Вы тут

Малоціць языком манюка


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Арэлі — прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы.

Шы́ба — кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму. «Мароз яшчэ не паспеў замураваць шыбы акон», — чытаем у Барыса Сачанкі.

Ядкі́ — які са смакам з'ядаецца, смачны (прыметнік, з «Новай зямлі» Якуба Коласа):

Як верашчака ў дно спадала,

То маці есці пакідала

Ды йшла ў камору па другое,

Яшчэ больш смачнае, ядкое.

Пярэ́сты — стракаты, рознакаляровы. У Петруся Броўкі чытаем:

Зялёны бор шуміць над галавой,

У новым гомане пярэстыя палі...

По́чапка (адно са значэнняў) — вяровачка, раменьчык, за які чапляюць што-небудзь. «У траве валачылася доўгая раменная почапка», — чытаем у Васіля Быкава.

Маню́ка — той, хто кажа няпраўду (хлус, ілгун).

Малоць языком — гаварыць упустую, абы-што; распаўсюджваць плёткі, абгаворваць. Кандрат Крапіва пісаў:

Такі ж не мелюць языком,

А праўду кажуць людзі:

Як папаўзеш ты за жуком,

Дык апынешся ў брудзе.

Яшчэ можна ў такім выпадку сказаць: біць язык аб зубы, часаць языком, араць дарогі, малоць не падсяваючы, плесці кашалі, разводзіць тары-бары... Рускія аналагі — «толочь воду в ступе», «переливать из пустого в порожнее».

Сем патоў выліць — вельмі стаміцца. Беларускі сінонім — ліць пот, цягнуць лямку, цягнуць ярмо. Рускі — «не разгибать спины».

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.