Вы тут

Па закліку сэрца


Арцём Багдановіч,
вучань 8 класа Дакурнішскага вучэбна-педагагічнага комплексу — яслі-сад — сярэдняя школа Ашмянскага раёна:

«Быць добрым трэба ў першую чаргу самому — з любоўю адносіцца да бацькоў, блізкіх, людзей сталага ўзросту. Добрыя справы пачынаюцца з таго, каб саступіць месца бабулі ці дзядулю ў транспарце, перавесці іх праз дарогу, дапамагчы паднесці сумкі. Не забывацца наведваць сваіх родных, часцей пісаць і тэлефанаваць.

Зараз вельмі многім патрэбна дапамога і падтрымка з боку навакольных людзей. У гэтым я пераканаўся на ўласным вопыце, калі стаў валанцёрам. Хаця атрад налічвае ўсяго дзевяць чалавек і яго ўдзельнікам толькі па 13 гадоў, мы імкнёмся зрабіць жыццё школы і аграгарадка цікавым і разнастайным, напоўніць іх важнымі і карыснымі справамі. Мы з аднакласнікамі стараемся наведваць былых настаўнікаў школы — ветэранаў педагагічнай працы. Камусьці неабходна добраўпарадкаваць тэрыторыю, некаму дапамагчы па гаспадарцы — мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. А хтосьці проста рады сустрэчы з намі дзеля прыемных стасункаў, цёплых успамінаў пра нейкія моманты свайго жыцця. Заўсёды рад нам удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Сямён Фёдаравіч Давыдаў.

Што ж падштурхоўвае дзяўчат і хлопцаў дапамагаць іншым? Для нас адказ адназначны: мы займаемся валанцёрскай дзейнасцю па закліку сэрца. Мае аднакласнікі аказваюць дапамогу бескарысліва, проста таму, што хтосьці ўсміхнецца ў адказ або скажа ціхае «дзякуй». Мне падабаецца больш аддаваць, чым браць. І ад гэтага пачуцця становіцца цёпла на душы».

Настроеная на перамогу

Дар'я Цауня, Марыя Дарашкевіч,
студэнткі І курса Інстытута журналістыкі БДУ:

«...Яна стаіць на борціку, гатовая скокнуць у ваду. Ва ўсім целе напружанне. За спінай — месяцы трэніровак, а наперадзе — некалькі секунд барацьбы і нястрымнае жаданне перамагчы. З такімі думкамі выходзіць на старт майстар спорту па плаванні і па сумяшчальніцтве наша аднакурсніца Кацярына Раманоўская.

Дзяўчына прыгадвае, што неаднойчы ёй хацелася ўсё кінуць, але побач былі людзі, якія падтрымлівалі. Асабліва мама. Бацькі ўвогуле ніколі не прымушалі, яна сама выбірала, чым займацца.

У восьмым класе ў жыцці Каці наступіў пераломны момант: за паўгода яна атрымала першы разрад і званне кандыдата ў майстры спорту, а праз год ужо была майстрам спорту.

Дзяўчына расказвае, што вучыцца ў спартыўным класе было весела. «Гэта не проста клас, мы — каманда, нягледзячы на тое, што плаванне — індывідуальны спорт. Аднакласнікі за некалькі гадоў сталі мне як родныя. Мы разам ездзілі на спаборніцтвы, і адпачывалі разам».

Па словах Каці, больш за ўсё ёй спадабалася ў Францыі. Дзяўчына прыгадвае, што вельмі хвалявалася, але старалася кантраляваць свае эмоцыі. Каця заняла адно першае і два трэція месцы! Гэта былі неперадавальныя адчуванні! А пасля цяжкіх спаборніцтваў збылася дзіцячая мара: яна трапіла ў Дыснейлэнд.

Чаму Кацярына вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай? Кажа, што гэта было яе марай з дзяцінства. Заўсёды любіла быць у цэнтры падзей, складала вершы, пісала апавяданні. Была вельмі актыўнай і дапытлівай. «Калі паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ, ні разу не пашкадавала аб сваім выбары».

Лісты чытаў Сяргей РАСОЛЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.