Леў


Урывак з апавядання

Станіслаў Дзяркач

 

Марка ляжала перада мной на стале. Што цяпер было? Не магу ўцяміць. Як успамін, далёкі і дзіўны, які навявае сум...

Так, стоп.

Я забіў Юлю.

Я ясна памятаю кожны ўдар, што нанёс ёй!

Божа!

Палец імгненна набраў на клавіятуры сем лічбаў.

Гудок, потым яшчэ адзін і яшчэ.

— Алё! Мілы?

— Юля? Ты... жывая?

— Леў! Ты зноў абкурыўся? Ты зноў?

— Не, не, усяго толькі сон!

— Ты за дурніцу мяне трымаеш?

— Клянуся, Юлечка, я яшчэ нічога не еў! Я так рады, што ўсё ў парадку! — я і праўда быў нечувана рады.

— Добра. Што прысніў хоць?

— Ды ўжо не важна! Чым ты займаешся? — я памяняў тэму.

Яшчэ пяць хвілін размовы.

Дзіўная справа. Што ўсё гэта магло значыць? Трэба пачакаць з наркотыкамі. У будучыні.

Марка зручна лягла пад язык.

Насенне датуры разжоўваліся з хрустам, абліваючы рэцэптары языка горыччу.

У прыродзе ўсё, што горкае, атрута.

За акном вялізнымі камякамі падаў снег.

Увесь мой пад'езд завалены рыбамі. Сотні, сотні рыб, якія скачуць і бязгучна разяўляюць раты, сотні слізкіх, смярдзючых рыб. Адна з іх, самая прадстаўнічая, у цыліндры, з палкай і маноклем, заявіла мне:

— Леў! Людзі сапсавалі ўсю ваду ў Чыжоўскім вадасховішчы, і таму мы будзем жыць у цябе!

Спачатку я крыху збянтэжыўся.

— Добра, заходзьце.

Уздыбіўшыся, як хваля, паток рыб заваліўся ў маю кватэру, умомант запоўніўшы ўсю прастору.

— Леў, Леў! — галоўная рыба тузала мяне плаўніком за штаніну. — Але ў цябе няма вады! Леў, выкліч нам таксі! Мы пойдзем шукаць іншае месца!

Я паслухмяна ўзяў трубку і набраў нумар. Дыспетчар выслухала мой адрас і сказала, што таксі будзе праз дзесяць хвілін.

Калі я закончыў размову, рыбы ўжо зніклі.

Я падумаў, што было б нядрэнна прыняць душ.

Але ён аказаўся заняты. Дзяўчына неверагоднай прыгажосці мылася там, напяваючы сабе пад нос нейкую песеньку.

— О, Лёва! — сказала яна, убачыўшы мяне. — Ты ведаеш, хто я?

— Хто? — здзіўлена спытаў я.

— Датура, Лёва. Я цябе яшчэ доўга не пакіну. Давай паспрачаемся, што я засуну ў рот больш ватных палачак, чым ты?

Мною авалодаў проста неверагодны азарт.

— Давай! — крыкнуў я, ужо набіваючы рот палачкамі.

Яна рассмяялася. Раптам яе смех ператварыўся ў неверагодны шум, выбух! Мабыць, з такім гукам ствараўся сусвет.

Я сядзеў, прыхіліўшыся да абвугленага ствала некалі магутнага дрэва. Прама перада мной сядзеў леў. Ён выглядаў змучаным і знясіленым, яго поўсць ужо не блішчала пад сонцам.

Ён сядзеў і ўважліва глядзеў на мяне. Яго позірк быў асэнсаваным, і можна было падумаць, што перада мной разумная істота.

Леў няскладна працягнуў мне сваю лапу.

Я асцярожна, марудна дакрануўся да яе ўказальным пальцам.

Цемра.

***

Марка ляжала перада мной на стале. Мне хацелася плакаць. Мусіць, я пачаў вар'яцець. Вельмі шмат наркотыкаў. Вінт змяняецца маркамі, маркі — фенам, фен — грыбамі. Наркаманскі марафон даўжынёю ў жыццё.

Я ўскочыў са стула, у паніцы перакуліўшы яго на падлогу.

— Не, не! — гучна сказаў я.

Больш я не пападуся. Я не з'ем марку, не дакрануся і да насення дурману.

Страх авалодаў мною. Халоднай хваляй ён пракаціўся па маім целе, засяродзіўшы свае сілы дзесьці ўнізе жывата. Усё цела білі дрыжыкі.

Я сутаргава схапіў тэлефон. Куды званіць? «Хуткая»? Патэлефанаваць маме? Не, мама не павінна ведаць. Пазваніць Юлі? Яна кіне мяне, калі даведаецца.

Я расплакаўся. Мае ногі раптам падкасіліся, і я ўпаў на падлогу, пакрытую старым, шорсткім дываном.

Найгоршы з магчымых кашмараў. Пальцы набралі «103».

— Прывітанне! Нумар два вас слухае. Чым мы можам вам дапамагчы?

— Мне тэрмінова патрэба «хуткая», — зрывістым голасам вымавіў я.

— Што менавіта ў вас здарылася?

— Перадазіроўка наркотыкамі, калі ласка, прыязджайце хутчэй!

— Дыктуйце адрас.

Рады, што «хуткая» ў нашым горадзе прыязджае хутка. Усяго дзесяць хвілін, і я чую званок у дамафон.

— «Хуткую» выклікалі? — хрыплы голас з трубкі.

— Выклікаў. Пяты паверх.

Я сеў у крэсла, пачаў позіркам гіпнатызаваць гадзіннік. Хвіліна. Яшчэ адна, потым яшчэ і яшчэ. Дзесяць хвілін... колькі ў мяне ў пад'ездзе прыступак? Няўжо можна падымацца так доўга?

Я адчуў, што ў маім кулаку штосьці ёсць. Раскрыўшы далонь, я ўбачыў на ёй горку датуры і марку з хітра прыжмураным тварыкам Барта Сімпсана.

Маленькая стрэлка паказвала на лічбу дванаццаць, значыць, мінула ўжо гадзіна. Урачы чамусьці не дайшлі да мяне.

Раптам мною авалодаў ледзяны спакой. Я ведаў, што абсалютна кантралюю сітуацыю і ніякая сіла не зможа выбіць мяне з каляіны.

З крывой ухмылкай я закінуў марку пад язык. Праз хвіліну ў роце апынулася і чорнае насенне, абпальваючы язык горыччу, з лёгкім макавым прысмакам.

Званок у дзверы.

Па той бок — няголены ўрач «хуткай дапамогі» няўцямна глядзіць на дзверы.

Шчаўчок замка.

— Доўга ж вас не было, — кажу яму я.

— Малады чалавек, мы размаўлялі па дамафоне хвіліну назад. Што вы прымалі?

— Датуру і ЛСД. Толькі што, дарэчы. Напэўна, дарэмна я вас выклікаў. Усё ў парадку.

Раптам да мяне пачаў даходзіць увесь абсурд сітуацыі. Я ўспомніў, як панікаваў гадзінай раней, а цяпер кажу ўрачу выкліканай мной «хуткай», што прыняў наркотыкі, але адчуваю сябе цудоўна і дапамога мне не патрэбна.

Ідыятызм.

— Дарэчы, а чаму вы адзін?

Урач паглядзеў на мяне вельмі ўважліва.

— Ахам мрыціух[1], — сказаў урач, паглядзеўшы на мяне сваім адчужаным поглядам.

— Што?

Ён махнуў рукой, я толькі ўлавіў лёгкі рух. Агонь апёк маё горла найтанчэйшай паласой, прачарціўшы лінію з правага боку на левы. Мае ногі падкасіліся, і я ўпаў на калені.

Што са мной адбываецца? Чаму мае грудзі залівае столькі крыві?

Я паспрабаваў зрабіць сутаргавы ўдых. Я адчуў, як частка майго горла нібыта з'ехала ўніз, раскрылася, а затым пачуўся хлюпаючы гук, і ўнутр мяне рванулі патокі пякучага болю.

Я ўпаў на падлогу, здаецца, маё цела трэсла. Я бачыў перад сабой ногі забойцы, гэтага ўрача з дзіўным позіркам.

— Ахам мрыціух, — зноў пачуў я. Боль ужо дасягнуў макушкі, дасягнуў кончыкаў пальцаў.

Раптам усё заціхла. Штосьці цёплае спускалася з макушкі ўніз, да ног. І штосьці цёплае падымалася ўгору, да макушкі...

Неверагодны выбух!

Дзе я?

Пераклад з рускай Вольгі Цыбульскай.



[1] Ахам мры­ці­ух (санскр.) — Я ёсць смерць.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.