Вы тут

Як заўсёды, гульня вобразаў


Графіка ці жывапіс? І першае, і другое ад Сяргея Балянка.

Спачатку ружовы трусік прашмыгне міма ног, потым чорны цень, падобны да капелюша, накрые зверху — усяго толькі згадка пра лямпу, якая можа жыць сваім жыццём. Запрашаюць прайсці будынкі, за якімі хаваюцца сны... Неверагодныя павароты падчас гульняў уяўлення падрыхтаваў мастак, для якога гэта — «Усё як заўсёды».

Вялікая зала Музея сучаснага выяўленчага мастацтва яшчэ чакае тых, хто прамінуў персанальную выставу мастака Сяргея Балянка. І хоць прыхільнікі выяўленчага мастацтва, можа быць, носяць у сабе вобразы мінулай выставы (адбылася летась у гэтым жа музеі), варта працягнуць знаёмства. Мала таго, выстава — гэта той асаблівы фармат зносін з творцам, калі можа выстройвацца дыялог, наладжвацца разуменне, умацоўвацца знаёмства, калі ўжо вядомае знаходзіць падмацаванне ці ўдакладненне. Вось якраз падмацаваннем і ўдакладненнем свайго ўспрымання творчасці Сяргея Балянка можна назваць гэтую выставу. Тым больш што ён і сам нібыта разумее гэта, нават назва экспазіцыі красамоўная: «Усё як заўсёды».

Усё ды не ўсё. У назве, хутчэй, схаваны момант гульні: каб узгадвалі, пазнавалі стыль і вобразы, але думалі глыбей і адпаведна захапляліся тым, які неверагодны свет можа насіць у сабе чалавек. Прычым кожны. Іншая справа, што не ўсе здольныя потым адлюстраваць свае дзіўныя, неверагодныя сны, мроі, фантазіі, вобразы, якія часам выплываюць з падсвядомасці і накрываюць цябе так, што пачынаеш ужо думаць: а ці не рэальныя яны?

Большасць — шэрыя. Не чорна-шэрыя. Можа, шэра-белыя. Ці ўсё ж чорнае з белым імкнуцца спалучыцца, сплесціся ў гармоніі праз шэрае. Гэта афорты Сяргея Балянка — тое, што ён як мастак-графік найперш умее і любіць рабіць (выпускнік Львоўскага паліграфічнага інстытута). Дарэчы, той, хто любіць чытаць, мог сутыкацца з яго творамі — у кнігах, якія ён афармляў (гэта, дарэчы, асобны перыяд у біяграфіі, калі мастак быў звязаны з працай у мінскіх выдавецтвах). Але ілюстрацыя да кнігі заўсёды прывязана да сюжэту, да вобразу, закладзенага пісьменнікам. А ёсць жа і свае вобразы, якія просяцца, каб іх выпусцілі ў самастойнае жыццё. Калі ласка, ён гэта робіць. Выпускае.

6-28

І вось яны асвоілі выставачную прастору. Запрашаюць нас да гульні. Спачатку бачыш твор — той самы манахромны афорт. Потым пераводзіш погляд на назву. І ўсё — ты ўжо Аліса ў нейкім залюстаркоўі. Яно рэальнае! Трэба націснуць кнопку ў сваёй галаве: ну, няўжо не відаць, што трусік сапраўды ружовы? Дадаць уяўлення — і ўсё становіцца на месца, мастак не хлусіць. Калі вы гэта разумееце, гуляць становіцца яшчэ цікавей — вы ўжо паўнапраўны сутворца, які на чорна-шэрае-белае можа ў вольнай форме накладваць колеры, можа мысленна дапаўняць ці працягваць твор, кіруючыся ўласным ладам жыцця ці логікай. Вось, напрыклад, цікава прадоўжыць лагічны шэраг твора «Заўчарашні цень ціха ішоў дадому». Але ж як гэта можна патлумачыць, пра што твор, калі ўсё на нюансах, на здагадках, на гумары? Ну прычым там рыбіны да ценю? Ці вось яшчэ ўявіце: цёмна, толькі самотны кот бадзяецца на вуліцы... «Выйшаў вечарам пакурыць», сцвярджае аўтар. Ён наогул любіць вобразы жывёл. Насамрэч яны — такія ж насельнікі Зямлі. Таму разам з імі можна прыйсці на «мелкаводдзе і проста глядзець на дно акіяна». Але бывае інакш, і тады чалавек апошняга адзінарога бачыць у выглядзе падзеленай на кавалачкі стравы. Жудасныя сны, хочацца іх адштурхнуць ці змяніць нешта сумна-безнадзейнае на нешта больш прывабна-чалавечае. І ўсё мяняецца: вы можаце гэта ж убачыць інакш — усё залежыць выключна ад вашага ўяўлення, ад вашых сноў ці жаданняў. У гэты момант сум змяняецца верай і іскрынкамі гумару, якога, дарэчы дастаткова ў кожным творы. А яшчэ тонкая ледзь улоўная надзея. Напрыклад, яна ёсць у ягоным творы «Яна не прыйшла. Ён не сышоў. Даўняя восень». Ці напоўніць вас чаканнем: «Астатняе — нешта будзе?» Будзе — вы ж у вялікім горадзе, дзе шмат розных магчымасцяў, падказвае аўтар. Усё навокал — і горад, і магчымасці, якія вы зноў-такі ствараеце сабе самі ў залежнасці ад таго, якімі вачыма глядзіце навокал. Гэта кранае і падкупляе: нездарма творы Сяргея Балянка карыстаюцца ўвагай і знаходзяцца ў музейных зборах розных краін і прыватных калекцыях у самых далёкіх частках свету. Дзіўна гэта, калі разглядаць назву твора як яго паўнавартасную частку (а гэта ж на вельмі тонкае разуменне).

6-27

Расшыфроўка назваў графічных твораў Сяргея Балянка — гэта яшчэ адзін мастацкі сродак. Цудоўны ён тым, што, разумеючы мастака праз назвы, атрымліваеш шанц лепш зразумець сябе, дастаць свае вобразы, ажывіць свае сны. Нават прачнуцца. І тут столькі з'яўляецца варыянтаў... Іх адчуваеш праз іншыя творы — жывапісныя, якія таксама прадстаўлены ў гэтай экспазіцыі. Яны эскпрэсіўныя, фарбаў — шчодра, ад душы. Як і эмоцый, на якія багатае рэальнае жыццё. Але, гледзячы на жывапіс, вы ўжо гуляеце па правілах, якія выставіў аўтар. Прымаеце яго пункт гледжання — паводле яго сюжэтаў і колераў. Але яшчэ не ведаеце, што калі пойдзеце адсюль, вас будуць пераследаваць самотныя каты, пінгвіны ці цені. Прычым з колерамі на выбар. Іншасвет. Яго стварыла графіка, яна нібыта ўдакладненне яркай рэальнасці. Але такое дакладнае, што зразумела: усё рэальна. Нават тое, чаго пакуль не бачыш.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.