Вы тут

Алена Даміева: «Люблю жыццё ва ўсіх праявах»


Ад памылак ніхто не застрахаваны, але не пабаяцца рызыкнуць і стаць шчаслівай — на такое адважваецца не кожны. Наша гераіня — прыклад чалавека, які ніколі не марыў быць у кадры і ўсё ж пятнаццаць гадоў таму зрабіў крок насустрач нязведанаму. Сёння яна — рэдактар і вядучая тэлерадыёкампаніі «Брэст». Алена Даміева — прафесіянал, здольны канкурыраваць на тэлевізійнай прасторы, што пацвярджаецца прызавымі месцамі на «Тэлевяршыні» розных гадоў, а таксама сёлетняй узнагародай «Залатое пяро» ў намінацыі «За найлепшы цыкл работ у радыё- і тэлежурналістыцы». Мы паспрабавалі даведацца ў вядучай тэлепраектаў «Зразумець і абясшкодзіць», «Пад грыфам «Знакамітыя» (выходзяць на «Беларусь 2»), што паўплывала на выбар прафесіі, без каго быў бы немагчымым сённяшні поспех і чым ён вымяраецца...

5-1

— Кажуць, добра там, дзе нас няма...

— Мне добра там, дзе я ёсць. Трэба ўмець знаходзіць станоўчае ў сваім часе, у сённяшнім дні. Гэта больш важна, чым думаць, што недзе ў іншым месцы, табе будзе лепш. Я зразумела, што мне добра ў Брэсце. Побач — мае родныя і блізкія, у мяне выдатны калектыў, і я займаюся любімай справай. Бываю там, дзе ёсць магчымасць параўноўваць... Проста радуюся таму, што маю. Для мяне галоўнае — рабіць сваю справу як належыць. Зусім не прынцыпова, дзе ты знаходзішся пры напісанні, напрыклад, чарговага сцэнарыя. Праграмы мае выходзяць у тым ліку і на буйных тэлеканалах нашай краіны. Нас глядзяць, з намі супрацоўнічаюць. І калі паўторна звяртаюся да некага са сваіх герояў з прапановай зрабіць матэрыял, то мне не адмаўляюць. Атрымліваецца, давяраюць. А значыць, мы робім сваю працу правільна.

— Ці стала б гэтая сфера вашай прафесіяй, калі б не гісторыя з конкурсам прыгажосці, да ўдзелу ў якім падштурхнула маці?

— Думаю, што рана ці позна я знайшла б дарогу ў гэтую прафесію, пошукі сябе прывялі б мяне на тэлебачанне. Ёсць яшчэ такі момант, як лёс. Бо я, насамрэч, ніколі не марыла пра журналістыку. І не дарэмна кажуць, што ў поспеху — аблічча маці. Яна мне заўсёды казала: «Дачушка, ты будзеш вядучай на тэлебачанні. Будзеш з «зоркамі» кантактаваць». Магчыма, яна ў маёй свядомасці такую ідэю і пакінула. А потым усё адно да аднаго склалася.

Першы раз трапіла на тэлебачанне ў якасці мадэлі, каб здымацца ў рэкламе. Гэта было пасля таго, як выйграла конкурс прыгажосці ў Беларусі. Потым скончыла Інстытут кіравання, нават працавала юрыстам у камітэце па абароне правоў спажыўцоў. І толькі пасля, прайшоўшы кастынг вядучых, трапіла на Брэсцкую студыю тэлебачання, у праграму «Жадаем вам». Вось тут ужо ў мяне і прачнуўся спартыўны азарт: змагу ці не? І з гульні, калі мне проста было цікава даведацца, чым жыве тэлебачанне, нарадзілася захапленне ім.

— І як жа захапленне перарасло ў справу жыцця?

— Усё выпадковае адбываецца не выпадкова. Я працавала вядучай у праграме «Жадаем вам», чытала віншаванні. А аднойчы наш рэдактар захварэла і мне давялося самой увесь сцэнарый пісаць. Зараз, безумоўна, разумею, што гэта не так і складана. А тады, як чалавек новы, вельмі баялася. Некалькі разоў яго перапісвала, перарабляла, седзячы да ночы. З часам усё пачало атрымлівацца. Потым з'явілася праграма «Новая раніца ў Брэсце», яе я таксама паспрабавала правесці, і зноў — паспяхова. А там, між іншым, была праца ў прамым эфіры. Здаралася, толькі ўвечары даведаешся, што раніцай, у 6 гадзін, ты павінна быць цалкам падрыхтаванай да эфіру. Так, прыступка за прыступкай, уцягвалася ў прафесію, а потым сур'ёзна «захварэла» ёй. З цеплынёй успамінаю праграму «Жансавет», калі мы літаральна жылі працай, спалі па дзве-тры гадзіны ў суткі. З гэтага праекта нарадзілася перадача «Пад грыфам «Знакамітыя». Тэлеканал «Беларусь 2» адобрыў пілотны праект, падтрымаў маю ідэю. І закруціўся механізм...

Цяпер ужо зроблена больш за 90 праграм. Тэма чалавечага лёсу, узаемаадносін — не з лёгкіх. Тым больш, калі твае героі — людзі знакамітыя і паспяховыя. Былі страх і трымценне. Кожны раз, рыхтуючыся да сустрэчы, думала, як нестандартна пабудаваць дыялог, ці атрымаецца знайсці падыход да героя. А потым трэба было дасягнуць згоды ў тым, пра што можна і нельга гаварыць шырокай аўдыторыі. Часта людзі не вельмі ахвотна выносяць на публіку тыя моманты, якія ствараюць «смак» праграмы. Тады пачынаеш дамаўляцца, угаворваць. Розныя былі складанасці, але ўспамінаецца толькі добрае.

— Форс-мажорныя сітуацыі ў працы здараліся?

— Такіх гісторый заўсёды шмат. Напрыклад, банальна не спазніцца на запланаваную сустрэчу ў той жа Маскве, калі трапляеш у затор. І ўжо згодзен на ўсё: не мае значэння, якая ў цябе прычоска, бо галоўнае — паспець. А недзе баішся задаць нават простае пытанне, таму што чалавек можа быць на нейкім унутраным надрыве і тады вельмі цяжка прадказаць яго рэакцыю на тваю цікаўнасць. Наогул, кантактуючы з «зоркамі» высокага рангу, часта сутыкаешся з іх недаверам, які абумоўлены негатыўным вопытам сустрэч з прэсай. І на першыя некалькі пытанняў чуеш адказы-клішэ, суразмоўца прыглядаецца, правярае. Толькі ад цябе залежыць, ці выведзеш ты свайго героя на адкрыты дыялог. Для гэтага ўжо патрэбна быць выдатным псіхолагам. Што таксама не заўсёды, але, часцей, удаецца.

— Героі вашых праграм вас здзіўляюць, натхняюць?

— Кожны чалавек — гэта свая маленькая гісторыя. Я даведалася іх ужо каля сотні, таму, безумоўна, знайшла і для сябе шмат жыццёвых падказак. Пасля кожнай сустрэчы і размовы нейкія новыя сакрэты адкрываю.

Калі герой — папулярны артыст, спартсмен і гэтак далей і на тое робіцца стаўка, то мы атрымліваем прыгожую карцінку і... інтэрв'ю, падобныя адно да другога. І толькі пераступаючы чужы парог з любоўю, з жаданнем адшукаць у чалавеку светлае, удаецца паказаць яго сваім гледачам па-іншаму. Маё галоўнае адкрыццё ў тым, што, чым больш знакаміты чалавек, тым прасцей з ім размаўляць. У такіх герояў адсутнічае пафас. Яны шчырыя.

— Вы неяк сказалі, што вельмі важна, каб побач быў той, хто зможа падарыць вам саму сябе...

— Я гаварыла пра свайго мужа, ён дапамог мне раскрыцца. Я ж прыйшла ў тэлерадыёкампанію ўжо замужам, маючы дзіця. Сыну споўніўся год. Сёння яму — 16, а дачушцы — 8. Здаралася, пасля таго, як заседзішся да ночы ў чарговы раз, думаеш: усё, хопіць! А муж аднойчы мне сказаў: «Ты паглядзі ў люстэрка. У цябе вочы чырвоныя ад стомы, але яны гараць! Займайся тым, што робіць цябе шчаслівай, бо гэта такая рэдкасць!» Я зразумела — раз мне ўдалося знайсці занятак, які мне падабаецца і дазваляе зарабляць, то варта быць у гэтай прафесіі. Людзі, якія не атрымліваюць задавальнення ад сваёй працы, павінны шукаць сябе і справу па душы. Бо навучыцца пры жаданні можна ўсяму.

— Значыць, за любым паспяховым чалавекам заўсёды стаіць той, хто верыць у яго і любіць?

— Так. Але для гэтага яшчэ трэба шмат працаваць. У тым, чаго мне ўдалося дасягнуць, ёсць, безумоўна, заслуга і мужа, і маіх бацькоў... І калектыву, тых, з кім мы разам працуем: аператар Мікалай Кавалёў, рэжысёр Наталля Лук'янчук, нашы гукарэжысёры, тэхнікі, дызайнеры — усе, хто побач... Ды і кіраўніцтва тэлеканала «Беларусь 2» заўсёды падтрымлівае: і парадай, і ідэямі, і проста добрым словам.

— Калі на вас глядзіш, то складваецца ўражанне, што вы жанчына без узросту... У чым сакрэт?

— Сакрэт унутры. Не дарэмна ж кажуць, што нам столькі, на колькі мы сябе адчуваем. У душы я проста дзяўчынка. Бываю камічнай і магу жартаваць. Разам з тым, я дамашняя, спантанная. Люблю жыццё ва ўсіх яго праявах.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.