Вы тут

Чым карысная мультыпрофільная мадэль старшай школы?


6-25

6-25

 

Колькі ўрокаў у тыдзень будзе у профільных класах?

Матэматыка — 6 урокаў (на базавым — 4 урокі).

Фізіка, хімія, біялогія — 4 урокі (на базавым — 2 урокі).

Замежная мова — 5 урокаў (на базавым — 3 урокі).

Беларуская, руская мова — 3 урокі

(на базавым узроўні — 1 урок).

Геаграфія — 3 урокі (на базавым — 2 урокі).

Масавы пераход старшых класаў школы на профільнае навучанне — перспектыва найбліжэйшых гадоў.

На думку намесніка міністра адукацыі Раісы СІДАРЭНКІ, задача абавязкова вярнуць профільныя класы ў тыя ўстановы адукацыі, дзе яны функцыянавалі раней, не стаіць. Як не стаіць і задача адкрыць профільныя класы ў кожнай школе ці гімназіі. Галоўны прынцып, які будзе рэалізоўвацца, — гэта паступовае і плаўнае ўкараненне профільнага навучання на старшай ступені школы. Пры ўвядзенні профільнага навучання ў адукацыйным стандарце закладзены два ўзроўні — базавы і павышаны. Гэта значыць, што разам з профільнымі класамі ў школах застануцца на старшай ступені і звычайныя, дзе ўсе прадметы будуць вывучацца на базавым узроўні. Днямі Міністэрства адукацыі больш падрабязна растлумачыла асаблівасці фарміравання профільных класаў і падгруп у новым навучальным годзе.

Рашэнне аб адкрыцці профільных класаў у канкрэтнай установе адукацыі будзе прымаць яго кіраўнік, узгадняючы яго з заснавальнікам. Профільны клас можа быць адкрыты толькі пры выкананні комплексу ўмоў. Сярод гэтых патрабаванняў — наяўнасць ва ўстанове адукацыі неабходных кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў. У прыватнасці неабходна мець добра абсталяваныя сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі і г.д., якія дазволяць у поўным аб'ёме рэалізаваць практычную частку навучальных праграм павышанага ўзроўню. Да пачатку 2015/2016 навучальнага года ўсе педагагічныя работнікі, якія будуць працаваць у профільных класах, павінны павысіць сваю кваліфікацыю.

Залічэнне вучняў у 10-я профільныя класы будзе праводзіцца на конкурснай аснове па выніках адзнак у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі. Пры гэтым адзнакі па профільных прадметах павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў, а сярэдні бал пасведчання — не ніжэйшы за 6 балаў. Пайсці вучыцца ў 10-ты профільны клас можна ў любую ўстанову адукацыі пры наяўнасці там свабодных месцаў. Тыя вучні, якія атрымалі агульную базавую адукацыю ў гімназіях, пры жаданні змогуць працягнуць адукацыю і ў 10-м гімназічным класе без здачы ўступных выпрабаванняў.

Пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па профільных вучэбных прадметах будуць залічвацца без уліку сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнак па профільных прадметах. Што тычыцца ліцэяў, то ў гэтых агульнаадукацыйных установах прыём у 10-я класы будзе праводзіцца таксама па конкурсе, але на аснове ўступных выпрабаванняў.

Міністэрства адукацыі прапануе тры мадэлі прафілізацыі навучання ў старшай школе.

Мадэль 1: аб'яднанне ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні аднолькавыя вучэбныя прадметы.

Мадэль 2: аб'яднанне ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні, розныя вучэбныя прадметы.

Мадэль 3: аб'яднанне ў адным класе навучэнцаў, якія вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні і навучэнцаў, якія ўсе вучэбныя прадметы вывучаюць на базавым узроўні.

Фактычна размова ідзе пра мультыпрофільнае навучанне, пры якім вучні вывучаюць па іх выбары розныя прадметы ў асобных групах: з аднымі аднагодкамі, напрыклад, на павышаным узроўні яны могуць вывучаюць матэматыку і англійскую мову ці матэматыку і хімію, з другімі — на базавым узроўні фізіку, а з трэцімі — на базавым узроўні гісторыю, біялогію і г.д. Пры гэтым кожны вучань мае індывідуальны расклад заняткаў. Адна з галоўных пераваг мультыпрофільнага навучання заключаецца ў тым, што яно можа ўкараняцца як у буйных установах адукацыі, так і ў невялікіх, дзе няма некалькіх класаў у паралелі.

Колькасць напрамкаў, па якіх жадаюць навучацца старшакласнікі, фарміруецца з улікам магчымасцей установы адукацыі: гэта могуць быць як некалькі канкрэтных напрамкаў, напрыклад, фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны ці хіміка-біялагічны і гуманітарны, так і дастаткова вялікі набор спалучэнняў вучэбных прадметаў для вывучэння іх на павышаным узроўні. Кожны, хто вырашыў паступаць у ВНУ, выбірае для павышанага ўзроўню тыя дысцыпліны, якія спатрэбяцца яму для паступлення на выбраную спецыяльнасць.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі могуць адкрывацца таксама класы прафесійнай накіраванасці для арыентацыі старшакласнікаў на атрыманне педагагічных, ваенных і іншых спецыяльнасцей. Педагагічныя класы фарміруюцца па тых жа правілах, што і звычайны профільны клас. Школьнікі будуць вывучаць у педагагічных класах на павышаным узроўні тыя прадметы, якія яны самі плануюць у будучыні выкладаць. Акрамя таго, вучні педагагічных класаў абавязкова засвойваюць праграму факультатыўнага занятку «Уводзіны ў педагагічную прафесію. X-XІ клас».

Сёння разглядаецца магчымасць асаблівага парадку прыёму ў ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці для тых дзяцей, хто скончыў педагагічныя класы. Мяркуецца, што па рэкамендацыі педсавета такія дзеці змогуць паступаць у ВНУ на педспецыяльнасці без экзамену — такое ж права было дадзена летась школьным медалістам.

Надзея НІКАЛАЕВА

Даведка «Звязды»

У сталіцы ў 2014/2015 навучальным годзе вывучэнне асобных прадметаў вялося на павышаным узроўні ў 195 з 368 дзясятых класаў школ, гімназій і ліцэяў. У гімназіях дзейнічалі 136 профільных класаў і 59 класаў — у школах. 75 класаў мелі фізіка-матэматычны напрамак (1596 навучэнцаў), 83 — філалагічны (1956 навучэнцаў), 15 — хіміка-біялагічны (364 навучэнцы), 3 — грамадазнаўчы і 2 — эканамічны. Таксама ў Мінску дзейнічалі 17 мультыпрофільных класаў і класаў з дзвюма мадэлямі.

Размеркаванне навучэнцаў дзясятых класаў па напрамках навучання: каля 44% з іх выбралі філалагічны напрамак, амаль 42% — фізіка-матэматычны, 10,8% — хіміка-біялагічны і 1,7% — грамадазнаўчы і гісторыка-правазнаўчы.

Загаловак у газеце: Індывідуальная траекторыя для кожнага вучня закладзена у мультыпрофільнай мадэлі старшай школы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.