Вы тут

У санаторыяў — гарачы сезон


Лета — гэта адпачынак. Як правесці яго з карысцю для здароўя і пры гэтым нясумна? Чаму аддаць перавагу: замежнаму курорту ці беларускаму санаторыю? І калі вы схіляецеся да айчыннага санаторыя, ці магчыма яшчэ забраніраваць пуцёўку? Якім будзе яе кошт, а таксама якімі новымі відамі паслуг гатовы парадаваць нас беларускія здраўніцы? Пра ўсё гэта распавёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва пры Савеце Міністраў Генадзь Балбатоўскі на анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

5-37

Плюс 10 працэнтаў

Такім чынам, спачатку пра галоўнае — цану. Кошт пуцёвак на летнія месяцы ў беларускія здраўніцы ў сувязі са значным павышэннем попыту ўзрасце на 10%. Вядома, што сярэдні кошт 1 дня знаходжання па пуцёўках, што самастойна рэалізуюцца здраўніцамі, з размяшчэннем у двухмесным аднапакаёвым нумары ў красавіку склаў 391,5 тысячы рублёў. Улетку сярэдні кошт 1 дня дасягне ў сярэднім 432 тысяч рублёў.

Браніраванне пуцёвак на летні перыяд, па словах Генадзя Балбатоўскага, яшчэ адкрыта. Набыць пуцёўкі можна праз тураператараў, а таксама на сайтах санаторыяў. Найбольшым попытам карыстаюцца пуцёўкі з працягласцю знаходжання 12-14 дзён.

Прагназуецца, што ў міжсезонны перыяд (з кастрычніка па 20 снежня 2015 года) сярэдні кошт 1 дня знаходжання па пуцёўках, што самастойна рэалізуюцца здраўніцамі, зноў знізіцца на 9-10% і складзе каля 390 тысяч рублёў.

Для параўнання: кошт аднаго дня знаходжання ў літоўскіх санаторыях у Друскінінкаі стартуе ад 59 еўра.

Больш за палову адпачывальнікаў аплачваюць пуцёўку часткова

Штогод лячэнне і аздараўленне ў нашых санаторыях праходзяць больш як 1,3 млн чалавек. Каля 20% адпачывальнікаў штогод складаюць замежнікі. У мінулым годзе ў беларускіх санаторыях адпачылі 240 тысяч замежных грамадзян (гэта нават менш за 20% агульнай колькасці пуцёвак).

Найбольшым попытам карыстаюцца санаторыі, якія валодаюць найлепшай матэрыяльнай базай. Калі казаць пра сталічны рэгіён, то запатрабаваны санаторыі «Юнацтва», «Баравое», «Прыазёрны». Гэтыя санаторыі, па словах Генадзя Балбатоўскага, прадастаўляюць паслугі сусветнага ўзроўню.

Плануецца, што ў гэтым годзе за кошт сродкаў юрыдычных і фізічных асоб пройдуць аздараўленне больш за 560 тысяч чалавек, а за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва — больш за 650 тысяч чалавек.

Тэрмін чакання пуцёўкі ў санаторыі для пенсіянераў складае ў сярэднім па краіне 3-4 гады ў залежнасці ад рэгіёна. Некалькі большы гэты тэрмін у Мінску — 5 гадоў, што звязана з большай сацыяльнай актыўнасцю сталічных пенсіянераў. Што тычыцца непрацуючых грамадзян, у якіх інваліднасць першай-другой груп, то яны забяспечваюцца пуцёўкамі адзін раз у два гады.

Як заявіў Генадзь Балбатоўскі, індывідуальныя прадпрымальнікі таксама маюць права на атрыманне пуцёўкі, як і любыя працуючыя грамадзяне, на ўмовах частковай аплаты. Для гэтага ім трэба звярнуцца да спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Індывідуальны прадпрымальнік павінен прадставіць даведку аб даходах, у залежнасці ад якіх будзе налічаны памер частковай аплаты. Альбо гэта можа быць інфармацыя пра тое, як ён выплачвае фіксаваны падатак, гэта таксама паўплывае на налічэнне частковай аплаты за пуцёўку. Яна будзе выдадзена пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў.

Катэджы, шведскі стол, бурштынавыя пакоі...

У апошні час у курортнай зоне Нарачанскага рэгіёна практычна ва ўсіх санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях з'явіліся катэджы. Драўляныя домікі і двухпавярховыя карпусы пабудаваны таксама ў дзіцячых санаторыях «Расінка» і «Сонейка», дзе ствараюцца аддзяленні маці і дзіцяці. Гэтае новаўвядзенне, па словах спецыялістаў, сябе апраўдала і будзе развівацца ў беларускіх здраўніцах далей, бо людзі хочуць адпачываць камфортна.

Яшчэ адна навінка — у беларускіх санаторыях будзе арганізаваны шведскі стол гародніны, зеляніны і садавіны ці фруктова-агароднінныя бары.

Таксама беларускія санаторыі актыўна развіваюць новыя віды паслуг, у тым ліку даволі экзатычныя (напрыклад, лячэнне п'яўкамі, пчоламі і г.д.). Цікавым новаўвядзеннем спецыялісты называюць стварэнне бурштынавых пакояў. Гэта спецыяльныя памяшканні з прыродным бурштынам, знаходжанне ў якіх спрыяльна ўплывае на лячэнне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, шчытападобнай залозы, бранхіяльнай астмы, захворванняў цэнтральнай нервовай сістэмы і многіх іншых. Пры падагрэве пасудзін з бурштынам інтэнсіўна вылучаюцца фітанцыды. Але ў такіх пакоях бурштын знаходзіцца не толькі ў посудзе — ім цалкам пакрыты сцены, столь, падлога. Бурштынавыя пакоі ўжо абсталяваны ў санаторыях «Рассвет» (г. Любань Мінскай вобласці) і «Парэчча» (пасёлак Парэчча ў Гродзенскай вобласці). У найбліжэйшай перспектыве бурштынавыя пакоі з'явяцца і ў іншых санаторыях «Белаграздраўніцы».

Усяго да паслуг ахвотных адпачыць і падлячыцца — 111 санаторна-курортных і 233 аздараўленчыя арганізацыі Беларусі.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.