Вы тут

Эканоміка шукае лідараў


...Усё змяшалася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. За аўдыторнымі партамі — выкладчыкі нароўні са студэнтамі. Крэйдай на зялёнай дошцы — не сцертая яшчэ формула разліку патрэбнасці ў абаротных сродках, а на экране побач — партрэт Уладзіміра Караткевіча ў «зялёным» студэнцкім юнацтве. «Выкладчыкі» — у вышыванках, замест лекцыі — «літгасцёўня».

Гэткія хітрыкі часопіса «Маладосць». І дакладна невядома, ці быў гэта піяр-крок у рамках падпісной кампаніі, ці ўжо распачатае святкаванне сёлетняга 85-годдзя з дня нараджэння ўлюбёнца ўсіх рамантыкаў Уладзіміра Караткевіча, ці проста падарунак установе, у прыватнасці кафедры нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання з нагоды адкрыцця новай спецыяльнасці. Спынімся, прынамсі, на апошнім пункце.

— Эканоміка краіны мае вострую патрэбу ў сапраўдных гаспадарчых лідарах, здольных мысліць стратэгічна і творча, прымаць рацыянальныя кіраўніцкія рашэнні, — гаворыць Алена Дорына, загадчык кафедры нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання БДЭУ, ініцыятар увядзення новай спецыяльнасці «Нацыянальная эканоміка» з прысваеннем кваліфікацыі «эканаміст-аналітык». — Ва ўмовах развіцця і ўдасканалення эканамічных стасункаў значна ўзрастае роля рэгіёнаў, і гэта абвастрае праблему недахопу высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодалі б нетрадыцыйным эканамічным мысленнем, маглі б даваць ацэнку і прагноз эвалюцыі і трансфармацыі таго ці іншага рэгіёна, яго рэсурснаму, навукова-тэхнічнаму, дэмаграфічнаму і працоўнаму патэнцыялам. Нам патрэбны фінансавыя аналітыкі, кемлівыя і надзейныя практыкі, якія, працуючы ў рэгіёнах, як мінімум валодаюць асновамі макра- і мікраэканомікі, менеджменту і права, псіхалогіі і маркетынгу, інфарматыкі і статыстыкі. Час адміністратараў старой фармацыі сыходзіць у нябыт. Дык чаму б не адкрыць сучаснай моладзі магчымасць рэалізацыі яе творчага патэнцыялу ў такой неабходнай грамадству і дзяржаве сферы?

Што такое нацыянальная эканоміка? Пытанне, на якое так проста не адкажаш. А калі ўзяць гэты выраз у двукоссе? Тады гэта спецыяльнасць, якая арыентуе на глыбокае веданне не сухіх фармулёвак і абстрактных схем, што дзейнічаюць толькі на старонках падручнікаў, а тэндэнцый, заканамернасцей, асаблівасцей развіцця эканомікі канкрэтнай краіны, канкрэтнага рэгіёна.

Галоўная мэта новаўвядзення БДЭУ — на фундаменце міждысцыплінарнага падыходу вучыць студэнтаў эканамічным паводзінам, метадам і працэдурам кіравання, у тым ліку і ў надзвычайных і крызісных сітуацыях. Будучыя спецыялісты будуць авалодваць сістэмнымі ведамі ў галіне дзяржаўнага кіравання малым і сярэднім бізнесам і знешнеэканамічнай дзейнасці. Практыка-арыентаваны працэс навучання прадугледжвае дзелавыя гульні і тэматычныя дыскусіі за «круглым сталом» з кіраўнікамі буйных прадпрыемстваў.

Святлана Дзянісава

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.