Вы тут

Соцыум праз сеціва


Пры Цэнтральным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі зусім нядаўна пачала працаваць Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў. Мы сустрэліся з адным з яе кіраўнікоў, старшынёй Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Алесяй ВІННІК, якая распавяла, навошта створаны гэты праект, і падзялілася першымі поспехамі ў яго працы.

4-3

— Вынікі сацыялагічных даследаванняў могуць быць вельмі карыснымі для любой арганізацыі, у тым ліку і маладзёжнай. Мы хочам ведаць, ці ў правільным кірунку рухаемся, ці падабаюцца маладым людзям тыя мерапрыемствы, што праводзім. Насамрэч, такая лабараторыя існавала і раней, мы ўсяго толькі абнавілі яе. Адна з галоўных асаблівасцей новага праекта — актыўная праца з новымі медыя. Калі раней выкарыстоўваліся толькі традыцыйныя метады — анкетаванне, апытальны ліст, то сёння гэта яшчэ і сродкі інтэрнэту. Дарэчы, першыя вынікі даследаванняў у сеціве абсалютна супадаюць з атрыманымі пры дапамозе традыцыйных спосабаў звесткамі.

— Праца сацыялагічнай службы прадугледжвае наяўнасць спецыялістаў, якія могуць скласці выбарку, правільна сфармуляваць пытанні...

— Так, маштабы работы ў нас сур'ёзныя. З актывістаў БРСМ ва ўсіх рэгіёнах краіны створана рэспубліканская апытальная сетка — гэта аснова нашай лабараторыі. Актывісты на месцах займаюцца непасрэдна працэдурай апытання і анкетавання. Кіруюць жа ўсім спецыялісты — людзі, якія прафесійна займаюцца сацыялогіяй. Існуе таксама савет лабараторыі, куды ўваходзяць кансультанты: навукоўцы з Акадэміі навук, Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, іншых устаноў.

— Якія даследаванні ўжо былі праведзены?

— Мы вызначыліся, што гэты год будзе для лабараторыі ў пэўнай ступені эксперыментальным. Асноўная праца праводзіцца на мерапрыемствах пад эгідай БРСМ. Мы назіраем, як моладзь рэагуе на нашы акцыі, як успрымае тыя ці іншыя канцэпцыі і ідэі. Напрыклад, калі праводзіўся форум «Моладзь у ІT», мы аналізавалі, якімі сацыяльнымі сеткамі карыстаюцца хлопцы і дзяўчаты. Большасць, зразумела, расійскай сеткай «ВКонтакте». На жаль, амаль ніхто не чуў пра існаванне беларускага сэрвісу «Vsetі.by», які пакуль замарожаны. Дарэчы, мы якраз працуем са стваральнікамі гэтага сайта над адраджэннем праекта ў якасці беларускай моладзевай сацсеткі. На выставе «СМІ ў Беларусі» пыталіся ў маладых, без чаго яны не могуць уявіць свой дзень. На першым месцы — мабільны тэлефон, на другім — персанальны камп'ютар, на трэцім — інтэрнэт. Месцы ў сярэдзіне спісу занялі тэлевізар, радыё, газеты і часопісы. А апошнія два месцы паміж сабой падзялілі стацыянарны тэлефон і друкаваная кніга.

Акрамя таго, у інтэрнэце сочым за стаўленнем моладзі да грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У прыватнасці, нядаўна праводзілі даследаванне на тэму патрыятызму. Яго вынікі даволі цікавыя. 40 працэнтаў маладых людзей і дзяўчат разумеюць пад словам «патрыятызм» любоў да Радзімы, роднага горада або вёскі. 34 працэнты лічаць, што гэта павага да Радзімы і гонар за яе. На жаль, толькі 6 працэнтаў лічаць, што гэта любоў да сям'і і блізкіх, а 12 працэнтаў апытаных вызначылі патрыятызм як любоў да нацыянальнай культуры.

— Ці могуць браць удзел у працы лабараторыі студэнты-сацыёлагі?

— Так, безумоўна, мы гатовыя супрацоўнічаць з тымі з іх, у каго ёсць жаданне папрактыкавацца. Пры недахопе практычных ведаў усё растлумачым і дапаможам у рэалізацыі любога даследавання: разам складзём пытанні, зробім выбарку. Дарэчы, мы самі займаемся навучаннем нашых спецыялістаў.

— А якія праекты збіраецеся рэалізаваць у будучыні?

— Галоўным мерапрыемствам для нас сёлета стануць выбары Прэзідэнта краіны, падчас якіх Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый будзе праводзіць «экзітполы». Ужо зараз мы апрацоўваем методыку, а хутка прыступім і да працы. Будзем праводзіць замеры аж да пачатку галасавання.

А ўвогуле, мы лічым, што лабараторыя можа з цягам часу перарасці ў цэнтр вывучэння праблем моладзі. Існуе пэўная складанасць: за апошнія гады па маладзёжнай праблематыцы не абаранялася сур'ёзных навуковых прац накшталт дысертацый. Але тэма вартая вывучэння, і мы паспрабуем паспрыяць яе развіццю.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.