Вы тут

«Пераможца ніколі не здаецца»


У свае 20 гадоў артыстка ўжо мае багаты сцэнічны вопыт. За плячыма — конкурсныя спаборніцтвы ў Парыжы, Ялце, Санкт-Пецярбургу, Маскве. Сакрэт яе перамог часткова ў тым, што дзяўчына-максімалістка і разам з тым вельмі патрабавальная да сябе ў любой справе, за якую бярэцца. Сёлета Валерыя Грыбусава выбрана прадстаўляць Беларусь на XXІV міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2015». Мы сустрэліся з ёй, каб пагаварыць пра падрыхтоўку да конкурсу, веру ў сябе і імправізаваныя канцэрты на дачы...

4-19

— Літаральна праз месяц цябе чакае конкурс. На якой стадыі падрыхтоўка да «Славянскага базару»?

— Рэпеціруем з аркестрам славянскі хіт. Яшчэ наведваю заняткі па вакале і сцэнічным маўленні. Паколькі ў мяне тры розныя кампазіцыі, то будзем і розныя вобразы ствараць. Мая першая песня «Спі, малы сакол» (на словы Янкі Лучыны і музыку Рамана Козырава) — калыханка, яе я буду выконваць у паўфінале, дзе спаборнічаць за квіток у фінал будзе 21 удзельнік, і толькі 15 пройдуць далей. Спадзяюся, і я змагу апынуцца сярод іх. А ўжо для фіналу рыхтую кампазіцыю на словы Уладзіміра Маякоўскага і музыку Давіда Тухманава «Ноч» на першы дзень, а ў якасці замежнага хіта буду выконваць «Somebody to Love», аўтарам слоў і музыкі ў ёй з'яўляецца Фрэдзі Меркуры. І, адпаведна, з Наталляй Корж мы задумалі тры розныя вобразы, якія будуць дапаўняць кожную з гэтых гісторый.

— У якасці песні для паўфіналу ты выбрала калыханку. А табе ў дзяцінстве часта спявалі перад сном альбо чыталі казкі?

— Калыханкі спявала маці. Казкі ж мне чытала мая прабабуля. Часам яна нават сама іх складала.

Але ні з адным з персанажаў, гісторыі якіх Валерыя слухала перад сном, яна сябе не атаясамлівала. Бо сёння яна піша сваю казку, у якой галоўная гераіня — гэта дзяўчына-змагарка. Яна верыць у сваю мару і нічога не баіцца. І мне становіцца цікава: а за што, акрамя прызавых месцаў на сцэне, даводзілася змагацца нашай гераіні ў жыцці?

— Я з дзяцінства заўсёды хацела быць ва ўсім самай лепшай і імкнулася зрабіць максімум для гэтага.

— Ці не абумоўлена тваё жаданне «быць лепшай» тым, што бацька ў свой час пакінуў сям'ю?

— Мне даводзілася і даводзіцца быць моцнай. Безумоўна, маці ва ўсім мне дапамагала і цяпер падтрымлівае. Я па-філасофску ўспрымаю той факт, што ў маіх бацькоў не склаліся адносіны. З татам мы падтрымліваем сувязь, але кантактуем даволі рэдка. Магчыма, маё жаданне быць лепшай і бярэ пачатак якраз у гэтых абставінах...

Цяпер я жыву адна і дома мяне ніхто не чакае. Я яшчэ не сустрэла свайго чалавека. Хлопец, якога я ўяўляю побач з сабой, павінен быць упэўненым у сабе і ведаць, чаго ён хоча дасягнуць у жыцці. Немалаважна і тое, каб ён падтрымліваў мяне ў імкненні займацца любімай справай. Мне патрэбен той, хто стане маёй «каменнай сцяной».

4-12

Пакуль што, прызнаецца юная спявачка, часу хадзіць на спатканні зусім няма. Дзяўчына сумяшчае вучобу ва Універсітэце культуры і мастацтваў з працай у Нацыянальным аркестры Міхаіла Фінберга (жыццё там — гэта пастаянныя рэпетыцыі, гастролі), а цяпер яшчэ і рыхтуецца да «Славянскага базару».

— Скажы, а як ты расцэньваеш для сябе перамогі на конкурсах?

— Заўсёды адказна рыхтуюся і настройваюся на добры вынік. Але калі ўдаецца заваяваць першае месца ці гран-пры, то заўсёды прысутнічае момант прыемнага здзіўлення. А наогул мой дэвіз па жыцці: пераможца ніколі не здаецца. Імкнуся да сур'ёзных вынікаў, але не загадваю, што атрымаецца. Наогул, талент ніколі не гарантуе поспеху, таму што важна, колькі ты гатовы працаваць дзеля яго.

Наўрад ці магла Валерыя некалі прадбачыць сваю перамогу на рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў «Маладзечна—2013». Аднак узяла гран-пры, і яе заўважыў Міхаіл Фінберг, запрасіўшы супрацоўнічаць. Музыкай пачала займацца, як і многія, у дзяцінстве. Спачатку ў ансамблі народнай музыкі «Ярыца», потым у Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў. Быў нават час, калі дзяўчына наведвала Студыю Сяргея Нагорнага, спасцігаючы ў яе сценах акцёрскае майстэрства, харэаграфію і іншыя дысцыпліны.

— Яшчэ задоўга да таго, як пачала вывучаць нотную грамату, спрабавала спяваць і цягнулася да фартэпіяна. Уяўляла сябе артысткай. Нават на дачы збірала бабуль, дзядуляў і іх унукаў і ладзіла ім імправізаваныя канцэрты. А мая маці, заўважыўшы такі інтарэс да музыкі, аддала мяне ў ансамбль. Быў перыяд, калі ў пятым класе я прыйшла ў гімназію, а там былі дзеці, якія да гэтага ўжо на працягу пяці гадоў вывучалі сальфеджыа і іншыя дысцыпліны, і я за два гады змагла дагнаць іх. Праўда, з той пары вольнага часу амаль не было.

— Кажуць, што дысцыпліна і творчасць не заўсёды сумяшчальныя. Ты — прыклад, які абвяргае такое меркаванне?

— Што датычыцца дысцыпліны, то ў гэтым вялікая заслуга Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. У нас вельмі жорстка караюцца спазненні на канцэрт і рэпетыцыі. Наогул дысцыпліна — гарант добрай працы. Я вельмі ўдзячная свайму кіраўніку за тое, што ён верыць у мяне і падтрымлівае.

— Як сябры рэагуюць на тваё захапленне музыкай?

— У мяне мала сяброў. Але тыя, хто са мной ідзе па жыцці, ставяцца да гэтага з разуменнем, і ніхто не крыўдзіцца, калі, скажам, з-за чарговага конкурсу я не магу прыйсці на чыйсьці дзень нараджэння.

4-13

— А твая малодшая сястра, гледзячы на цябе, не кажа бацькам пра жаданне займацца музыкай?

— Кіра — мая самая адданая прыхільніца, яна ведае на памяць усе мае песні. І сама чыста спявае. Айчым сказаў неяк, што нам і адной спявачкі ў сям'і дастаткова. Аднак, калі мы з сястрой сустракаемся, то вельмі любім і спяваць, і танцаваць пад гучную музыку, чытаем разам кніжкі...

Некалі хацела брата. Памятаю, калі даведалася, што будзе сястра, то моцна пакрыўдзілася на бацькоў і тыдні два, мабыць, з імі не размаўляла. Цяпер жа нават не ведаю, як бы я жыла без яе. Думаю, калі яна падрасце, мы станем найлепшымі сяброўкамі. А можа і яна пойдзе маім шляхам.

— Для сябе ты бачыш перспектыву толькі на сцэне?

— Так. І нават не ўяўляю, чым бы яшчэ магла займацца. У школе я мела здольнасці да вывучэння замежных моў, таму, магчыма, разглядала б яшчэ такі варыянт. Дзядуля мой хацеў, каб я паступіла на міжнародныя адносіны, а ў выніку я выбрала музыку... У мяне маці вельмі творчы чалавек, хоць і працуе ўрачом. Калі танцавала ў ансамблі, то часта брала мяне на рэпетыцыі. Яна ў мяне артыстка яшчэ тая! Я хацела б навучыцца ў яе ўменню падаваць сябе на сцэне, бо сёння я толькі ў пошуку сябе.

— Да публічнасці, якая з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця артыстаў, ты гатова?

— Мець жыццё, дзе ты цікавы іншым і твой час распісаны па гадзінах, — адна з маіх мар. Сказаць, ці гатова я да такога раскладу, мабыць, не змагу, пакуль не адчую наступстваў. Як і ўсім артыстам, мне хочацца быць запатрабаванай у публікі і стаць годнай артысткай, каб мая музыка была цікавая людзям, каб яны пачулі мае гісторыі...

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.