Вы тут

Афшоры больш не патрэбны


Указ аб дзейнасці рынку Форэкс зробіць беларускі сегмент гэтай сферы больш прывабным і для нашых грамадзян, і для замежнікаў.

Апошнім часам у нашай краіне з'явілася шмат новых відаў фінансавых інструментаў. Для некаторых з іх пакуль адсутнічае спецыяльнае заканадаўства. Гэта абмяжоўвае магчымасці эфектыўнага функцыянавання айчыннага фінансавага рынку, а таксама зніжае яго ёмістасць. Выправіць сітуацыю, якая склалася, павінен падпісаны 4 чэрвеня Указ Прэзідэнта №231 «Аб ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку «Форэкс». У дакумента ёсць усе шанцы на паспяховы эфект, лічыць дырэктар афіцыйнага парнёра «Альпары» ў Мінску Аляксандр Сабодзін.

Сродкі будуць абаронены

Паводле неафіцыйных звестак, на рынку «Форэкс» удзельнічаюць больш за 20 тысяч грамадзян Беларусі, а сума інвеставаных імі грашовых сродкаў перавышае 40 млн долараў у эквіваленце. Неабходнасць заканадаўчага рэгулявання гэтай сферы відавочная.

«Указ распрацоўваўся некалькі гадоў, — гаворыць эксперт. — І, зразумела, мы пазітыўна успрымаем сам факт яго падпісання, бо лічым, што без цывілізаванага рынку немагчымае развіццё галіны. Раней усё адбывалася стыхійна, ніхто не рэгуляваў гэту сферу. Адпаведна ўзнікала шмат праблем — на рынку прысутнічалі не толькі добрасумленныя кампаніі, але і фірмы-аднадзёнкі, махляры. А пачаткоўцу вельмі цяжка вызначыць, дзе добрая, надзейная кампанія, а дзе падман. Не надта складана стварыць прыгожы сайт, разрэкламаваць сябе. На жаль, мы назіралі зусім нядаўна шэраг гісторый з падобнымі структурамі. А цяпер кампаніі павінны будуць адпавядаць пэўным патрабаванням: ад аб'ёму статутнага капіталу да якасцяў і кампетэнцыі дырэктара. Кліентам будзе выгадна заключаць дагаворы з беларускімі кампаніямі, а не з афшорамі. Акрамя гэтага, запланавана стварэнне Нацыянальнага форэкс-цэнтра, які будзе займацца справаздачнасцю і абаронай укладзеных сродкаў насельніцтва».

Нацыянальны форэкс-цэнтр — гэта гаспадарчае таварыства, у статутным фондзе якога больш за 50% акцый (долей) будзе знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і які будзе забяспечваць зніжэнне сістэмных рызык на пазабіржавым рынку «Форэкс». Нацыянальны цэнтр сфарміруе ў парадку, вызначаным указам, гарантыйны фонд за кошт узносаў форэкс-кампаній, банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый для безумоўнага выканання ўдзельнікамі рынку абавязацельстваў па вяртанні кліентам маржынальнага забеспячэння пры немагчымасці выканання форэкс-кампаніямі такіх абавязацельстваў за кошт уласных сродкаў і забяспечвальнага капіталу, а банкамі, нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі — за кошт уласных сродкаў.

Украінцы і расіяне зацікавяцца

«Адзінае мае пажаданне — каб у далейшым указ працаваў. Паколькі ён рамачны, а дэталі будуць удакладняцца дакументамі Нацыянальнага банка, то я спадзяюся на тое, што ўсе гэтыя нарматыўныя акты будуць дапамагаць развіццю рынку, — тлумачыць Аляксандр Сабодзін. — Акрамя гэтага, мы чакаем, што прыняцце ўказа паспрыяе павышэнню цікавасці да рынку Форэкс не толькі з боку грамадзян Беларусі, але і замежнікаў. Асабліва гэта тычыцца Украіны і Расіі. У апошняй адпаведны закон таксама прыняты, але тут спрацуюць больш выгадныя умовы ў беларускай юрысдыкцыі — як для форэкс-кампаній, так і для кліентаў. А ва Украіне гэта сфера яшчэ не рэгулюецца».

І сапраўды: беларускія грамадзяне, якія не мелі магчымасці здзяйсняць аперацыі на пазабіржавым рынку Форэкс праз айчынныя кампаніі, вымушаны былі гэта рабіць праз замежныя, што ў сваю чаргу было звязана з істотнымі прававымі і эканамічнымі рызыкамі для іх. Пры такой мадэлі ўзаемадзеяння грошы беларусаў фактычна працавалі на эканоміку іншых замежных дзяржаў, дзе дзейнасць на рынку «Форэкс» была заканадаўча ўрэгуляваная. Падаткі, адпаведна, выплачваліся замежнымі кампаніямі ў бюджэты тых краін, дзе яны ажыццяўлялі дзейнасць.

Ці трэба плаціць падаткі?

Згодна з указам, быць кліентамі форэкс-кампаній могуць любыя фізічныя і юрыдычныя асобы, а ўжо непасрэдна ажыццяўляць аперацыі маюць права толькі банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, форэкс-кампаніі і Нацыянальны форэкс-цэнтр.

Як правіла, даходы грамадзян ад здзяйснення аперацый на фінансавым рынку краіны не абкладаюцца падаходным падаткам. Такі ж падыход закладзены і ва ўказе — у адпаведнасці з ім да 1 сакавіка 2019 года вызваляюцца ад падаходнага падатку даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі па заключаных з форэкс-кампаніямі, банкамі, нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі пагадненнях.

Указ уступіць у сілу праз 9 месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.