Вы тут

Дзіцячы хор ў інтэрнаце, або Калі ў фільме спалучаюцца папулярнасць і якасць


Сучасны французскі кінематограф багаты на выбітныя імёны рэжысёраў. Гэта і Франсуа Азон, які любіць строіць лабірынты для глядацкага ўспрымання, і Бертран Банело, кожны фільм якога ўдзельнічае ў Канскім кінафестывалі (а часам і нешта атрымлівае), і Бруно Дзюмон, што ў сваіх карцінах выдатна спалучае гіперрэалізм і авангард. Але побач з фестывальнай эстэцкай тусоўкай тут здымаюцца фільмы, якія паспяхова сумяшчаюць у сабе мастацкую якасць і магчымасць прывабіць гледача. Так, фільм «Харысты» Крыстофа Барацье стаў самым касавым у французскім кінапракаце ў 2004 годзе.

5-251

Карціна была дэбютнай для рэжысёра і ў той жа час трыумфальнай. Гэта гісторыя пра настаўніка музыкі Клемента Мацьё, які ў 1949 годзе прыязджае працаваць у адасоблены ад гарадскога жыцця інтэрнат для складаных дзяцей, расказана з бяспройгрышным спалучэннем кранальнасці і гумару. Простага, маленькага, зусім не прадстаўнічага, але з добрым тварам Мацьё сыграў французскі сцэнарыст, рэжысёр і акцёр Жэрар Жуньё. Дырэктар школы Рашан — рашучы, раздражнёны і нават жорсткі ў дачыненні да выхаванцаў — становіцца антаганістам галоўнага героя і прадстаўляецца ўвогуле непрыемнай асобай (яго ролю выканаў працавіты акцёр Франсуа Берлеан).

Клемент Мацьё, прыбыўшы на новае месца, з першых жа хвілін атрымлівае шмат уражанняў. Змрочны дырэктар інтэрната, свавольныя дзеці, якія, жартуючы, паранілі сталага працаўніка школы, а Мацьё назвалі «яйцагаловым», метады выхавання (аказалася, што ў школе ёсць карцар) і, нарэшце...

Дзякуючы чарговаму свавольству дзяцей, якія выцягнулі ноты з рэчаў новага настаўніка і безапеляцыйна спыталіся, што гэта такое, Мацьё натхніўся на ідэю стварэння школьнага хору. Гэта павінна было паспрыяць захаванню дысцыпліны, хутчэйшаму развіццю і навучанню ў камандзе.

Так запрацаваў дзіцячы хор, праз раздражнёны дазвол дырэктара і насцярожанасць, але цікавасць з боку дзяцей. Пакуль выхаванцы развучвалі словы і рэпеціравалі, у інтэрнаце з'явіўся новы навучэнец, Клемент закахаўся, Рашэн выявіў прапажу грошай, ён жа з дапамогай ліслівасці намагаўся атрымаць ганаровую ўзнагароду.

У гэты ж час вобразы дзяцей вымалёўваюцца больш дакладна і становяцца зразумелымі і блізкімі гледачу. З іх вылучаюцца героі, што хутка становяцца на ўзровень галоўных. Гэта два хлопцы — П'ер, які шыкоўна саліруе ў хоры, і Пепіно, які кожную суботу каля варотаў чакае бацьку.

Праз шмат гадоў яны сустрэнуцца, каб успомніць гэты насычаны, важны і насамрэч шчаслівы перыяд. А гледачы змогуць даведацца, што здарылася з героямі пасля інтэрната.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?