Вы тут

Сямейныя партрэты, у якіх можна пазнаць сябе


І ўбачыць каханне даўжынёй у пяцьдзясят гадоў.

У апошнія дні мая Рускі драматычны тэатр імя Горкага прадставіў прэм'еру спектакля «Вечнасць на дваіх», створанага па рамане Джазэфіны Лоўрэнс «Гады такія доўгія». Гэта гісторыя пра, здаецца, заўсёдныя пытанні ўзаемаадносін унутры сям'і — бацькоў з дзецьмі і тых, хто і без кроўнага сваяцтва стаў найбліжэйшым для некага чалавекам. Напэўна, у справе апошніх пра свой удзел заяўляе Каханне, якое таксама прэтэндуе на вечнае жыццё. І ў гэтым бачыцца адзіны сэнс назвы — гэты спектакль не пра «вечнае» ў высокім сэнсе слова, а пра вечныя праблемы, пастаяннае вяртанне да пункта адліку, што адмяняе прагрэс чалавечай душы, і пра вечнае каханне, якое ў момант стварае гэты прагрэс лакальна. Рэжысёрам стаў Барыс Луцэнка, які шмат гадоў быў мастацкім кіраўніком Рускага тэатра.

Дзейных персанажаў можна падзяліць на дзве групы. Адасабляем дваіх галоўных — гэта Барк і Люсі Купер, сужэнцы, у якіх за плячыма пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця, гадавання пяці дзяцей і росту агульных даўгоў. У спектаклі іх іграюць Расціслаў Янкоўскі з Бэлай Масумян і Аляксандр Брухацкі з Людмілай Былінскай. Іх вобразы асвятляюць сапраўдныя пачуцці, бесперапынны і амаль аўтаматычны клопат адно пра аднаго, ужо ў першай сцэне прадэманстраваны цудоўныя адносіны, быццам пасля першага прызнання пад месяцам.

У вялікі сямейны дом з'язджаюцца чацвёра дзяцей (яшчэ адна дачка застаецца «за кадрам») — яны становяцца другой групай персанажаў. Чым жа яны адметныя? Засяроджанасцю на сваім жыцці і сваіх праблемах, абыякавасцю, нежаданнем аддаць своеасаблівы доўг бацькам.

[caption id="attachment_86535" align="alignnone" width="600"]Сустрэча ў фамільным доме: Барк з Люсі (пасярэдзіне) і чацвёра дзяцей — Эвелін, Джордж, Рычард і Нэлі. Сустрэча ў фамільным доме: Барк з Люсі (пасярэдзіне) і чацвёра дзяцей — Эвелін, Джордж, Рычард і Нэлі.[/caption]

Самае галоўнае, што гэты эгаізм — здавалася б, бяскрыўдная якасць — становіцца крыніцай паўсюднага нараджэння болю і крыўды, пачуцця адзіноты ў Барка і Люсі, якія ў сваю чаргу ўсё матэрыяльнае і нематэрыяльнае аддалі дзецям. Але гэта пасля.

Хутка раскрываецца нагода, з прычыны якой бацькі тэрмінова запрасілі дзяцей: банк збіраецца забраць у сваю ўласнасць сямейны дом, які быў закладзены пяць разоў (роўна столькі, колькі патрабавалася выдаткоўваць на навучанне дзяцей). Барку і Люсі няма дзе жыць (але ж яны маюць пяцёра дзяцей). Гэта навіна перапыняе разважанні старэйшага Джорджа пра спадчыну і дае размове дыяметральна іншы накірунак. Дзеці здзіўляюцца, чаму бацькі не змаглі за ўсё жыццё назапасіць грошай на забяспечаную старасць і ўвогуле чаго яны хочуць? І тут цягнецца — «у маім доме праводзяцца спірытычныя сеансы», ці «я ўсё выдаткоўваю на лекі», ці «я адна выхоўваю непаўналетнюю дачку».

У выніку, цаной глыбокага расчаравання з боку бацькоў і суровага асуджэння з боку гледача, сям'я дамовілася, што Джордж можа дапамагчы... але толькі аднаму. І пажадана, каб маці.

Далейшыя падзеі — гэта, умоўна кажучы, хаджэнне па пакутах дваіх састарэлых людзей. Галоўнае, што яны бацькі і што ўяўляюць яны з сябе дзве паловы аднаго цэлага, якія захавалі сваё каханне. То бок жылі пяцьдзясят гадоў, гадавалі дзяцей, а нарэшце павінны разлучыцца праз тых жа дзяцей. Таму ўсе пяцёра выступаюць тут у першую чаргу не як родныя, а як катавальнікі і крыніцы своеасаблівага тэрору, хай гэта і гучна сказана.

Структура спектакля — ён доўжыцца тры гадзіны — як быццам зразумелая. Барк і Люсі жывуць то ў аднаго, то ў другога з дзяцей паасобку і ніяк не могуць аказацца разам.

Праз гэта адначасна паказваюцца і самадастатковыя лініі — партрэты трох тыповых сем'яў. Вось вам працавіты, амбіцыёзны «гаспадар жыцця» Джордж і яго жонка Аніта, што ад нудоты і адсутнасці пастаяннага занятку прыдумала сабе захапленне спірытызмам. Быццам, пры справе.

Вось Эвелін і яе звычайнае замужжа з Леанарда — простым, сціплым, спакойным і прыязным да цесця чалавекам. Сям'я не лепшая, не горшая за іншыя, але, калі глядзіш на пастаянную незадаволенасць Эвелін, здаецца, што яе жаданні і мары не спраўдзіліся. А з прычыны яе істэрычнасці пакутуе муж, якога жыццё якраз задавальняе (задавальняла б).

Вось Нэлі, якая засталася без мужа, будуе сяброўскія адносіны са сваёй дачкой і чакае ад яе абсалютнай шчырасці. А калі ў гэтым з'яўляецца прарэх, Нэлі без сумнення вінаваціць маці, якая ў гэты час жыве ў яе доме. Кожны прыклад — тыповы, у нейкім сэнсе саркастычны, заганны.

Але цэнтральнай лініяй, зразумела, застаецца вандраванне Барка і Люсі, усё астатняе — другаснае, функцыяй іншых персанажаў з'яўляецца стварэнне фону, асяроддзя і генерацыі абыякавасці. Яны не ствараюць драм, не перажываюць страт, не церпяць выпрабаванняў. На іх пачуццях не засяроджваешся, не пранікаешся, не спачуваеш. Таму што з самага пачатку яны трапілі ў кола «грэшнікаў». Толькі Нэлі з пяці дзяцей з «фону» чамусьці выбіваецца і трапляе ў сваю ўласную гісторыю, асобную лінію.

Рэжысёр змясціў п'есу пад словы «сусвет» ці «вечнасць» — над сцэнай узвышаецца экран з выявамі космасу. «Сусвет», у параўнанні з якім нашы мімалётныя (а для нас — глабальныя) праблемы выглядаюць яшчэ больш мізэрнымі, чым нават наша жыццё. «Вечнасць», у якую тут упісваецца толькі Каханне, а ўсё іншае застаецца людской мітуснёй. Ці тая «вечнасць», якой для Барка і Люсі аказаўся час расстання. Ці тая, што нам забяспечваецца працягам роду.

Так ці інакш, вечнасцю тут аказваецца сам спектакль — не заўсёды здаецца матываваным бясконцае кружэнне над сцэнамі сямейнага жыцця, не кожны паварот круга абяцае дакладнае служэнне адной ідэі, а партрэты сем'яў, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, абсурднасць створанай сітуацыі цікавыя тут толькі знешне, але сшыты не з тых матэрый, што здольны закруціць у сваё маральнае самавыяўленне. Затое кантраст паміж старэйшым і малодшым пакаленнем тут паказаны дакладна. І яму не абавязкова азначацца выявамі сусвету. Ці сустрэнуцца нарэшце Барк з Люсі, ці ўсвядомяць дзеці заганнасць сваіх учынкаў, глядач даведаецца ў канцы. Але падказваю: рэжысёр настроены аптымістычна, хоць аптымізм гэты ляжыць не на паверхні.

Засталося толькі пытанне: вакол чаго менавіта круціцца ідэя татальнай несправядлівасці? Сапраўднае каханне? Ці прывычка, арганічная неабходнасць быць да некага прывязаным, дыктат лёсу, абставін?.. Як правільна назваць адносіны Барка і Люсі? Як правільна назваць адносіны, у якіх фігуруем мы самі? Ці існуе ў іх нешта, параўнальнае з космасам і вечнасцю?

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».