Вы тут

Час збіраць кнігі


Чытаць ці не чытаць — кожны вырашае сам. Але калісьці адной з найвялікшых перамог беларускай культуры была магчымасць зрабіць чытанне кніг больш даступным для людзей. Беларуская кніжнасць  з эпохі Адраджэння, казала людзям: «Вы можаце, вы здольныя, вы магутныя». Магутнасць давалі словы — у іх была сіла думкі.

Кнігі, праз якія даюцца думкі, нараджаюцца ў беларускай культуры і зараз. Іх трэба толькі адшукаць, зразумець, што трэба чытаць. І чытаць — каб адчуваць сябе чалавекам разумным. Адна з кніг, якая скіроўвае да разваг і думак, «Час збіраць косці» нашага даўняга аўтара і шматгадовага вядучага конкурсу апавяданняў «Звязды» Віктара Казько была адзначана літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройца, але яшчэ перамагла ў галасаванні чытачоў, што не менш адметна. Таму што кніга не простая для ўспрымання. У яе ўвайшлі тры вельмі розныя аповесці: «Час збіраць косці», «Прахожы», «І нікога, хто ўбачыць мой страх», дзе аўтар, акрамя герояў, іх адносін з іншымі, стварае вобраз часу. Віктар Казько, які быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, застаецца цяпер адным з жывых класікаў айчыннай літаратуры. А класіка — гэта ўзровень валодання словам, творчая планка, узор. Так, гэта літаратура, якую не будзеш «глытаць», у яе трэба ўчытвацца. З ёю трэба пражыць пэўны адрэзак часу, каб не страціць потым той самы час. Пра прызначэнне літаратуры сёння мы спыталі ў Віктара Апанасавіча:

— Літаратура павінна гаварыць пра тое, як мы жывём і як будзем жыць. Вечны яе абавязак — адзначаць сённяшні дзень і думаць пра дзень будучы. Літаратура павінна гаварыць з чытачом пра час, пра жыццё, пра тое, што чалавек перажывае і адчувае. Таму яна павінна прыходзіць да людзей своечасова, а не так, як аповесці з гэтай маёй кнігі, якія праляжалі 20 гадоў і вось атрымалі шанц выйсці да чытача. Але тое, што я пішу зараз, зноў невядома калі і дзе можа быць выдадзена (ёсць амаль 60 аркушаў тэксту). У нас сітуацыя такая: пісьменнікаў шмат, усім хочацца бачыць свае кнігі выдадзенымі. І я разумею, што калі ў «Мастацкай літаратуры» выйшаў мой раман «Бунт незапатрабаванага праху», то сваю магчымасць я скарыстаў, трэба даць яе іншым. У нас у краіне каля 1000 пісьменнікаў агулам, неабходна даваць дарогу і маладым, і іншым калегам. Для нашых выдавецтваў працы — на шмат гадоў наперад. Толькі кнігі ствараюцца людзьмі ў свой час для людзей свайго часу. Вось што важна.

— Ёсць меркаванне, што людзям у наш вельмі імклівы час складана жыць і паспяваць шмат. Таму ёсць спрашчэнне і ў такім мастацтве, як літаратура. Ці не страціцца з-за гэтага наогул зацікаўлены чытач?

— Людзям ніколі не было лёгка жыць. А літаратура дапамагала: яна стымулявала думку. Калі ўзгадаць кнігі, якія да нас дайшлі з пачатку пісьменнасці — гэта што, лёгенькая літаратура, чытво? Заўсёды так было, што былі асобы, зацікаўленыя ў развіцці чалавека як істоты, якая мысліць, і тыя, хто наадварот імкнуўся, каб людзі пазбягалі думаць. Уся гісторыя — пра гэта. Таму што цёмнымі, непісьменнымі людзьмі было прасцей кіраваць. Але літаратура развівалася. Яна як люстэрка, у якое можна глядзецца і нешта разумець пра свет. Таму што літаратура дае думку. Я кажу пра сапраўдную літаратуру, а не пра гумку ў выглядзе маскультаўскага прадукту, які наадварот адвучае ад працэсу мыслення. Але менавіта гэты прадукт людзям актыўна прапаноўваюць, прасоўваюць яго праз тэлеканалы і гэта, напэўна, робіцца з пэўнымі мэтамі (у тым ліку нешта лепш прадаць і больш зарабіць). Але ў літаратуры насамрэч магутная ідэалагічная сіла, яна ўплывае на розумы...

— Як упісацца ў свядомасць сучаснага беларускага чытача айчыннаму аўтару? За кошт чаго — тэм, ідэй, стылю ці, можа быць, праз нейкія асаблівыя захады папулярызацыі?

— Ёсць стары анекдот: «Мы не плацім тры месяцы заробак, а яны ходзяць і ходзяць на працу». — «Тады зрабіце платны ўваход...» Дык вось у літаратуры даўно ўжо платны ўваход зроблены. Цяпер пісьменніку можна выдаваць кнігі за свой кошт. Творы з гэтай кніжкі, якая выйшла ў «Кнігазборы», праляжалі, перш чым удалося надрукаваць, а тое, што напісана сёння, яшчэ ляжыць у стале. Я прынцыпова супраць таго, каб аўтар плаціў за друкаваную кніжку. Але ўсё роўна пішу, таму што нічога іншага сёння рабіць не здольны. Я прывык так працаваць. Пісьменнік не можа не быць пісьменнікам. Асабліва тое пакаленне, якое сёння сыходзіць. Пісаць і выдаваць кнігі — гэта і ёсць галоўны момант, што патрэбен, каб прыходзіць да чытача. Гаварыць і думаць трэба своечасова, каб потым не было позна. Беларуская літаратура фактычна існуе ў стане «нашага незапатрабаванага праху». Ніхто не ведае, як наша слова адгукнецца. Гэта ніколі не было дадзена ведаць. Але літаратура як з'ява сёння патрабуе ўвагі грамадства. А грамадства — гэта ў тым ліку і дзяржава. Таму што без спонсарскай ці мецэнацкай дапамогі сёння не жыве ні заходняя, ні расійская літаратура. А наконт нашай літаратуры можна задаць пытанне, узгадваючы аднаго з польскіх класікаў Генрыка Сянкевіча: «Камо градзешы (Куды ідзеш)?» Гэтае пытанне можна адрасаваць і ўсім нам.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.