Вы тут

Фатограф, які бачыць душой. Гісторыя дзяўчыны з неабмежаванымі магчымасцямі


У культпаходы апошнім часам выбіраюся не часта. Але ўдала. З нядаўняга — пашчасціла наведаць сталічную фотавыставу «Твар, які займае кветку», дзе былі прадстаўлены здымкі, зробленыя дзяўчынай на тэлефон. На першы погляд, нічога незвычайнага. Вось толькі аўтарка фота Наталля КАВАЛЕВІЧ не бачыць з нараджэння. Што не замінае ёй весці актыўны лад жыцця. Наташа вучыцца на дзённым аддзяленні юрфака БДУ (у яе гэта ўжо другая вышэйшая адукацыя), ходзіць у тэатры, самастойна наведвае краму. У шчырай размове з журналістамі дзяўчына падзялілася сваім бачаннем таго, чаго менавіта ёй не хапае ў горадзе і як трэба ацэньваць творчасць людзей з асаблівасцямі развіцця.

[caption id="attachment_86169" align="alignnone" width="600"]Наш ка­рэс­пан­дэнт па­спра­ба­ва­ла ад­чуць, як ус­пры­ма­юць свет тыя,  хто не ба­чыць. Наш ка­рэс­пан­дэнт па­спра­ба­ва­ла ад­чуць, як ус­пры­ма­юць свет тыя,
хто не ба­чыць.[/caption]

«Мару працаваць па спецыяльнасці...»

Наташа родам з Брэста. Там жа яна атрымала першую вышэйшую адукацыю: вучылася на гістфаку Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Дзяўчына прызналася, што заўсёды цікавілася гісторыяй. Праўда, папрацаваць па прафесіі як след не давялося. Настаўніцай у школу не бралі. Уладкавалася ў мясцовую бальніцу выкладаць гісторыю дзецям, што ляжаць у стацыянары. Але доўга там не затрымалася. Заробак нізкі, дый, на думку Наташы, ведаў ад такіх заняткаў у школьнікаў не дабаўляецца. Урок цягнецца дваццаць хвілін, заданне на дом даваць нельга, наведванне неабавязковае. Дзяўчына ўзгадвае, што, каб сабраць дзяцей на заняткі, абыходзіла бальнічныя палаты і пыталася, ці не хоча хто-небудзь зазірнуць на ўрок.

Па дыплом юрыста Наташа паехала ў сталіцу.

— Мне на той момант 26 гадоў было, хацелася большай самастойнасці, пажыць асобна. А права — гэта другая мая «слабасць» пасля гісторыі, — тлумачыць яна.

— І дзе працаваць потым збіраешся? Ужо нагледзела месца?

— Пайду, куды возьмуць. Зразумела, па спецыяльнасці буду шукаць што-небудзь. Ці чула пра завод «Святлопрыбор»? Так, але нават калі б было моцнае жаданне там працаваць, мяне не возьмуць: з рукой праблемы (у Наташы ДЦП. — Аўт.) Увогуле, мне здаецца ненатуральным існаванне такіх адасобленых устаноў. У нас жа як звычайна? Дзіця-інвалід, пакуль зусім малое, гадуецца дома. Потым яго аддаюць у спецыялізаваную школу-інтэрнат. Калі не лічыць канікул, такое дзіця з іншымі амаль не перасякаецца. А ў выніку да суіснавання ў рэальным жыцці не гатовыя ні інваліды, ні навакольныя людзі.

У жыцці і творчасці — без ярлыкоў

Фатаграфаваць дзяўчына пачала, калі ёй падарылі айфон (у яе выпадку мабільнік ад Аррlе не «панты», а неабходнасць: тэхніка гэтай маркі лепш за астатнія прыстасавана для невідушчых людзей). Уключаеш камеру — і тэлефон агучвае, на што яна наведзена. Дзяўчыне было цікава, ці атрымліваецца што-небудзь. Яна паказвала здымкі знаёмым і пыталася пра іх думку. У выніку эксперымент ператварыўся ў хобі. Пакуль размаўлялі, гарталі Наташыну тэлефонную галерэю: братаў шлюб, парк, гарадская прастора...

— Як ты разумееш, калі трэба сфатаграфаваць? — цікавіцца наш фотакарэспандэнт Надзея.

— Па-рознаму бывае. Днямі, напрыклад, было вельмі добрае надвор'е і мне захацелася зняць неба.

Дакладнае апісанне ўжо зробленага фота робіць спецыяльная праграма. Яна можа распазнаць канкрэтныя аб'екты, колер. Праўда, з перакладам бываюць казусы. Наташа неяк сфатаграфавала сваю знаёмую — худзенькую, з кароткай стрыжкай, у джынсах. Тэлефон агучыў, што на здымку... хлопец.

— У мяне таксама кароткія валасы, але мяне праграма распазнае як дзяўчыну. Значыць, мой стыль адзення не хлапчуковы, гэта радуе, — усміхаецца наша суразмоўца.

— На тваю думку, як трэба ацэньваць творчасць людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі ў развіцці?

— Ведаеш, мне не падабаецца гэтая фармулёўка. Яна некарэктная. У ёй аб'ядноўваюць псіхічныя і фізічныя парушэнні, што навакольнымі ўспрымаецца так: ага, калі ў цябе з целам не ўсё добра, дык і з галавой праблемы будуць... А што датычыцца творчасці, то да яе ацэньвання трэба падыходзіць аб'ектыўна. Як і з маімі фота: штосьці ўдалае, штосьці не. З тэатрам інвалідаў тое ж самае. Сыгралі добра — малайцы, не — атрымайце «па шапцы».

[caption id="attachment_86170" align="alignnone" width="600"]Не­ві­ду­шчы ча­ла­век мо­жа ўсё. І фа­та­гра­фа­ваць так­са­ма. Не­ві­ду­шчы ча­ла­век мо­жа ўсё. І фа­та­гра­фа­ваць так­са­ма.[/caption]

Пра шопінг, тэатр і падарожжы

Ад размовы пра творчасць пераходзім да бытавых пытанняў. Наташа кажа, што ёй хацелася б змяніць абслугоўванне ў крамах адзення:

— Чула, што ў Японіі невідушчы можа патэлефанаваць аператару і з уключанай камерай хадзіць па аддзеле, каб той расказваў, што перад чалавекам. Добра было б, калі б прадаўцы тлумачылі, што модна і якія рэчы пасуюць менавіта табе. Ці прызначылі б спецыяльных кансультантаў, якія распрацоўвалі б чалавеку пэўны імідж. Я не кажу, што гэта паслуга павінна быць бясплатнай, але яна будзе вельмі запатрабаваная, прычым не толькі сярод невідушчых.

Дзяўчына сама выбірала сабе вопратку толькі аднойчы — калі з сяброўкай ездзіла ў Германію. У асноўным адзенне набывае мама.

У банк, на пошту, па прадукты, на факультэт — Наташа ўсюды ходзіць самастойна. І сваім прыкладам даказвае, што інваліды могуць жыць насычана і цікава. Тым больш сёння існуе шмат прыкладных праграм для смартфона для невідушчых: вызначальнік грашовых купюр, колеру, праграма для сканавання і распазнавання тэксту, GРS-навігацыя. Ёсць спецыяльныя «чыталкі» на тэлефон: закідваеш звычайны электронны дакумент, і табе яго агучваюць. Адзіны мінус — праграмы платныя. Кожная каштуе ад 10 да 30 долараў. З улікам таго, што Наташына пенсія складае
1 мільён 740 тысяч, гэта не так танна. «Грошай у інваліда расходуецца значна больш, чым у звычайнага чалавека, — заўважае дзяўчына. — Лекі, напрыклад, дарагія. Я ў сваю пенсію не ўкладваюся, таму пастаянна ў пазыках».

У вольны час Наталля любіць чытаць, хадзіць у кіно і тэатр, калі ёсць з кім:

— Мінулай вясной была на спектаклі «Казіны востраў» Маладзёжнага тэатра. Спадабалася... У Гродне неяк на «Чорную панну Нясвіжа» трапіла — шыкоўная пастаноўка.

— Ты ж не бачыш, што адбываецца на сцэне...

— Чаму ўсе перабольшваюць ролю зрокавага і прымяншаюць значэнне таго, што перадаецца іншымі сродкамі? Я звяртаю ўвагу на інтанацыю, эмацыйную гульню акцёраў, музычнае суправаджэнне, спецэфекты.

Яшчэ адно Наташына хобі — падарожжы. Па сакрэце расказала, што, калі пашанцуе, пабывае гэтым летам у Амерыцы. Не ведаю, якая культурная праграма яе там чакае, але дакладна магу сказаць адно — дадому Наташа прывязе дзясяткі ўласных здымкаў заакіянскіх краявідаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.