Вы тут

Мяхі лістоў і гарбузы ў пасылках


з чым сутыкаюцца паштавікі, якія абслугоўваюць рэдакцыі друкаваных СМІ.

Паштовае аддзяленне па сталічным адрасе Якуба Коласа, 31 адкрылася ў 1949 годзе. Начальнік АПС №13 Людміла ЧАСТНОВА распавядае, што першыя супрацоўнікі заспелі яшчэ пасляваенныя баракі ў гэтым раёне. Сама Людміла Аляксееўна ў сістэме Белпошты працуе ўжо 37 гадоў, а ў названае аддзяленне прыйшла ў 1988-м. Спачатку гэта была звычайная пошта, а калі ў 1990-х гадах на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 10а з'явіўся Дом прэсы, АПС №13 узяло на сябе яго абслугоўванне. З усімі, як той казаў, нюансамі. І вось ужо два дзесяцігоддзі пры дапамозе гэтага аддзялення «Звязда» і іншыя рэспубліканскія газеты атрымліваюць лісты ад сваіх чытачоў і дасылаюць ім адказы.

6-3

— Праз нас праходзіць службовая перапіска рэдакцый, лісты падпісчыкаў, ганарары пазаштатным аўтарам. Асабліва колькасць карэспандэнцыі павялічваецца, калі газеты праводзяць конкурсы для чытачоў, — гаворыць Людміла Частнова.

Самы напружаны дзень на пошце — панядзелак: прыходзіць карэспандэнцыя, якая назапасілася за выхадныя. Працоўны дзень у аддзяленні пачынаецца а палове восьмай, калі прывозяць пошту. Паштальёны выходзяць разносіць яе ў 10 раніцы і робяць гэта да 16 гадзін.

Кожную раніцу ў аддзяленне прыходзяць і прадстаўнікі рэдакцый (АПС абслугоўвае амаль паўтара дзясятка перыядычных выданняў), каб забраць прызначаную для іх карэспандэнцыю. Сюды ж прыносяць і адказы на лісты чытачоў.

— Цяпер працы з рэдакцыйнай поштай крыху паменела, а былі часы, калі на адрас кожнай газеты прыходзіла па мяху лістоў! — узгадвае начальнік аддзялення.

На пытанне, як можна было апрацоўваць такія вялізныя аб'ёмы, Людміла Аляксееўна ўсміхаецца: пошту працай не спалохаеш! Як і ўсялякімі прымхамі, напрыклад, лічба 13, якой нумаруецца аддзяленне, нікога тут не засмучае. Праўда, прызнаецца начальнік аддзялення, здараліся выпадкі, звязаныя з рэдакцыйнымі пасылкамі, што нават у звыклых да многага паштавікоў выклікалі здзіўленне.

— Адна з газет праводзіла конкурс на сельскагаспадарчую тэматыку — «Велікан на градцы». І ўсё лета на яе адрас прыходзілі пасылкі з гэтымі «веліканамі» — гарбузамі, кабачкамі і іншай гароднінай салідных памераў. Ці варта казаць, што ў дарозе гэта ўсё даспявала, разлівалася пахамі...

А яшчэ, гаворыць Людміла Частнова, нярэдка ў аддзяленне паступаюць лісты ад чытачоў з подпісам на канверце: «Мінск, Хмяльніцкага, 10а. Рэдактару». І добра, калі хаця б прозвішча рэдактара ўказана — тады, прынамсі, можна даведацца, у якую з газет перадаваць ліст. Калі не, такія пісьмы даводзіцца вяртаць назад. Так што, паважаныя чытачы, майце на ўвазе: калі пішаце, абавязкова правільна пазначайце адрас, назву выдання і імя атрымальніка — тады ваша пасланне абавязкова дойдзе да адрасата.

...Сёння некаторыя сумняваюцца ў перспектыўнасці і друкаваных газет, і класічнай пошты — маўляў, каму гэта трэба пры сучасных тэхналогіях. І ўсё ж толькі гартаючы папяровую газету можна адчуць, фігуральна кажучы, яе душу і ў прамым сэнсе дакрануцца да той працы, якую ўклалі ў яе стваральнікі. Гэтак жа і з поштай — не ўсё магчыма даслаць адрасату ў электронным выглядзе. Асабліва цяпер, калі павялічылася колькасць адпраўленняў тавараў, заказаных у інтэрнэт-крамах. У нашы дні пераважная большасць кліентаў атрымлівае «па пошце» адзенне і прадметы побыту.
«А калі распаўся Савецкі Саюз, — успамінае Людміла Аляксееўна, — і многія паз'язджалі за мяжу (у ЗША, Ізраіль), родныя дасылалі ім з Беларусі... кнігі». Вось так з цягам часу мяняюцца каштоўнасці...

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.