Вы тут

У прыярытэце — канструктыўны дыялог


IMG_3045_новый размер

Акцэнт на захаванне гістарычнай памяці і кансалідацыю экспертна-медыйнай супольнасці ў супрацьстаянні сучасным выклікам і пагрозам — такой бачыцца роля сродкаў масавай інфармацыі XXІ стагоддзя.

Лейтматывам Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі» стала 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Па традыцыі для абмену меркаваннямі і выпрацоўкі новых ідэй, удасканалення міждзяржаўных інтэграцыйных працэсаў і стварэння агульнай гуманітарнай прасторы СНД у Мінск з'ехаліся кіраўнікі СМІ, выбітныя палітолагі і эксперты з 20 краін свету — блізкага і далёкага замежжа. Сімвалічна, што перш чым прыступіць да шматлікіх дыскусій, удзельнікі медыяфоруму ўсклалі кветкі ля манумента Перамогі і наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

IMG_1063_новый размер

 

9-43

 

IMG_2350_новый размер

 

IMG_2478_новый размер

— Прэсе заўсёды ёсць што абмяркоўваць, — зазначыла старшыня арганізацыйнага камітэта медыяфоруму, міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — Сёння мы бачым, што свет знаходзіцца ў жорсткіх канфліктах, якія выліваюцца ў крывавыя войны. Беларусь стала прызнанай міжнароднай пляцоўкай, дзе вырашаецца лёс свету. Беларускія сродкі масавай інфармацыі вельмі беражліва адносяцца да захавання канструктыўнага дыялогу. Мы дзесяць гадоў запар праводзім медыяфорум і ўжо ўзрасцілі такую медыйную пляцоўку, дзе штогод абмяркоўваюцца самыя актуальныя пытанні развіцця медыяасяроддзя. У гэтым годзе тэма Вялікай Перамогі выйшла на першы план, бо з'явіліся агрэсіўныя спробы адабраць у нас нашу Перамогу. А хто, як не сродкі масавай інфармацыі, павінен заяўляць, што нельга перапісваць гісторыю, нельга яе забываць? Гісторыя страляе ва ўпор, калі з яе не бяруцца ўрокі. Сёння мы дэманструем прынцыпы шчырай, адказнай журналістыкі, журналістыкі, якая працуе на стварэнне, якая сёння здольна садзейнічаць развіццю міру, узаемапаразумення і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі.

Нацыянальная бібліятэка стала эпіцэнтрам адкрытага дыялогу па самых складаных праблемах сучаснасці, вызначэнні ролі і месца сродкаў масавай інфармацыі ў свеце. Для абмеркавання найбольш актуальных пытанняў сабраліся не толькі кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, а і прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у нашай краіне, замежных міжнародных арганізацый, студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ.

9-50

— Сёння тэхнічныя сродкі зносін настолькі шырокія, што гэта толькі аблягчае кантакты, але абмяркоўваць нешта, гледзячы ў вочы адзін аднаму, — гэта зусім іншае, — упэўнены дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор РАПОТА. — Мы не навязваем падобныя сустрэчы, мы іх прапаноўваем. І тое, як на іх рэагуюць журналісты, сведчыць толькі аб тым, што ў такіх зносінах ёсць патрэба. Гэта не толькі медыяфорумы, а і акцыі, якія мы праводзім у выглядзе прэс-тураў. Журналісты выязджаюць у пэўныя месцы, сустракаюцца з канкрэтнымі людзьмі і разам пазнаюць тую рэчаіснасць, якая існуе. Як кажуць, палітыка пачынаецца з усведамлення рэалій. Асэнсаваць іх якраз і дапамагаюць журналісты.

— Аднак часам тыя ж журналісты ўвязваюцца ў інфармацыйную вайну і, наадварот, перашкаджаюць аб'ектыўна асэнсаваць пэўную падзею, факт...

— Гэта абавязковы атрыбут усялякага кшталту супярэчнасцей, якія ўзнікаюць у жыцці. Поспех любога дзеяння — сыходзіць яно ад урада ці ад прыватнай кампаніі — у некаторым сэнсе залежыць і ад таго, наколькі якасна вядзецца яго інфармацыйнае суправаджэнне. Часам выкарыстоўваюцца забароненыя метады, калі распавядаецца адкрытая хлусня. Кожны з бакоў вядзе сваё суправаджэнне дзеянняў. Можна назваць гэта вайной, супрацьдзеяннем, супрацьстаяннем — усё залежыць ад ступені ўнутранай агрэсіўнасці.

— Чаго не хапае сённяшняй медыясупольнасці? На чым журналістам патрэбна акцэнтаваць увагу?

— Я не магу паскардзіцца на тое, што, напрыклад, дзейнасць Саюзнай дзяржавы дрэнна асвятляецца, хоць заўсёды хочацца большага. Добра разумею і тое, што з паветра журналістам цяжка чэрпаць інфармацыю. Яны павінны мець пэўную форму зносін з тымі, хто ўцягнуты ў гэты працэс. Таму хутчэй за ўсё мы павінны задаць гэтае пытанне сабе: ці дастаткова мы забяспечваем журналістаў звесткамі пра нашу дзейнасць? Вось гэта нас хвалюе. І прычын для незадаволенасці ў нас яшчэ хапае.

Як адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар БУЗОЎСКІ, традыцыйным СМІ варта праяўляць больш творчай ініцыятывы ў стварэнні арыгінальных інфармацыйных ніш. «Калі інтэрнэт мае пэўную перавагу ў аператыўнасці прадастаўлення інфармацыі, то ўвага традыцыйных друкаваных і электронных СМІ павінна быць звернута на аналітычнасць інфармацыі, на падыходы, якія выступаюць альтэрнатывамі тым пасылам, якія дае інтэрнэт-прастора», — перакананы ён.

9-54

— Структура сучаснага інфармацыйнага поля за апошняе дзесяцігоддзе істотна змянілася, — упэўнены Ігар Бузоўскі. — Гэтую тэндэнцыю мы бачым у тым ліку і на працягу апошняга года. Радыё і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі прыкметна, а тэлебачанне ў пэўнай ступені саступілі сваё месца інтэрнэту. Дадзеная тэндэнцыя адлюстроўваецца ў даследаваннях, якія праводзяцца як на тэрыторыі Беларусі, так і іншых краін — удзельніц медыяфоруму. Лічбы ўражваюць, асабліва калі іх аналізуеш у практычнай плоскасці, і прымушаюць задумацца над падыходамі ў арганізацыі працы не толькі сродкаў масавай інфармацыі, але і ў любой іншай плоскасці: эканомікі, палітыкі, сацыяльнай дзейнасці.

Як лічаць эксперты, медыяфорум стаў неад'емным элементам шырокай праграмы святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Для дзяржаў Садружнасці гэта агульназначнае мерапрыемства, — лічыць першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — Выканаўчага сакратара СНД Уладзімір ГАРКУН. — Бацькі і дзяды абаранялі Айчыну ад фашызму, а ўнукам і праўнукам даводзіцца абараняць праўду аб гэтай вайне. Нельга дапусціць адраджэння нацысцкай ідэалогіі, ідэй расавай і рэлігійнай нецярпімасці. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну з'яўляецца магутным аб'яднальным пачаткам».

9-46

Як змагацца з фальсіфікацыямі падзей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як сённяшнім журналістам інтэрпрэтаваць ваенныя падзеі і наколькі важна захаваць праўду гісторыі, абмяркоўвалі падчас панэльнай дыскусіі «Вялікая Перамога — маральны фундамент развіцця Саюзнай дзяржавы, працэсаў еўразійскай інтэграцыі».

— Мы, нашчадкі Вялікай Перамогі, проста не маем права саступаць нашу Перамогу і аддаваць яе тым, хто піша разнастайныя пасквілі, — задаў тон усёй дыскусіі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук, член-карэспандэнт Аляксандр КАВАЛЕНЯ. — Калі мы не будзем настойлівымі, не будзем навязваць свой пункт гледжання, то праз некаторы час нас запросяць у Гаагу і замест Нюрнбергскага працэсу будзе іншы.

«Будзьце праўдзівыя!»

Роля журналістаў у тым, як развіваюцца падзеі ва Украіне, стала галоўнай тэмай у панэльнай дыскусіі «Сучасны свет у эпоху новых геапалітычных рэалій», якую мадэрыравалі галоўны рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» Павел Якубовіч і галоўны рэдактар «Вечерней Москвы» Аляксандр Купрыянаў.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец правёў гістарычныя паралелі паміж нашым часам і сітуацыяй напярэдадні Другой сусветнай вайны і заклікаў журналістаў часцей нагадваць урокі апошняй, каб прадухіліць падобныя катастрофы.

«Мы чакаем размовы не толькі аб прафесійнасці СМІ, але аб іх адказнасці, — сказаў падчас свайго выступлення старшыня Савета рэдактараў СМІ Кіеўскай вобласці, рэдактар газеты «Трыбуна праці» (Украіна) Павел СМОЎЖ. — Аб'ектыўнасць журналістыкі ў збалансаваным паказе ўсіх бакоў падзеі. Журналістыка павінна быць не палітычна ангажаванай, а даносіць праўду».

Пра тое, якім чынам сродкі масавай інфармацыі фарміруюць новыя сацыякультурныя коды або разбураюць тыя, што існуюць, казаў дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін МЗС Расійскай Федэрацыі Кірыл КОКТЫШ. «Індывідуальная свабода разбурае свабоду дзяржаўную, як мы гэта ўбачылі падчас кіеўскага Майдана», — сказаў ён і заклікаў журналістаў займацца дэкадзіраваннем, зрываць вуаль з падзей, гавораць пра тое, што адбываецца насамрэч.

Гавораць удзельнікі

Cтаршыня Еўразійскага дыскусійнага клуба («Еўразійскі выбар»), член Экспертнага савета пры Урадзе Расійскай Федэрацыі Раман ШКОЛІН:

— Вельмі цікавы склад удзельнікаў з пункту гледжання геаграфіі: 20 краін дэлегавалі сюды сваіх журналістаў і медыяэкспертаў. Сёлетні форум прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, і галоўная думка, якая гучыць з вуснаў нашых экспертаў, — заклік да таго, каб гістарычныя факты не былі скажоны, а памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё, набліжаючы Перамогу, была ўшанавана. Удзельнікі форуму таксама звяртаюць увагу на важнасць аб'ектыўнай падачы інфармацыі, што вельмі актуальна падчас нестабільнай геапалітычнай эпохі, у якую мы жывём. І Расія, і Беларусь зацікаўлены ў тым, каб мір, спакой і згода былі ў нашых і суседніх з намі краінах. Негатыўная экспансія, якая доўжыцца не першае дзесяцігоддзе і набліжаецца да нашых межаў, прымушае журналісцкую суполку кансалідавацца, забыцца на асабістыя амбіцыі. Думаю, што ў сітуацыі, у якой мы знаходзімся, нельга дзеля эпатажу, рэйтынгу і прыцягнення ўвагі скажаць інфармацыю, ахвяраваць праўдай.

Вераніка КАНЮТА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,  Вераніка ПУСТАВІТ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».