. Я не лічу сябе прыналежным да нейкага аднаго народа, а адчуваю сваю прыналежнасць да ўсіх народаў, усіх людзей і не цікаўлюся, да якой нацыянальнасці яны сябе адносяць.

Вось ішоў я па Мінску, а насустрач мне ідзе бабулька з ландышамі. Я гляджу на яе, а яна мяне пытае: «Ты што, ведаеш мяне, сынок?» Адказваю: «Так, трошкі ведаю». Падышоў і абняў яе. Яна стала плакаць. Вось і ўся гісторыя пра маю любоў да вашай краіны. Тое ж самае я часам адчуваю ва Украіне, у Амерыцы.

— То бок у нейкім сэнсе вы — касмапаліт?

— Так, у добрым сэнсе, дэмакратычным. Касмапаліт — які належыць усім і жыве для ўсіх.

— З'яўляючыся ганаровым консулам Беларусі ў Фларыдзе, як вы прасоўваеце ідэю сяброўства паміж Амерыкай і Беларуссю? Вы паказалі нам праект беларуска-амерыканскага гандлёвага дома...

— Гэты праект пакуль што ў далёкай перспектыве. Што да сённяшняй працы, то мы цесна ўзаемадзейнічаем з Паркам высокіх тэхналогій — гэта гонар Беларусі, ён вядомы ва ўсім свеце. Нядаўна ў Маямі мы прадставілі іх амерыканскім бізнесменам. Сённяшнія кліенты Парка высокіх тэхналогій — гэта і Mіcrosoft, і Coca-Cola, і Amerіcan Aіrlіnes... Таксама мы арганізоўвалі сустрэчу ў горадзе Сарасоце Алега Краўчанкі, кіраўніка ўпраўлення Амерыкі пры МЗС Беларусі, з амерыканскімі бізнесменамі. Мы імкнёмся прыцягнуць увагу да Беларусі амерыканскіх кампаній, банкаў, каб яны ўваходзілі ў яе эканамічную сістэму.

— У чым мэта вашай цяперашняй паездкі ў Беларусь? Учора вы разам з камандай амерыканскіх баскетбалістаў пабывалі ў дзіцячым доме для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў у Чэрвені...

— Мы і іншыя беларускія дзіцячыя дамы наведалі. Былі ў Гомелі, у доме для дзяцей, якія нарадзіліся з анкалагічнымі захворваннямі, былі ў Вілейцы, былі ў Чэрвені, дзе 70 дзяцей з 293 — нерухомыя. Дарэчы, з намі там быў дастаткова вядомы амерыканскі кангрэсмен Стывен Пірс, якога я ўгаварыў паехаць з намі ў Беларусь.

Увогуле, гэтая паездка — яшчэ адзін крок на шляху да паляпшэння адносін паміж Амерыкай і Беларуссю. Не толькі палітыкі павінны прасоўваць узаемаадносіны паміж краінамі, але і мы самі.

Зараз век высокіх тэхналогій, людзі з дапамогай інтэрнэту сталі бліжэйшымі адзін да аднаго. Думаю, што наша паездка была вельмі важнай: гэта духоўная дыпламатыя праз спорт. У нас было дзве гульні: у Мінску і Магілёве. У Мінску мы прайгралі, у Магілёве выйгралі. У выніку перамагла дружба.

— Вы з'яўляецеся прафесарам літаратуры, пісьменнікам. А беларускія матывы адлюстроўваюцца ў вашай літаратурнай творчасці?

— Больш у журналісцкай. Пішу па выніках сваіх паездак у Беларусь — пра яе развіццё, дасягненні.

Калісьці ваш Прэзідэнт сказаў: «Спадар Маргуліс, мы выбралі наш шлях. Магчыма, ён не найлепшы, магчыма, на ім будзе шмат памылак, але гэта наш шлях. Мы не хочам быць прыдаткам ні да Расіі, ні да Амерыкі, ні да нейкай іншай краіны. Мы хочам быць самастойнымі і сябраваць з усімі». Сапраўды, няма раю на Зямлі, няма яго і ў Беларусі, няма яго і ў Амерыцы, хоць там і камфортна жыць. Але кожны з нас можа пабудаваць рай у сваім сэрцы. Я заўсёды кажу, што грошай і любові ніколі не бывае шмат. Грошай, каб усім дапамагчы, у нас не хопіць, але любоў сваю мы можам даць. І, на маю думку, гэта адна з самых вялікіх мэт. Калі я памру ў той момант, як буду дапамагаць некаму, я буду шчаслівы. Увогуле, кожны чалавек, нават калі ён дрэнны, стане трошкі лепшым, калі вы скажаце яму добрыя словы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

 

Даведка

Багаслоў, прапаведнік, пісьменнік, доктар літаратуры Міхаіл (Майкл) Маргуліс нарадзіўся ў Кіеве, аднак у 70-х гадах эмігрыраваў у Злучаныя Штаты, дзе прыняў пратэстантызм. З'яўляецца аўтарам новай духоўна-палітычнай канцэпцыі «духоўная дыпламатыя». У яе аснове — пераадоленне канфліктаў унутры краін і паміж краінамі з дапамогай духоўных каштоўнасцяў канфліктуючых бакоў. Шмат гадоў Міхаіл Маргуліс працаваў пазаштатным экспертам па Усходняй Еўропе з амерыканскімі сенатарамі Джэсі Холмсам і Маркам Хэтфілдам. Вядомы яго палітычныя артыкулы «Амерыцы патрэбны новыя сябры», «Дэградацыя амерыканскай дыпламатычнай школы», «Таталітарызм лібералізму», «Як разумець свабоду».

Сустракаўся з 5 прэзідэнтамі ЗША: Джымі Картэрам, Рональдам Рэйганам, Джорджам Бушам, Білам Клінтанам і Баракам Абамам. А таксама з прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, прэзідэнтам Кыргызстана Аскарам Акаевым... Міхаіл Маргуліс даволі часта прыязджае ў Беларусь і з асаблівай павагай ставіца да шляху развіцця, які абрала наша краіна. Вядома выказванне гэтага чалавека пра беларусаў, якое гучыць так: «Вас жыццё навучыла цярпенню, а цярпенне навучыла вас жыць». Міхаіл Маргуліс неаднаразова сустракаўся з Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.