Вы тут

Чым слова наша адгукнецца...


Міністр інфармацыі — аб адказнасці, сумленнасці і прафесіяналізме.

Распачынае сваю работу Х Беларускі міжнародны медыяфорум. Яго тэма сёлета — «Партнёрства дзеля будучыні: спадчына Вялікай Перамогі». На мерапрыемства збяруцца прадстаўнікі СМІ з далёкага і блізкага замежжа. Іх чакае цікавая напружаная праца, бо гаварыць гэтым разам будуць пра надзвычай важныя на сённяшні дзень паняцці. Аб тэме форуму, аб сучасных працэсах у СМІ, аб прафесійнай і чалавечай адказнасці журналістаў «Звязда» напярэдадні форуму спыталася ў міністра інфармацыі Беларусі Ліліі АНАНІЧ.

6-29

— Лілія Станіславаўна, Беларускі міжнародны медыяфорум праводзіцца ў нашай краіне ўжо дзясяты раз. Але, здаецца, менавіта гэтым летам на абмеркаванне журналісцкай супольнасці вынесена самая вострая і актуальная тэма, якая нікога не пакідае абыякавым. Бо, гаворачы аб 70-годдзі Вялікай Перамогі, мы будзем гаварыць і пра гістарычную праўду, і пра крохкі мір, які менавіта гэтая праўда заклікана дапамагчы захаваць, і, несумненна, пра ролю ў гэтым СМІ.

— Так, гэты форум сапраўды ў нейкай ступені можна назваць вызначальным. Тэма гістарычнай праўды стаіць сёлета надзвычай востра, у журналісцкай суполцы — асабліва. Пра гэта, дарэчы, вялася размова на прафесійным узроўні і падчас выставы «СМІ у Беларусі», якая сёлета праходзіла якраз напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі і таксама была прымеркаваная да гэтай даты. Так што форум можна назваць працягам дыялогу аб ролі СМІ і кожнага журналіста асобна ў тым, якое грамадства, які свет ёсць сёння і якімі яны будуць заўтра. Мяркую, дыялог гэты на форуме будзе цікавы, з рознымі пунктамі гледжання, з дыскусіямі. А яго мэта — выпрацаваць агульныя падыходы, знайсці трывалую глебу для кансалідацыі медыясупольнасці. А іх, я ўпэўнена, мы здолеем знайсці, бо ёсць жа агульныя рэчы, аднолькава важныя для ўсіх, незалежна ад таго, у якой краіне ты жывеш і якія маеш палітычныя перакананні.

І мір сярод гэтых агульных каштоўнасцей выходзіць сёння на першае месца. Ролю СМІ ў наш інфармацыйны час у яго захаванні нельга пераацаніць. Мы ўжо былі сведкамі, як газетныя і віртуальныя публікацыі, тэлевізійныя сюжэты фактычна разбуралі грамадства і распачыналі ўзброеныя канфлікты. Сёння журналісцкай супольнасці вельмі важна згуртавацца дзеля міру. Наладзіць у медыяпрасторы партнёрства дзеля будучыні — тэма форуму, як бачыце, адлюстроўвае і яго галоўную мэту.

— Увогуле, думка пра тое, што пераможцам можна лічыць таго, хто выйграе вайну інфармацыйную, сёння набывае новую значнасць і новае сапраўды літаральнае гучанне. Нічым не даказаны «кампрамат», пастановачныя сюжэты, якія выдаюцца за ўзятыя з жыцця, сталі звычайнай справай. Як прыклад — сітуацыя ў суседняй Украіне. На вашу думку, з прычыны чаго так адбываецца? Журналістыка насамрэч становіцца першай прадажнай прафесіяй?

— Наконт «прадажнасці» тэзіс не новы, ён з'явіўся, пэўна, разам з самой прафесіяй. Тут размову трэба весці і аб адказнасці, і, безумоўна, аб прафесіяналізме. Бо прафесіянал, калі ён даражыць сваім іменем, ніколі не паддасца спакусе зрабіць нешта, што супярэчыць яго сумленню і перакананням, нават за вялікія грошы. Я глыбока пераканана: усе сапраўдныя журналісты, незалежна ад таго, дзе яны працуюць, павінны ўсведамляць сваю адказнасць, адчуваць сваю еднасць з краінай, у якой жывуць. А гэта значыць, працаваць на згуртаванне грамадства, на стварэнне і развіццё, мір і кансалідацыю.

А яшчэ падаецца, што так званыя інфармацыйныя войны — гэта добры экзамен для грамадства на яго сталасць. Людзі, якія думаюць пра сваю будучыню і пра будучыню сваёй краіны, не будуць хапацца за «смажаныя» факты з газеты ці тэлевізара (а ўсё часцей — з сеціва) і ісці лямантаваць на плошчу, шукаючы вінаватых і патрабуючы пакарання. Адукаваны, самадастатковы, проста разумны чалавек усё ўзважыць, прааналізуе і, урэшце, абавязкова зразумее, дзе праўда, а дзе — бурбалкі на вадзе. Памятаеце, як сказаў аднойчы наш Прэзідэнт, калі падчас рабочай паездкі людзі запыталіся ў яго пра падзеі ва Украіне? Калі ўсё пачутае і ўбачанае ў СМІ з таго і другога боку падзяліць на дзесяць, тады і атрымаецца праўда.

— Тым не менш, і гэта неаднойчы падкрэслівалі замежныя госці выставы «СМІ ў Беларусі», у нашых СМІ атрымліваецца прытрымлівацца «залатой сярэдзіны», найбольш блізкай да таго, што завецца аб'ектыўнасцю...

— А гэта і ёсць сведчанне таго, што грамадства ў нас сталае. Людзі не купляюцца на танныя сенсацыі ці зрэжысаваныя канфлікты. А няма ў грамадстве попыту на падобную інфармацыю, яна пачынае губляцца, нягледзячы на немалыя сродкі, якія ў яе прасоўванне «прадзюсарамі» ўкладваюцца.

— Панэльныя дыскусіі, якія будуць праводзіцца падчас медыяфоруму, фактычна ўсе так ці інакш закрануць тэму перамен у сучасным свеце і ролі СМІ ў асвятленні гэтых працэсаў. Яшчэ адно ключавое слова тут — адказнасць. Як лічыць міністр інфармацыі, што ляжыць у гэтай плоскасці найперш: сумленне і адказнасць перад сваім чытачом (гледачом) або рэгуляванне, кантроль, строгія прававыя нормы і прыцягненне да адказнасці за іх невыкананне?

— Галоўная цэнзура, што існуе для журналіста, — гэта яго сумленне і, калі хочаце, творчае самалюбства. Чалавек, які паважае сваё імя і аўдыторыю, для якой ён працуе, ніколі не дазволіць сабе паклёпнічаць, правакаваць канфлікты, заклікаць да гвалту. Гэта ляжыць у плоскасці сумлення і, паўтару яшчэ раз, прафесіяналізму.

Але ёсць яшчэ і плоскасць закону. Ён у дэмакратычным грамадстве аднолькавы для ўсіх, і парушаць яго не можа ніхто. І калі журналіст ці СМІ існуючае заканадаўства парушае, у сілу ўступае права. Звычайная практыка ўсяго цывілізаванага свету: за кожнае напісанае і сказанае слова трэба адказваць.

— Падчас Летняй школы журналістыкі, якая традыцыйна праводзіцца ў рамках форуму, перад будучымі супрацоўнікамі СМІ выступаюць іх старэйшыя калегі, праводзяць майстар-класы. Пра што на сённяшні дзень трэба гаварыць з маладымі журналістамі перш за ўсё?

— Сёлета па традыцыі на Летнюю школу журналістыкі збяруцца маладыя людзі з усёй краіны: студэнты, маладыя супрацоўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. З імі павядуць размову мэтры журналістыкі з Беларусі, Расіі, Арменіі. Упэўнена, што гэта будуць цікавыя і карысныя для нашай журналісцкай моладзі ўрокі прафесійнага майстэрства.

У Год моладзі ўсім юнакам і дзяўчатам — асаблівая ўвага, а творчым маладым людзям дадзена проста неабмежаваная магчымасць праявіць свае здольнасці, агучыць і ажыццявіць свае ідэі. Бадай, менавіта гэта і ёсць галоўны кантэкст: што свабода — гэта не ўсёдазволенасць, што слова ў СМІ, калі ім неахайна ці неабдумана скарыстаешся, можа стаць небяспечнай зброяй, што, калі ты прыйшоў у журналістыку, ты павінен увесь час вучыцца, творча развівацца і адказваць за сваю працу... Элементарныя, звычайныя нават рэчы, але пра іх варта нагадваць зноў і зноў. Не толькі маладым людзям, але і іх старэйшым калегам.

— Па выніках медыяфоруму заўсёды прымаецца рэзалюцыя. Што, на ваш погляд, патрэбна, каб яна стала настаўленнем да канкрэтных дзеянняў, а не ператварылася проста ў дэкларацыю?

— Кожнаму з нас працаваць на сваім месцы так, каб не было сорамна ні перад сваімі чытачамі і гледачамі, ні перад самімі сабой.

Пытанні задавала
Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.