Вы тут

Крэпасць не абмінае ніводная дэлегацыя


У праграме Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі», які распачнецца днямі ў сталіцы, значыцца наведванне яго ўдзельнікамі Брэсцкай вобласці і, вядома, Брэсцкай крэпасці. Падрыхтоўку да сустрэчы курыруе начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр МУРАШКІН. Да яго — нашы пытанні.

5-321

— Што ўбачаць, з кім сустрэнуцца ў Брэсце супрацоўнікі друкаваных сродкаў інфармацыі і тэлеканалаў з Беларусі і замежжа?

— Пакуль што плануецца наведванне прадстаўнікамі масмедыя нашага брэндавага прадпрыемства «Савушкаў прадукт». Яно і зразумела: многія спажыўцы за мяжой добра ведаюць малочныя прадукты брэсцкага прадпрыемства. Думаю, ім цікава будзе паглядзець на саму вытворчасць «Брэст-Літоўскай» смятаны або тварагу, сустрэцца з працаўнікамі камбіната.

Пра асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна гасцям раскажа старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс. Губернатар пазнаёміць удзельнікаў форуму з некаторымі аспектамі супрацоўніцтва Брэстчыны з суседнімі краінамі і рэгіёнамі асобных краін. Пасля гэтага госці наведаюць мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», ускладуць кветкі да Вечнага агню.

— У крэпасці апошнія месяцы і дні практычна кожны дзень бываюць не толькі турысты, але і афіцыйныя дэлегацыі. Ці звязана гэта, на ваш погляд, з юбілейнай датай Перамогі, якую мы ўсе адзначаем?

— І так, і не. Жаданне наведаць нашу галоўную славутасць, як правіла, выказваюць усе госці горада, якія прыязджаюць з дзелавымі мэтамі. У красавіку памяць абаронцаў крэпасці ўшанавалі еўрапейскія дыпламаты, грамадскія дзеячы на чале з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майрай Морай. Літаральна некалькі дзён таму кветкі да галоўнага манумента цытадэлі ўсклаў губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак.

А на святкаванне Дня Перамогі да нас прыязджала сапраўды шмат гасцей. Напрыклад, афіцыйныя дэлегацыі былі са Славакіі, Інгушэціі, Нідэрландаў. Варта адзначыць, што для нас не менш важнымі сталі і тыя госці, якія ехалі не ў складзе дэлегацый, але праявілі ўласную ініцыятыву, не паленаваліся пераадолець многія тысячы кіламетраў і сустрэць юбілей Перамогі ў Брэсце. Я маю на ўвазе жыхароў Сібіры, Уладзівастока, краін далёкага замежжа. Народная ініцыятыва спрацоўвае не толькі ў святочныя дні, што яшчэ больш каштоўна. Нядаўна экскурсавод крэпасці расказваў, што мемарыял наведала група школьнікаў з Паволжа. Аказваецца, цэлы клас перамог у адным з праектаў, якія арганізуе іх міністэрства адукацыі. Як было абумоўлена правіламі, у пераможцаў спыталі, куды яны хочуць паехаць у якасці ўзнагароды за перамогу. Дзеці назвалі Брэсцкую крэпасць. І для іх арганізавалі паездку. Гэта надзвычай прыемна было чуць. У крэпасці сёння сапраўды ёсць што паглядзець. Акрамя ранейшых аб'ектаў, якія многім вядомыя, можна наведаць новы, ён называецца «Музей вайны — тэрыторыя міру», стала магчыма заказаць паход на Пагранічны востраў, пазнаёміцца з фартыфікацыйнай сістэмай крэпасці пазамінулага стагоддзя... Так што і ўдзельнікам міжнароднага медыяфоруму будзе што паказаць.

Увогуле ж мерапрыемствы, прысвечаныя ваенным падзеям, мужнасці і гераізму, не скончыліся. Цяпер рыхтуемся яшчэ да аднаго.

— Маеце на ўвазе традыцыйны мітынг-рэквіем у чатыры гадзіны раніцы 22 чэрвеня?

— Так. Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны мы традыцыйна адзначаем тут, дзе пачалася вайна. У розныя гады мерапрыемства праходзіла па-рознаму. Аднойчы ў гэту ноч упершыню паказалі фільм «Брэсцкая крэпасць». Таксама ўпершыню тут прайшла рэканструкцыя падзей пачатку вайны, якая стала цяпер атрыбутам гэтага дня. І зноў жа па традыцыі 22 чэрвеня ў Брэст прыбывае многа гасцей. Тут мы сустракалі славутых расійскіх дзеячаў культуры, такіх як Людміла Зыкіна, Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў і многіх іншых. Памяць ахвяраў вайны ў ноч на 22 чэрвеня ўшаноўвалі ля сцен цытадэлі прэзідэнты і прэм'еры суседніх краін. Сёлета, як і заўсёды, ноччу прыбудуць спецыяльныя цягнікі памяці з моладдзю. Чакаем таксама Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».