Вы тут

Аляксандр Хацкевіч: «Зборная — гэта гульня на вынік, а не месца для навучання гульні ў футбол»


6-30

Зборная краіны працягвае падрыхтоўку да кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2016 года. Заўтра нашы футбалісты згуляюць таварыскі матч з камандай Расіі. Гульня пройдзе ў Маскве на арэне «Хімкі». Затым, ужо ў Барысаве, 14 чэрвеня, каманда Аляксандра Хацкевіча пазмагаецца ў кваліфікацыі са зборнай Іспаніі.

Напярэдадні ад'езду ў Маскву галоўны трэнер нацыянальнай зборнай расказаў пра бліжэйшыя паядынкі.

— Якія задачы перад футбалістамі ставіць трэнерскі штаб на гульню з Расіяй?

— Некаторыя хлопцы ўжо скончылі клубны сезон: нехта 29 мая, нехта на дзень ці два пазней. У гэтым тыднёвым цыкле галоўнае для нас — захаваць тонус гульцоў. Згуляем з Расіяй, затым будзем рыхтавацца да Іспаніі. Трэба сказаць, нашай камандзе вельмі карысна будзе сустрэцца з такім сур'ёзным сапернікам, як каманда Расіі. У іх адна з ключавых гульняў — матч з Аўстрыяй. Так што я не думаю, што расіяне пойдуць на эксперыменты ў сустрэчы з беларусамі. З намі яны будуць гуляць баявым складам. З нашага боку напярэдадні гульні з Іспаніяй таксама ніякіх эксперыментаў не будзе. Не варта казаць пра нейкую прынцыповасць паядынку з Расіяй. Гэта ўсяго таварыскі матч для падрыхтоўкі да адборачнай гульні супраць іспанцаў.

— Вы, напэўна, глядзелі матчы зборнай Расіі. На ваш погляд, у чым іх праблемы?

— За зборную Расіі я не магу гаварыць. У іх добры, збалансаваны склад. А чаму няма жаданага выніку? Гэта іх ўнутраныя справы. У нас шмат інфармацыі па камандзе Расіі. Пакажам і раскажам хлопцам, якія плюсы і мінусы ў саперніка.

— Якая думка склалася ў вас пра узровень гульцоў чэмпіянату Беларусі? Ці ёсць прорва паміж імі і легіянерамі?

— Шчыра скажу, чэмпіянат Беларусі нізкага ўзроўню — па якасці футбола, па якасці выканання. Гэта праблема. Фінал Кубка разглядаць не будзем, але якасць футбола ў большасці гульняў чэмпіянату нават не сярэдняя — нізкая.

— Чаму сярод гульцоў, выкліканых у зборную Беларусі, няма нашага бразільца Брэсана і Дзяніса Лапцева з Мозыра?

— Мы разглядалі Брэсана для прыцягнення да збору каманды, але Рэнан папрасіў, каб яго не выклікалі па сямейных абставінах. Усе мы людзі і павінны па-чалавечы падыходзіць да жыццёвых сітуацый. З нагоды Лапцева мне задаюць шмат пытанняў, ён шмат забівае ў апошніх матчах, але гэта ўсяго толькі чэмпіянат Беларусі. Разумееце ўзровень турніру, так? Хай хлопец добра згуляе ў наступным туры чэмпіянату, і не выключана, што пасля таварыскага матча з Расіяй Лапцеў будзе выкліканы ў зборную.

— На збор вы запрасілі адразу чатырох варатароў. Хто з іх паляціць на матч з Расіяй?

— У Маскву паляцяць Чэрнік і Гутар, плануем, што яны згуляюць па тайме. Гарбуноў яшчэ задзейнічаны ў чэмпіянаце Грэцыі, прыляціць у каманду 9 чэрвеня. Да афіцыйнага матча з Іспаніяй будуць рыхтавацца Жаўноў, Гарбуноў і адзін з галкіпераў беларускага чэмпіянату. Той, хто лепш праявіць сябе ў гульні з расіянамі.

— Другі раз запар не выкліканы Віталь Радзівонаў. Раскажыце чаму?

— Мы прынялі такое рашэнне. Кожны футбаліст выклікаецца не проста так. Па Радзівонаву скажу так: мы лічым, што на сённяшні дзень ёсць футбалісты больш моцныя.

— Як вы лічыце, працэс амаладжэння для зборнай Беларусі цяпер актуальны?

— Штучна ніхто маладых гульцоў браць у зборную не стане. Ніякага амалоджвання дзеля амалоджвання не будзе. Гулец павінен зарэкамендаваць сябе ў клубе, і там паказваць класную гульню. Мне пашпарт не важны, павінна быць гульня. Ужо гатовая, змястоўная, спелая. А хто яе будзе паказваць — 16-гадовы хлопец або 35-гадовы ветэран — усё роўна. Зборная — гэта гульня на вынік, гэта не месца для навучання гульні ў футбол.

— Вы былі на гульнях у Пінску, Мінску, іншых гарадах. Як вам футбольная атмасфера на стадыёнах?

— У Пінску было холадна (смяецца). Добрая была атмасфера ў Гомелі: стадыён чыста футбольны. Гэта прымушае футбалістаў па-іншаму зірнуць на гульню, бо гуляем для гледачоў.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.