Вы тут

«Канстытуцыя» ў сферы культуры


Менавіта так, не перабольшваючы, называюць новы для краіны дакумент.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры абмеркавалі канцэпцыю праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Ён унікальны па сваёй сутнасці не толькі для постсавецкіх краін, але для ўсяго свету. Плануецца, што ў першым чытанні дэпутаты ніжняй палаты беларускага парламента разгледзяць яго ўжо падчас асенняй сесіі.

«Цяпер мы пачынаем непасрэдную працу над праектам кодэкса», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры Аляксандр Сягоднік. Ён падкрэсліў, што дакумент гэты запатрабаваны і ахоплівае ўсе напрамкі культурнай дзейнасці.

У сваю чаргу міністр культуры Барыс Святлоў сказаў, што дакумент закліканы «сістэматызаваць нарматыўную прававую базу ў сферы культуры». На яго думку, кодэкс — гэта апошні этап у фарміраванні заканадаўства ў гэтым напрамку, яе лагічны і натуральны фінал. «Бо закон — гэта жывы арганізм, у якім усё павінна своечасова саспець», — дадаў ён.

Складальнікі «культурнай канстытуцыі» ўлічылі мінулыя памылкі, якія былі дапушчаны пры стварэнні Кодэкса аб адукацыі. Прытым гэтым разам за аснову была ўзята практычная сфера дзейнасці. Усе нарматыўныя акты разглядаліся менавіта праз гэту прызму. Пры гэтым праўкі ва ўжо існуючыя законы ўносіць не збіраюцца. Адзінае выключэнне — відавочныя супярэчнасці ў дакументах.

Пакуль канкрэтныя карэкціроўкі не прапаноўваліся, а абмяркоўвалася канцэпцыя кодэкса. Хоць некаторыя яго асаблівасці можна адзначыць ужо і сёння. Напрыклад, для Беларусі цяпер актуальная праблема чорных капальнікаў («Звязда» неаднойчы пра гэта пісала). Яны сваімі дзеяннямі руйнуюць культурны пласт і не даюць папаўняцца музейным фондам археалагічнымі артэфактамі. А гэта перашкаджае высвятляць сапраўдныя факты развіцця беларускай гісторыі. Таму ў адным з раздзелаў прапісана, што прафесійна і выпадкова выяўленыя археалагічныя артэфакты падлягаюць перадачы ў дзяржуласнасць. Таму іх грамадзянскае абарачэнне на тэрыторыі краіны забаронена і дазволена толькі для дзяржарганізацый, якія займаюцца навукова-даследчыцкай і музейнай дзейнасцю.

Падчас пасяджэння дэпутат Генадзь Пальчык, член Пастаяннай камісіі, прапанаваў падрыхтаваць мадэльны закон у Міжпарламенцкую асамблею дзяржаў СНД на 2016-2020 гг. На яго думку, Кодэкс аб культуры змог бы стаць адным з яго варыянтаў. Тым больш што сярод краін былога СССР яму не існуе аналагаў. На што міністр культуры адрэагаваў станоўча, аднак дадаў, што спачатку кодэкс павінен даказаць сваю эфектыўнасць у Беларусі.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.