Вы тут

«Праз газету можна вырашыць многія жыццёвыя пытанні»


Пётр НАВУМЕНКАЎ, пенсіянер, г. Мінск:

— Калі я вучыўся ў школе, вельмі любіў беларускую літаратуру: і прозу, і паэзію. Ведаў на памяць паэму Янкі Купалы «Курган», а таксама «Тарас на Парнасе», асобныя фрагменты з «Дзясятага падмурка» Паўлюка Труса і іншыя. Таму і сёння з задавальненнем чытаю ў «Звяздзе» апавяданні розных аўтараў. Я хоць і фізік па адукацыі, але склад розуму ў мяне філалагічны (смяецца).

Увогуле «Звязду» я чытаю столькі, колькі сябе памятаю. А пастаянна выпісваць стаў газету пасля заканчэння ўніверсітэта — недзе ў 1960 годзе. За гэты час у нашай сям'і спрабавалі выпісваць і іншыя выданні (не замест «Звязды», а разам з ёй), але ў выніку па розных прычынах адмаўляліся ад іх, не здраджваючы толькі адзінай штодзённай беларускамоўнай газеце.

«Звязда», без перабольшвання, наша сямейная газета, мы чытаем яе ўсе. І я прыхільнік таго, каб як мага больш людзей ведала родную мову. Балюча перажываю, калі недзе па радыё ці па тэлебачанні не зусім правільна вымаўляюць тое ці іншае слова па-беларуску. А наша газета — падручнік, па якім гэтаму можна вучыцца.

Са «Звязды» можна даведацца самыя свежыя навіны ў краіне і ў замежжы. Вельмі грунтоўна на старонках газеты абмяркоўваюцца пытанні дзяржаўнай палітыкі, эканомікі. Шматпланава прадстаўлена ваенная тэматыка і пытанні медыцыны, шмат матэрыялаў пра навуку і культуру. Мне зразумелыя і падабаюцца такія артыкулы. Дастаткова добра прадстаўлена спартыўная тэма. Скажам, рэпартажы і фотаздымкі спартсменаў падчас правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы нібы пераносілі на месца падзей.

У «Звяздзе» заўсёды можна выбраць артыкул, які табе будзе цікавы. Праз газету можна вырашаць і многія жыццёвыя пытанні. Напрыклад, пры правядзенні першай прыватызацыі ў мяне ўзніклі сумненні ў правамоцнасці атрыманых дакументаў. Я звярнуўся ў «Звязду» — і літаральна праз некалькі дзён на яе старонках быў апублікаваны грунтоўны адказ спецыялістаў, які ўнёс поўную яснасць у маё пытанне. Той экземпляр газеты захоўваю дагэтуль — як дакумент.

Аб'ём выдання за апошні час істотна павялічыўся. Разам з тым я завочна ведаю амаль усіх журналістаў «Звязды» і да ўсіх стаўлюся з аднолькавай павагай. Вельмі спадзяюся, што з кожным годам газета будзе прыцягваць усё новых чытачоў!

Запісаў Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.