Вы тут

Францыск Скарына і яго час


Дзе шукаць новае?..

Скарына — асоба надзвычай велічная, якая мае выключнае значэнне не толькі для нашай гісторыі, але і сучаснасці. Распачаўшы першым кнігадрукаванне на ўсходнеславянскіх землях, ён дазволіў нам апынуцца ў гэтай справе наперадзе многіх суседніх краін. Павялічыўшы адукацыйныя магчымасці простых людзей, ён імкнуўся наблізіць іх таксама і да Бога — невыпадкова першымі надрукаванымі ў нас кнігамі сталі тэксты Свяшчэннага Пісання.

Крыху спрасціўшы мову, ён зрабіў гэтыя кнігі больш прывабнымі для чытання, тым самым пашыраючы асвету на нашых землях. Уладзімір Караткевіч пісаў: «Подзвіг Францыска Скарыны дагэтуль не ацэнены. Не ацэнены таму, што мы почасту глядзім на яго эпоху вачамі сённяшняга дня, забываючыся часам зірнуць на яе вачамі сучасніка Скарыны. Зірнуць на яе знутры, нібы сам жывеш у тыя часы, і многае, што для нас цяпер рэч натуральная, усмактанае ледзь не з малаком маці, само сабой зразумелае — для цябе яшчэ цёмны лес...» Сапраўды, нам цяжка ўявіць, што такое быць першым — першадрукаром, першым асветнікам, першым сярод хрысціянін, што цяпер стаіць па-над канфесіямі...

Падзяліцца сваімі напрацоўкамі па даследаванні жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны на VІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў з'ехаліся даследчыкі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Польшчы, Англіі. На «круглым стале», арганізаваным з гэтай нагоды, гучалі смелыя думкі, прапановы, адбываліся спрэчкі — атмасфера падагравалася і тым, што да святкавання 500-годдзя пачатку ўсходнеславянскага кнігадрукавання, распачатага Скарынам, засталося ўжо менш за два гады.

Доктар Сіманс ведаў пра Беларусь
Аказваецца, даследаваннямі дзейнасці беларускага першадрукара актыўна займаўся і вядомы заходнееўрапейскі навуковец XX стагоддзя доктар Джон Сіманс. Пра гэта паведамілі расійскія навукоўцы — кандыдат філалагічных навук Расійскай акадэміі навук Ларыса Шчавінская і акадэмік Дзяржаўнай акадэміі славянскай культуры Юрый Лабынцаў.
Джон Сіманс працаваў у Оксфардскім універсітэце, быў актыўным прапагандыстам ведаў пра ўсходніх славян у Заходнім свеце. Яго артыкулы часта з'яўляліся ў вядомым на той час славістычным часопісе «Oxford Slavonіc Papers», у тым ліку прысвечаныя гісторыі беларускага кнігадрукавання. Наша краіна яму была цікавая тым, што менавіта адсюль паходзіў усходнеславянскі першадрукар. Юрый Лабынцаў адзначыў:
— Першая буйная праца Сіманса, у якой гаворка ішла пра цэлы шэраг невядомых беларускіх старадрукаваных кірылічных выданняў, з'явілася ў 1951 годзе. У публікацыі падрабязна характарызуецца некалькі вучэбных беларускіх кніг, у асноўным віленскага друку XVІ — першай паловы XVІІ стагоддзя, у тым ліку буквары, граматыкі. Асаблівы інтарэс уяўляе «Часасловец». Па сутнасці, гэта загадкавае выданне трэцяй чвэрці XVІ стагоддзя, у якім выкарыстаны не толькі шрыфты, але і ініцыялы Францішка Скарыны. Цяпер у свеце налічваецца 3 экземпляры гэтага выдання, але мы па-ранейшаму мала што можам дадаць пра абставіны яго выхаду ў свет. Для спецыялістаў застаюцца загадкавымі і некалькі дэфектных, хутчэй за ўсё віленскіх, беларускіх часасловаў XVІ — першай паловы XVІІ стагоддзя. Яны адзінкавыя, захаваліся толькі ў брытанскіх бібліятэках, маюць на сабе шматлікія сляды іх ужывання ў побыце. Таксама ўнікальны і Віленскі «Буквар» 1596-га года, набраны адным з шрыфтоў так званых «Віленскіх лістоў». Ён выклікае вялікую цікавасць навукоўцаў, прыцягвае ўвагу да скарынаўскай праблематыкі, у прыватнасці, выкарыстання яго друкарскага матэрыялу ў больш позні час.

Найперш хрысціянін
Даследчыкі не абышлі ўвагай і веравызнанне першадрукара. Аднак да якой бы канфесіі ён ні належаў, можна сказаць, што гэтая асоба здольна аб'яднаць усіх. Сваю думку з гэтай нагоды выказаў доктар гістарычных навук з Інстытута гісторыі НАН Беларусі Георгій Галенчанка:
— Францішак Скарына працаваў сакратаром Віленскага каталіцкага епіскапа. Гэта было б немагчыма, каб ён належаў да іншай канфесіі. Таму выснова, што ён быў каталіком, падаецца лагічнай. Аднак іншая справа, што ён сапраўды з'яўляўся хрысціянінам. Для Скарыны ідэя хрысціянства была вышэйшай за канфесійнае размежаванне.
Ёсць даследчыкі, схільныя адносіць Скарыну да іншага веравызнання. Такія думкі гучалі і раней па-за межамі гэтага «круглага стала», але іх варта прыгадаць. Пратаіерэй Сяргей Горбік з Кіеўскага Патрыярхата ў сваёй публікацыі «Ці выкарыстоўваліся тэксты Францішка Скарыны ў богаслужбовай практыцы» разважае, што першадрукар распачынаў сваю перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць, найперш думаючы аб практычным выкарыстанні сваёй працы праваслаўнымі вернікамі Вялікага Княства Літоўскага — Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі. Бо толькі праваслаўныя карысталіся кірылічным шрыфтам і ўжывалі царкоўнаславянскую мову (або мясцовы ўзор царкоўнаславянскай мовы) у службах.
У той жа час даследчык, пратэстанцкі святар з Мінска Антоній Бокун у артыкуле «Гісторыя перакладу Бібліі на беларускую мову» адзначае: «Уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява назваў Скарыну «ератыком гусітам», а выдадзеную ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім». Ён таксама дадае, што царкоўна-славянская мова выкарыстоўвалася як найбольш звыклая для чытача. А беларускі навуковец канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя Аркадзь Жураўскі ўдакладняе, што мова перакладаў Скарыны з'яўляецца пераходнай ад класічнай царкоўнаславянскай да старабеларускай.

Праўду адкрыюць архівы
Вяртаючыся да пасяджэння, можна адзначыць, што для асабліва цікаўных там прагучалі ўказанні на тое, дзе можна шукаць магчымыя новыя звесткі пра першадрукара.
Прафесар, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс, раздаў своеасаблівыя «заданні» навукоўцам і даследчыкам. Па-першае, пашукаць звесткі пра Скарыну ў архівах Санкт-Пецярбурга, бо туды ў 1830-я гады, ліквідуючы каталіцкі ордэн у Полацку, маглі вывезці дакументы, звязаныя з ім. Па-другое, пацвердзіць гіпотэзу паходжання рускага першадрукара Івана Фёдарава (магчыма, паслядоўніка Скарыны) з Вілейшчыны. Праліць святло на гэта пытанне маглі б дапамагчы росшукі ў архіве Кракаўскага ўніверсітэта, бо там, аказваецца, вучыўся Фёдараў. Даследаваць гэтае пытанне Мальдзіс прапанаваў асабіста аўтарцы гэтага артыкула (бо 19 сакавіка 2013 года «Звязда» ўжо пісала пра верагоднасць таго, што рускі першадрукар паходзіў з Вілейшчыны).
Фігура Скарыны настолькі загадкавая, што вялікую цікавасць выклікае не толькі яго жыццё, але і абставіны смерці. Вымушаны пакінуць Радзіму, апошні спачын ён, верагодна, знайшоў у Празе. Аднак ні дакладная дата смерці, ні месца пахавання дагэтуль не вядомы. Магчыма, знайсці гэтыя звесткі дапамогуць архівы Ватыкана. Навукоўцы, што валодаюць італьянскай і лацінскай мовамі, маглі б звярнуцца туды і пашукаць новыя звесткі пра Скарыну.

«На мовах народаў свету»
Спадчына, пакінутая першадрукаром, актыўна пераасэнсоўваецца і сёння, знаходзіць увасабленне ў новых выданнях. На «круглым стале» былі прэзентаваны некаторыя з іх. Узноўленую па тэхналогіі XVІ стагоддзя кнігу Быцця Францішка Скарыны прадставіў гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў.
Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў пра выданне «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Ён выступіў укладальнікам гэтага праекта. У кнізе сабраны пераклады прадмовы да кнігі «Юдзіф» на 64 мовы. У перакладзе на сучасную беларускую мову, зробленым паэтам Алесем Разанавым, са старабеларускай, яна гучыць так: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць». Будзем жа памятаць запавет Скарыны. Будзем па-новаму адкрываць яго для сябе.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.