Вы тут

Шарму — ад пуза!


Ну вось і перажыла краіна чарговае «Еўрабачанне»... Жыццё пакрысе зноў наладжваецца, уваходзіць у спакойнае рэчышча... Тым больш наперадзе — такое доўгачаканае лета. Дарэчы, вы заўважылі, як змяніліся вуліцы нашых гарадоў і вёсак з першымі павевамі цяпла, калі ўсе нарэшце распрануліся? На іх з'явіліся тысячы маладых і прыгожых... Не, не жанчын — досыць гэтых гендарных стэрэатыпаў. Мужчын. Якія, як ніколі раней, сустрэлі чарговы летні сезон у «поўным узбраенні». Як, вы не разумееце, пра што гаворка? Не чулі гэтую навіну? Новы трэнд года, які імкліва набывае сусветную папулярнасць, — невялікі пузік у прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Так-так, вы ўсё правільна зразумелі: не кубікі натрэніраванага прэса, а такі невялічкі «піўны мазалёк» (вядома, пенны напой неабавязкова можа быць яго прычынай). Алілуя! Мабыць, так усклікнулі тыя з мужчын, якія любяць па выхадных займацца нерухомасцю. У сэнсе, ляжаць на канапе і не рухацца. («І што такое на мяне ўчора найшло? Перад халадзільнікам дагэтуль сорамна».)

4-18

Усё пачалося з таго, што ў інтэрнэце з'явіўся артыкул амерыканскай студэнткі. Дзяўчына неабачліва напісала пра асаблівую прывабнасць мужчын з жыватом, якія не вельмі моцна сочаць за сабой. Не тое, каб гэта было сапраўднае абвіслае піўное пуза, а, як яна адзначыла, прыемны баланс паміж ім і пляскатым жыватом. («У цябе прыгожая лінія падбародка». — «Дзякуй. Я многа жую».) Такая фігура, на думку аўтаркі, гаворыць пра тое, што хлопец усё ж час ад часу займаецца ў трэнажорнай зале, аднак не робіць з гэтага культу, не імкнецца да нейкай фізічнай дасканаласці. Наадварот, ён можа ў сваё задавальненне дазволіць у выхадны дзень з'есці вялікую піцу і не турбавацца, што паправіцца. («Брытанскія вучоныя высветлілі, што маленькія талеркі ратуюць ад пераядання. Але толькі лянівых і някемлівых».) «Такога спадарожніка, — развівае далей сваю тэорыю студэнтка, — прыемна абдымаць, з ім камфортна вячэраць». («Хачу, каб хто-небудзь прымушаў мяне да дзеянняў сексуальнага характару, пагражаючы гарачай зброяй. Пажадана — галубцамі са смятанай».)

Маладая каляжанка (між іншым, інструктар па фітнесу ў вольны ад асноўнай працы час) напачатку не паверыла навіне пра новы трэнд. А калі пераканалася, што гэта не падман, першай яе рэакцыяй было: «А фота аўтаркі артыкула ёсць? Можа, яна не вельмі прыгожая і такім чынам «заніжае планку»?» («Жаночая мудраць у сукупнасці з жаночай хітрасцю даюць такі эфект, які не можа даць ніводная вышэйшая адукацыя».) І мела рацыю! Фотаздымка амерыканскай студэнткі мы не знайшлі. Але аўтарка тэорыі прызналася, што выгляд мужчыны з пузікам лічыць ідэальным, таму што побач з такім спадарожнікам дзяўчыне не трэба самой выглядаць бездакорнай. («Гэты непрыемны момант... Ты, які кінуў курыць, цішком уначы крадзешся на кухню, каб пакурыць у фортку, і сустракаеш жонку, якая села на дыету, каля адкрытага халадзільніка з батонам каўбасы ў руках...») Так ужо павялося, што часта жанчыны хочуць глядзецца прыгажэйшымі за сваіх мужчын, каб адчуваць сябе больш упэўнена. Пры гэтым менавіта хлопцы з пузікамі дапамагаюць звыкнуцца з тым, як яны будуць выглядаць у сталым узросце, і не падманваюць часовай падцягнутасцю. Дарэчы, тая ж каляжанка праз некалькі дзён са здзіўленнем у голасе канстатавала, што амаль ва ўсіх яе сябровак бой-фрэнды менавіта такога «топавага» тыпажу. Бачыце, нашы дзяўчаты яшчэ раней ацанілі ўвесь шарм «брэндавых» хлопцаў!

Пажартаваў, вядома. Але, думаю, доля ісціны ў тым ёсць. Інакш чаму мог узнікнуць новы трэнд, чаму ён так хутка набыў папулярнасць, што яго абмяркоўваюць у вядучых сусветных сродках масавай інфармацыі? У сеціве пачалі нават складаць адмысловыя топ-рэйтынгі славутасцяў, якіх можна назваць «іконамі новага стылю». Гэта, напрыклад, Леанарда Дзі Капрыа, Расел Кроў, Адам Сэндлер — вядомыя галівудскія «зоркі», якія за апошні час абзавяліся «піўнымі пузікамі». Але не будзем цешыць сябе тым, што адгадаваў жывоцік — і ты на іх узроўні. («Сціпласць упрыгожвае мужчыну. Але сапраўдны мужчына ўпрыгажэнняў не носіць».) Тут, прабачце, яшчэ і талент мець трэба. З іншага боку, магчыма, дзяўчаты стаміліся ад таго, што хлопцы пачалі занадта шмат часу надаваць самім сабе і сваёй знешнасці. Гэтую версію патрымаў адзін з калумністаў, які распавёў, што цягам дзесяці гадоў не вылазіў з трэнажорнай залы, аднак бездакорная форма не толькі не зрабіла яго больш прывабным для жанчын, але нават пачала адпужваць іх. Яны маглі бясконца хваліць біцэпсы, але не імкнуліся да доўгатэрміновых адносін з мужчынам. («Людзі, якія па выхадных прачынаюцца ў шэсць, едуць на велапрагулкі, пікнікі... Вы што ўжываеце? Я ледзьве ўстаю з ложка, і тое пасля абеду». Затое потым... «Я выспаўся. Цяпер я бяспечны для грамадства».)

Гэта ніякае не апраўданне ляноты і нежадання займацца спортам. («Найлепшы спосаб падняць чалавека ранкам — гэта кава ў ложак. Выліў — і ўцякай!».) Паслухайце песню Сямёна Слепакова «Мора работы», дзе ёсць словы «праца працай, але час ад часу трэба працаваць». Вось я зараз дапішу гэтыя радкі і... «Адкрылася самая вялікая трэнажорная зала... Агарод!» Галоўнае — не страціць на ім свой шарм зусім!..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.