Вы тут

МілаГУЧНАСЦЬ асабістага


Днямі паэт Васіль Зуёнак адзначыў 80-годдзе. І мы адзначаем — разам з ім, але яго вершамі. Што можа сказаць пра паэта лепш, чым яго творы? У іх яго мудрасць і вера ў жыццё. У іх і радасць спасціжэння шляху: зямнога, але і бясконцага, жыццёва-чалавечага, але бязмежна-творчага. Шляху паэта, які атрымаў іскрынку таленту звыш і здолеў зрабіць так, каб яна гарэла як мага даўжэй дзеля іншых. Таму што паэт, нават калі гаворыць пра тое, што дарагое ці баліць асабіста яму, піша наогул пра чалавека як пра істоту, якая на гэтым свеце шукае праўды, ісціны, любові, вечнасці праз свае справы. Васіль Зуёнак гаворыць тое, што адчувае, тымі словамі і на той мове, якая нібыта блаславёная для паэзіі: сэнс узмацняецца і арганічна кладзецца на душу праз прыгажосць і мілагучнасць. Часам здаецца, што гэта сардэчная малітва. Вельмі асабістая. Але хто не захоча яе прамовіць за ім?

Васіль Зуёнак

АДМАЎЛЕННЕ АД РАЮ

Стаміўся дзень, пытаецца дарога:

— Куды, куды спяшаешся, нябога?

Як многа ўсіх — і ні душы наўкола,

І ты — як на жніўі забыты колас:

Які самотны і які маўклівы,

Які бяздомны без жытнёвай нівы...

Асенні дзень схіляецца да ночы —

Даецца ён, каб зразумець аднойчы,

Як дорага жыццё на схіле веку,

Адпушчанае небам чалавеку:

Адно імгненне, а ўжо рай бліжэй,—

Імгненне, што за вечнасць даражэй...

* * *

Усё зямное мне ўсявышняй сілай

Дарована, каб жыў я па-зямному,

Каб небыццё не страшыла

магілай,

Каб лёс мой роўны быў сабе самому.

Каб у бядзе памог не пахіснуцца,

А ў радасці не гойсаць ачмурэла...

Адно б — з самім сабой

не размінуцца

І верыць, што яшчэ не звечарэла.

Пылінка ў чалавечым акіяне —

Ды хто мой дух зняволіць

у аброці?!.

І толькі перад Богам пакаянне

Прыму ў сваёй грахоўнай

адзіноце.

* * *

УРОК

Зорныя Мядзведзіцы сярпамі

Дажынаюць постаць на юры.

Складваю снапы гадоў тарпамі —

А жыццё не вывучыў на памяць...

Божачка, урок мне паўтары!..

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.