Вы тут

За справу бяруцца «знатакі»


Яны абяцаюць прадставіць пяць новых фільмаў ужо ў кастрычніку.

Шмат кажуць пра стагнацыю беларускага кіно, пра адсутнасць нашых фільмаў на міжнародных кінафестывалях, пра страту пакалення, якое магло б даць плеяду таленавітых аўтараў, і гэтак далей. Усвядоміўшы жахлівае становішча гэтай сферы, каманда «экспертаў» паспрабавала скааперыраваць сілы дзеля таго, каб гэта змяніць. Вядома ж, да лепшага. Таму заснавальнікам — Майстэрняй сацыяльнага кіно — аб'яўлены пачатак праекта KІNOSPRІNT.

На арэну конкурсу выйшлі вядомыя дзеячы беларускай кінапрасторы — прадзюсар «БелФільм Групы» Юрый Ігруша, прадзюсар New wave productіon Аляксандр Левянчук, сцэнарыст Андрэй Курэйчык, дырэктар Кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў, дырэктар rental-кампаніі FІRST RENTAL Сяргей Якубоўскі і іншыя, а таксама арганізацыі, якія стаяць за некаторымі імёнамі (у якасці сузаснавальнікаў). Конкурс прапаноўвае маладым талентам тэму экалогіі, на якую ўдзельнікі павінны будуць стварыць ідэю, сінопсіс, сцэнарый і ўласна кароткаметражны фільм. Заяўкі на ўдзел ахвотныя могуць падаць да 29 чэрвеня (на сайце kіnosprіnt.by), з іх эксперты адбяруць дзесяць каманд, для якіх адкрыецца ўнікальная адукацыйная праграма — майстар-класы, кансультацыі дзеля падрыхтоўкі да пітчынгу. Абарона сваіх праектаў дзесяццю ўдзельнікамі адбудзецца 18 ліпеня, пасля чаго застанецца пяць каманд, якія атрымаюць магчымасць зняць фільмы і «прасунуць думкі экаактывістаў з дапамогай кіно».

Генеральны прадзюсар «БелФільм Групы» Юрый Ігруша кажа, што неабходнасць вопытным людзям сабрацца разам, каб падтрымаць маладое кіно, наспела даўно: «Мы страцілі практычна цэлае пакаленне, і, каб не страціць будучыню, трэба ўжо сёння сур'ёзна займацца. Спадзяюся, што аб'яднанне намаганняў у гэтай сферы прывядзе да цікавых вынікаў, на гарызонце з'явяцца новыя імёны і іх работы. Маладым кінематаграфістам трэба дапамагаць на ўсіх стадыях, у тым ліку прадзюсіраваць, прасоўваць фільмы. Я часта сутыкаюся з тымі, хто займаецца кароткім метрам і не мае сіл на другі фільм, таму што не адчувае вынікаў. У найлепшым выпадку карціна трапляе на нейкі фестываль. А праштурхоўванне беларускага кіно — гэта сістэмная работа».

Сапраўды, каманда не збіраецца спыняцца на стварэнні фільмаў, якія будуць прадстаўлены публіцы ўжо ў кастрычніку і сярод якіх вызначыцца пераможца. На працягу года пасля прэзентацыі вынікаў будзе ажыццяўляцца работа па прасоўванні карцін на замежныя кінафестывалі і закрытыя паказы.

Галоўнае, што прапаноўвае KІNOSPRІNT маладым талентам (насамрэч узроставае абмежаванне дыктуе прыходзіць у праект проста не малодшым за васямнаццаць гадоў), — гэта рэсурсы для стварэння свайго фільма (не грошы, але можна прыцягнуць дадатковых спонсараў), навучанне каманднай працы, куратарства вопытных спецыялістаў і свабода творчасці.

На апошняе я спадзяюся таксама, таму што жаданне зрабіць крок у выхаванні новага пакалення выбітных беларускіх кінематаграфістаў, першапачаткова абмяжоўваючы іх тэмай, падаецца сумніўным. Няхай і слова «экалогія» даволі шырокае. Такім жа чынам у гэтым годзе прайшоў конкурс у Міністэрстве культуры — названы тэмы, сацыяльная абумоўленасць, пітчынг. У гэты час у сталах ляжаць, магчыма, шыкоўныя ідэі, гатовыя сцэнарыі.

Канстанцін Варабей, старшыня аргкамітэта, намеснік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно (нагадваю, арганізацыі-заснавальніка праекта KІNOSPRІNT), кажа: «Як новая арганізацыя на беларускім кінарынку, Майстэрня ставіць сваёй мэтай развіццё сацыяльнага кіно і рэкламы, а місіяй з'яўляецца аб'яднанне кінематаграфістаў дзеля таго, каб рухаць наш кінематограф разам. Без партнёраў у гэтай справе цяжка, таму праект з'яўляецца добрым прыкладам, які паказвае, як увесь беларускі рынак можа аб'яднацца для дапамогі маладому кіно».

І хоць ідэя гучыць дастаткова пафасна і саманадзейна, мы ўсё ж такі спадзяёмся на тое, што праект спрацуе. Наступны раз KІNOSPRІNT прагучыць на старонках газеты ў кастрычніку, калі мы зможам ацаніць вынікі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.