Вы тут

Першынец ці кар'ера,


або Як не ўпусціць галоўнае.

Па звестках Белстата за 2014 год, першы шлюб у беларускіх жанчын прыпадае на 26,3 года (у мужчын — на 28 гадоў), а нараджэнне першага дзіцяці — на 27,4 года. Дарэчы, з кожным годам гэты «ўзроставы» паказчык павялічваецца. Яшчэ ў 2000 годзе дзяўчаты выходзілі замуж ва ўзросце 22,8 года, хлопцы жаніліся ў 25, а першае дзіця з'яўлялася на свет у сярэднім у 23,3 года. Сучасная моладзь не спяшаецца ствараць сем'і, а тым больш не спяшаецца з нараджэннем першынца. На першае месца выйшлі вучоба, а потым кар'ера...

Безимени-3

— Выхаванне дзяўчат цяпер часта адбываецца па мужчынскім тыпе і скіравана на дасягненне поспеху найперш у прафесійнай сферы, — лічыць сямейны псіхолаг Святлана ДЗЕДАВА. — А ў выхаванні хлопчыкаў недастаткова ўвагі надаецца фарміраванню якасцяў будучага мужа і бацькі, гатовага ўзяць на сябе адказнасць за сям'ю — акцэнт у большай ступені робіцца на асабістыя дасягненні.

Але калі псіхіка чалавека здольная падладжвацца пад новаўвядзенні, то наша біялагічная сутнасць застаецца нязменнай. Здароўе не будзе цярпліва чакаць, калі маладая сям'я абзавядзецца кватэрай, машынай і павандруе па свеце. Нашы бабулі былі ў гэтым пытанні настроены адназначна: нараджаць трэба маладымі. Да і ўрачы з акушэркамі называлі 25-гадовых жанчын «старородящими». Але гэта непрыемнае слова тычылася толькі тых, у каго ў такім узросце былі першыя роды. Я і сёння здзіўляюся, як мая бабуля да 35 гадоў паспела нарадзіць дзевяць дзяцей.

— Найбольш спрыяльны ўзрост для нараджэння першынца — 20—28 гадоў, — падкрэслівае загадчыца родавага аддзялення 1-й клінічнай бальніцы г. Мінска Ганна КУПЧЫНА. — У жанчын яшчэ няма набытых захворванняў, няма метабалічнага сіндрому, добры гарманальны фон. А першыя роды пасля трыццаці лічацца познімі. У цяжарных жанчын у гэтым узросце часцей узнікаюць ускладненні, крывацёкі, заўчасныя роды і г.д.

Тое, што мацярынства пераварочвае свет жанчыны, не таямніца. Хтосьці бачыць у гэтым пагрозу здзяйсненню сваіх жыццёвых планаў, а нехта — новыя магчымасці. Так, Маргарыта не паспела адысці ад вясельных клопатаў, як дазналася, што пад сэрцам у яе б'ецца новае жыццё. Маладую жанчыну хвалявала, як яна, студэнтка прэстыжнай ВНУ, будзе сумяшчаць мацярынства з вучобай. Бацькі настойвалі на тым, каб дачка пасля нараджэння дзіцяці адразу працягнула навучанне, а яны абавязваліся ўзяць на сябе львіную долю адказнасці за выхаванне малога. Але жанчына «стала ў позу» і сказала, што хоча быць для свайго дзіцяці маці, а не госцяй. Цяжарнасць працякала добра, выкладчыкі паставіліся да яе з разуменнем. Бліжэй да родаў яна аформіла акадэмічны водпуск, але ва ўніверсітэт ужо не вярталася. Год мацярынства праляцеў як у сне: першыя зубкі, усмешкі, люлянне роднага чалавечка... Даходаў мужа хапала, таму Маргарыта магла цалкам прысвяціць сябе сыну. Кожны вечар яна чытала яму казкі. Аднойчы вырашыла сама скласці кароценькую казку і потым зачытаць яе малому. Дзіця, якому на той час было ўжо тры гады, ацаніла матуліны намаганні, і на другі дзень Маргарыта чытала яму ўжо новую казку ўласнага сачынення. Так неўзабаве дзяўчына стала дзіцячай пісьменніцай. Спачатку пісала на сайце, потым у часопісы, далей стала выпускаць свае кніжкі. Сама Маргарыта лічыць, што калі б не дзіця, яна ніколі ні стала б той, хто яна ёсць, бо яе чакала наперадзе праца бухгалтара.

Але бываюць і такія выпадкі, калі тэст паказвае дзве палоскі, а выбраннік махае ручкай, спяшаючыся да дзвярэй. З такой сітуацыяй сутыкнулася Караліна. З маладым чалавекам дзяўчына сустракалася з адзінаццатага класа, абое марылі пра сумесную будучыню. Пасля школы Караліна паступіла ў каледж, а хлопец адразу пайшоў працаваць. Праз два гады пара дазналася, што ў іх будзе дзіця. Хлопец, не доўга думаючы, прапанаваў дзяўчыне зрабіць аборт, спасылаючыся на негатоўнасць так адразу ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне дзіцяці. Караліна сустрэла тую ж рэакцыю і з боку родных. Ад безвыходнасці яна ўжо была гатовая зрабіць ракавую памылку, але ўрач, які назіраў яе, усё ж змог пераканаць пацыентку не адмаўляцца ад дзіцяці. Цяжарнасць працякала вельмі цяжка, дзяўчына забрала дакументы з каледжа. Бацька дзіцяці больш не з'яўляўся на яе гарызонце. Сваякі лічылі яе проста няўдачніцай. Выжыць дзяўчыне дапамагла вера. Па некалькі разоў на тыдзень яна хадзіла ў царкву і прасіла ў Бога заступніцтва. Калі нарадзіўся сын, Караліне было 20 гадоў. Сёння ёй ужо 32, і яна ніколькі не шкадуе пра свой выбар. Хлопчык вучыцца добра, займаецца футболам, а ў асабістым жыцці самой Караліны ёсць чалавек, з якім яна адчувае сябе шчаслівай.

Алена ЯКАВЕНКА,
студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.